I яны пайшлі. З кожным крокам перамагаючы вецер. Неўзабаве апынуліся каля жаданага пад’езда, абтрэсліся, усміхнуліся адно адному, падняліся на апошні паверх, да маленькай лесвічкі, што вяла на гару. Люк, вядома, быў зачынены на навясны замок, але бацька хутка справіўся з ім пры дапамозе шпількі, пазычанай у Танюхі. Цяпер малая павінна была прывесці на гарышча маму. Яна спусцілася на трэці паверх і пазваніла ў кватэру, у якой жыла мама. Дзверы адчыніў Сярога. Танюха папрасіла яго паклікаць сястру. Ён быў здзіўлены, чаму з’явілася раптам Танюха, але пытанняў не задаваў і паклікаў маму.
— Ты што тут робіш у такое надвор’е?! — мама таксама здзівілася, але больш спалохалася за дзяўчынку: што здарылася? — Жыва заходзь! — узяла яе за руку і зацягнула ў кватэру.
— Нам няма калі, цёць Оля, — прыглушаным голасам паведаміла ёй Танюха. — Я па вас!
— Што? — не разумела мама.
— Збірайцеся! — загадала дзяўчынка.
— Куды? — нават разгубілася мама.
— Верце мне, усё будзе добра! — не прызнавалася Танюха. — Апранайцеся!
— Добра, — паціснула плячыма мама, зняла з вешалкі паліто, усунула ногі ў зімовыя боты, галаву захутала ў пуховую хустку. Заінтрыгаваная паводзінамі дзяўчынкі, яна яшчэ больш здзівілася, калі тая павяла яе не ўніз па лесвіцы, а ўверх, да адчыненага люка на гарышча.
— Вам туды, — паказала маме рукой Танюха на люк.
— Паслухай, — задумалася мама, — калі ў цябе такія жарты, то гэта зусім не смешна, — узяла яна дзяўчынку за рукі.
— А хто тут смяецца? — прамовіла малая. — Вас там чакаюць, — яна задрала галаву ўверх.
— Хто? — машынальна запытала мама, але ўжо адказ падсвядома ведала.
— Я! — пацвердзіў бацька, дакладней, яго галава, што вызірнула з люка і тут жа знікла.
Мама чакала. Чакала яго кожны дзень. Лічыла гэтыя дні без яго. Адчувала, што ён недзе побач пасля таго, як Люся распавяла пра яго. Ды ён усё не ішоў і не ішоў да яе. Яна ўжо і адчаялася, падумала, што не дзеля яе бацька вярнуўся ў Шахцінск. Аднак не, вось ён.
І мама ўзабралася на гарышча да бацькі, які ў закутку, у зацішшы, наладзіў у яе гонар імправізаваны стол з шампанскім, шакаладнымі цукеркамі ў прыгожай каробцы і цюльпанамі, якія, вядома, ужо страцілі таварны выгляд і выклікалі да сябе шкадобу, але сам факт усяго гэтага сведчыў пра тое, што бацька не забыў яе, што кахаў.
Ён устаў на адно калена перад мамай і папрасіў прабачыць яго. Ён быў заблытаўся, але цяпер разблытаўся і дакладна ведаў, чаго хоча і каго кахае. Прапанаваў зноў свае руку і сэрца, а ў дадатак ключы ад іх уласнай кватэры, дзе будуць жыць толькі яны ўдваіх і гадаваць сына, і тых дзяцей, якія ў іх будуць.
Мама была ўражана, не стрымалася і кінулася бацьку на шыю.
Яны цалаваліся, а Танюха, зразумеўшы, што здзейснілася задуманае, завалодала цукеркамі і ўплятала іх з зайздросным апетытам, седзячы на крайку люка, звесіўшы ногі ўніз.
А неўзабаве бацька перавёз маму са мной у атрыманую кватэру. Мэбляй абсталяваць яе дапамаглі дзядзька Жэня і дзед Яўген з Дзядзькам. Апошнія мусілі, гэтаксама як і мама, дараваць бацьку і паверыць у тое, што ён ніколі больш не пакрыўдзіць іх Вольку. Зразумела, адносіны паміж імі ўжо не адрозніваліся ранейшымі цеплынёй і даверам, але і кепскімі не былі. Дзед Яўген параіў бацьку перайсці з шахты на мыльны завод, каб часцей бываць дома і бачыць, як расце яго дзіця. Бацьку ўзялі грузчыкам у транспартны цэх разгружаць і загружаць вагоны. У грашах ён амаль нічога не страціў, нават пачаў атрымліваць больш, калі, з цягам часу, яго выбралі брыгадзірам змены. Думаю, заслужана, бо працаваў бацька і ў брыгадзірах як звычайны грузчык, ад работы не філоніў і пратрымаўся на пасадзе больш за дзесяць гадоў, пакуль не звольніўся, каб з’ехаць з Казахстана назаўсёды.
На завод прыйшла і мама пасля ўсіх дэкрэтаў, нарадзіўшы следам за памерлай Крысцінай яшчэ дваіх дзяцей — сына Алеся і дачку Таццяну. Апасаючыся за маміна здароўе, дзед Яўген уладкаваў яе спачатку ў картанажны цэх збіраць каробкі, маўляў, а там будзе бачна. Праз некаторы час маму перавялі ва ўпакоўшчыцы, потым яна рабіла транспарціроўшчыцай на складзе, лавіла бандэролі, а перад звальненнем была бункероўшчыцай, а яе патрэт на Дошцы пашаны таксама з’явіўся неўзабаве побач з бацькавым.
Мы пражылі пяць гадоў у аднапакаёўцы старэйшага квартала Шахцінска па вуліцы Маскоўскай. Дом наш, такі ж цагляны, як і астатнія вакол, стаяў ззаду Цэнтральнай кнігарні, што мясцілася па вуліцы Ленінскай насупраць Палаца культуры і будынкаў гарвыканкама. Паабапал дома знаходзіліся Гарадская станцыя пералівання крыві, медсанчасць, ювелірная крама «Тапаз», горна-індустрыяльны тэхнікум.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу