Узяўшы мяне на рукі і здзьмухнуўшы попел з твару, занесла да мамы. Мы супакоіліся з ёю адначасова, калі адчулі адно аднаго.
— Што будзеш рабіць? — спыталася Люся ў мамы, калі той палягчэла і яна нават ужо хадзіла па хаце.
— Не ведаю, — паціснула плячыма мама і схілілася над калыскай, у якой спаў я, усміхнулася нечаму, упершыню без болю з таго часу, як выпісалася з радзільні.
— Калі хочаш ведаць маё меркаванне, — падышла Люся бліжэй да мамы, — заставацца тут табе няварта. — Яна заняла месца з іншага боку калыскі і цяпер стаяла насупраць мамы. — Што цябе тут чакае? Адну? З дзіцем? Без падтрымкі?
— Я думала, — адгукнулася мама, — я ўжо думала пра ад’езд, але, спадзяюся, ён не спатрэбіцца. Не паверыш: мне падабаецца ў Вёсцы! — паглядзела на Люсю з надзеяй на тое, што тая яе зразумее.
— Ты чужая гэтай Вёсцы, Оля! — заўважыла Люся. — І ніколі за сваю тутэйшыя цябе не прымуць.
— Мой сын тутэйшы, — выдыхнула мама, — хочуць яны таго альбо не. Тут яго Радзіма, — цвёрда заявіла. — А іх стаўленне да мяне не грае ніякай ролі.
— Якая Радзіма?! — незалюбіла Люся. — Адкуль гэты пафас? Наша Радзіма ўвесь Савецкі Саюз, калі ты не забыла! А тут... у гэтай Вёсцы ніякіх жа ўмоў для паўнавартаснага жыцця! Ні туалета ў доме, ні ваннага пакою, атапленне ўласнаручнае дрывамі, сырасць, гэтыя кар’еры пад бокам. Цывілізацыя, маці яе! Не думаеш пра сябе, пра дзіця падумай. Ці патрэбна яму такая Радзіма! Дый муж аб’еўся груш. Што б ён ні зрабіў, як бы дрэнна да цябе ні паставіўся, мясцовыя будуць заўсёды на яго баку!
— Нам усім зараз нялёгка, — уздыхнула мама.
— Намякаеш, што мне лёгка? — выказала здагадку Люся.
— Нічога я не намякаю, — выпакутавана ўсміхнулася мама. — Я абавязана табе і вельмі ўдзячна за клопат, за тое, што ты прыехала. Не ведаю, як бы справілася без цябе.
— Але больш мая дапамога не патрэбна, — скончыла Люся за маму, — так?
— У цябе ж сваё жыццё, і не тут, а там, — апусціла вочы ў падлогу мама. — Як я магу эксплуатаваць так доўга твой час?..
— Эксплуататарка знайшлася, — рассмяялася Люся, абняўшы маму.
— Не сярдуй, — паклала мама сваю руку на Люсіну руку, што ляжала на яе плячы. — У мяне ўсё будзе добра, — запэўніла.
Праз некалькі дзён Люся паехала дамоў.
Клопат цалкам лёг на бацьку, які нават рады быў, што так сталася.
Праз два тыдні пасля ад’езду Люсі ў Вёску прыехаў дзед Яўген разам з малодшым сынам Сярогам. Люся не змагла не расказаць дзеду Яўгену пра жыццё яго дачкі за светам, пра яе становішча там.
Дзеду Яўгену ў Вёсцы не спадабалася ўсё. Пачынаючы з паветра. Мясцовасць, на якой стаяў дом, выклікала на яго твары агіду адразу, як толькі пабачыў яе. Жыць у абкружэнні дрыгвяністых вялізазных ям, патыхаючых сырасцю, за несціхаючым шумам матораў грузавікоў, снуючых на цагельню і з цагельні, уздымаючых пыл, як сцяну, і губляючыхся ў ім, быццам у тумане, — дзед Яўген палічыў злачынствам. Які чалавек здаровага розуму паселіць у падобныя ўмовы маладую жанчыну з нованароджаным дзіцем?! Гэтага ненармальнага судзіць трэба! І куды бацька глядзеў?! Зрэшты, ужо вядома куды.
Сырасць у кватэры раззлавала дзеда Яўгена яшчэ больш. На некаторы час яго гнеў утаймаваў маленькі ўнук. Дзед узяў мяне на рукі, твар яго палагоднеў, нават усмешка з’явілася, вочы зрабіліся такія добрыя-добрыя. І я яму ўсміхнуўся.
— Бач ты, усміхаецца, — напаўголаса вымавіў дзед Яўген, быццам зачараваны, пазіраючы на мяне. — А во глядзі, Сярога, глядзі, — гукнуў сына, — падміргвае, падміргвае!..
— Прызнаў свайго, — заўважыла мама, якая не чакала, вядома, гасцей, тым больш такіх, але ёй было вельмі прыемна і радасці яна не прыхоўвала ад неспадзяванкі.
— Канечне, прызнаў! — ганарыста заявіў дзед Яўген. — Хоць і бульбаш, аднак наш!
— Можна мне? — папрасіў Сярога (на той час сямнаццацігадовы хударлявы юнак) узяць на рукі пляменніка.
Дзед Яўген перадаў мяне Сярогу, і зноў твар яго спахмурнеў.
— Карацей, — строга звярнуўся да мамы, — я цябе тут адну не пакіну, а таму на першым жа заўтрашнім ранішнім рэйсе з’язджаем адгэтуль усе разам.
Мама не адважылася яму пярэчыць. Яна была ў захапленні ад яго, ад таго, што ён прыехаў па яе.
Бацька ж не адважыўся паказацца дзеду на вочы. Дзед Яўген, у сваю чаргу, ніводнага разу не ўспомніў пра яго.
Звечара сабраўшы неабходныя рэчы і ўпакаваўшы іх у чамаданы і сумкі, раніцай не затрымаліся ў Вёсцы ні на хвіліну.
Бацька злаваў на маму, на дзеда Яўгена, на Люсю, дзякуючы якой прыехаў дзед Яўген і забраў яго жонку і сына. Якое дзед Яўген меў права абысціся з бацькам падобным чынам, то бок, пакінуць на адзіноце, сам-насам з уласнымі думкамі ў апусцелай кватэры?! А тут яшчэ па радыё нейкая спявачка ірвала душу напалам словамі: «Опустела без тебя земля»! I што прыдумаў бацька, каб пазбавіцца ад болю страты, прычым неўсвядомленага болю, уяўнага, — заліцца гарэлкай да самазабыцця!
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу