Звольніўся бацька без асаблівых перашкод, калі не ўлічваць падпісанне абхаднога ліста: давялося пахадзіць па розных кабінетах. У ваенкамаце параілі першапачаткова прыпісацца да мясцовага ваенкамата, каб не ўзнікла непатрэбных нікому праблем, а пасля ўжо ўладкоўваць астатнія справы. Маму таксама звольнілі без затрымак, нават выплацілі разлік праз два дні, зразумела, у бацькавы рукі. Дзед Яўген не ўхваліў рашэнне дачкі, але насуперак ёй не пайшоў, дый позна нешта было мяняць. Адзінае, што ён мог, — дакорліва пазіраць на бацьку і не прапанаваць па пяцьдзясят. Бацька, зрэшты, і не набіваўся, прыходзіў дамоў падвечар, зранку сыходзіў. Адчуваў сябе няўтульна ў кватэры цесця. Ад інтэрната ж давялося адмовіцца, калі падпісваў абхадны ліст. Добра, што Танюха сумаваць не давала. Падтрымлівала бацьку і праводзіла разам з ім увесь яго вольны час. Часцей за ўсё яны гулялі па парку, ласуючыся марожаным. Дзяўчынка дзеля бацькі наладжвала сапраўдныя спектаклі. Узбіралася з нагамі на лаўку, на якую раптам сядалі, праходзячы міма, і нечакана ператваралася, напрыклад, у Пугачову. Узлахмачвала валасы, агрэсіўна ўпірала рукі ў бакі, выпінала наперад грудзі, якіх яшчэ не было, і пачынала гарлапаніць пра тое, што яна Арлекіна...
У моманты пераўвасабленняў вакол Танюхі і бацькі збіраліся людзі, з задавальненнем і захапленнем назіралі за відовішчам, якое наладжвала маленькая артыстка. Гучна апладзіравалі пасля кожнага яе ўвасаблення: Пугачова, Ратару, Піяф... Яны не ведалі і не маглі ведаць, што ўсё гэта дзяўчынка рабіла не дзеля сябе і, тым больш, не дзеля іх. Такім чынам Танюха развітвалася з бацькам, прызнаючыся яму ў каханні, сваім дзіцячым каханні, пра якое і без таго ведалі абое, упэўненая, што ніколі ўжо не пабачыцца з ім. Яна весяліла бацьку і астатніх, да якіх ёй не было ніякай справы, весяліла, каб самой не расплакацца.
Адна справа — гасцяваць, зусім іншая — жыць. Калі ты знаходзішся ў некага ў гасцях, да цябе і адносяцца як да госця. Змена статусу з госця на жыхара маланкава пераварочвае стаўленне да цябе. Прычым, часцей за ўсё, не ў тваю карысць. Бабу Марусю як падмянілі ў дачыненні да мамы, калі тая згубіла прывілею недатыкальнасці, якой валодала ў асобе госці (бацька ўладкаваўся на цагельню абпальшчыкам на печ, і жылі яны ўсе разам). Раздражнёнасць, крыклівасць, незадаволенасць, прыдзірлівасць па дробязях бабы Марусі не ведалі межаў. Цяжарнасць маміна ў разлік увогуле не бралася. Яна не працавала, значыць, з’яўлялася ўтрыманкай. Аднак жа, па яе словах, мама цэлымі днямі ляжала на печы ды кніжкі чытала, як пані, у той час калі астатнія гнулі спіны на цагельні, а прыходзілі дамоў і вымушаны былі яшчэ ўходжвацца па хаце. Зразумела, што свякроў нагаворвала на маму, якая ніколі не баялася працы, тым больш сельскагаспадарчай, і рабіла ўсё як мае быць. Цяжарная, яна адна чысціла катухі свінням, якія ўжо абраслі каростай ад бруду, дзясяткамі балеяў выносіла гной на папар, узбіралася па нетрывалых прыступках на гарышча па салому, скідала яе віламі ўніз і сцяліла ў свінячым катуху, быццам новы дыван. Варыла тым свінням ежу з дробнай бульбы, лупін і сечкі ў дваццацілітровых чыгунах, дабаўляючы камбікорм. Варыла розныя стравы і хатнім: баршчы, камякі, украінскі плоў, галушкі, смажыла верашчаку, бульбу, аладкі. Мыла бялізну ў ночвах, падлогу, падмятала двор. І ўсё дагадзіць не магла. Стамляючыся, лажылася на печ з кніжкай, да таго ж мерзла, як пачало халадаць, дык грэлася. Клімат мясцовы вельмі адрозніваўся ад таго, што панаваў у Шахцінску. Там — сухі, тут з павышанай вільготнасцю, а таму цяжка пераносіўся, дый цяжарнасць яшчэ.
Бацьку не падабалася, як баба Маруся адносілася да мамы, і шукаў выйсця. Звяртаўся да заводскага начальства і да вышэйстаячага, каб дапамаглі з асобным жыллём. Па восені маладой сям’і ўручылі ключы ад кватэры ў двухпавярховым так званым белым доме, пабудаваным яшчэ пры паляках разам з цагельняй, на першым паверсе (нехта, мабыць, вызваліў жылплошчу). Будынак, дарэчы з высокай столлю і шырокімі вокнамі, знаходзіўся непадалёк ад завода і стаяў проста над кар’ерамі, з якіх здабывалі гліну, а за ім узвышаўся сасновы лес. Месца, з аднаго боку, казачнае, з другога — небяспечнае і, між іншым, найсырэйшае. Мама ў гэтым доме заўсёды зябла і ўздрыгвала плечукамі ад холаду. Затое ніхто не «капаў» на мазгі і не тузаў па сто разоў, каб прынесла тое, зрабіла гэтае, перарабіла ці перамыла нешта наноў.
Крыху воддаль, амаль каля прахадной на цагельню, складзены з белай цэглы, красаваўся клуб, у памяшканні якога працавала сельская бібліятэка. Насупраць клуба стаяў прадуктовы ларок, у якім увогуле і ніколі не гандлявалі спіртным. Часцей за ўсё мама наведвала менавіта гэтыя ўстановы. У бібліятэцы магла прабавіць не адну гадзіну.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу