Здзівіла яе і Вёска. Усе хаты дагледжаныя, яркія, з разьбяной ліштвой. Платы таксама пафарбаваныя, дзе-нідзе з выкшталцона выразаным проста на штыкецінах нацыянальным арнаментам. У Шахцінску, калі параўноўваць, на той час прыватныя сектары — вартыя жалю. Шэрыя, нязграбныя, непрыгожыя, у якіх, відаць, і жыццё вялося такое ж шэрае і бляклае.
Асаблівае захапленне выклікаў сад дзеда Івана і бабы Марусі. Не пытаючы ні ў каго дазволу (дый не было ў каго, бо бацькавы бацькі яшчэ не вярнуліся з працы: абодва рупіліся на цагельні), мама забегла ў сад, быццам у рай, нават разулася, каб нагамі адчуць пяшчотныя дотыкі шыкоўнага травянога дывана.
Яна знайшла свой куточак раю на зямлі і захацела ў ім застацца назаўсёды. Неасэнсавана, навобмацак, але мама з першых хвілін свайго знаходжання ў Вёсцы вырашыла, што сына (яна была ўпэўнена, што ў яе будзе сын) народзіць толькі на гэтай зямлі, райскай зямлі зеляніны і красак.
Двор, у якім стаяла хата дзеда Івана і бабы Марусі, быў досыць вялікім. Паабапал яго, з аднаго боку рос сад, за якім, між іншым, хавалася хата, з другога — размяшчаўся гарод, на якім раслі суніцы, бульба, памідоры, гуркі, буракі, цыбуля, капуста, гарбузы, фасоля, гарох, радыска, пятрушка, морква і нават сланечнік з кукурузай. І сад, і гарод, зразумела, агароджваў плот. Наўпрост ад самых веснічак у глыб двара, да хаты і спускалася далей, мінаючы хлеўчукі, дрывотню, майстэрню дзеда Івана і летні дамок, адмыслова залітая бетонам сцяжына.
А вось і хата з пеўнікам на вільчаку, пафарбаваная знізу і зверху ў зялёны колер, пасярэдзіне ў жоўты, вокны ў белы. Зусім невялічкі ганак, нават не ганак, а прыступка з жалезнай рашоткай побач, каб ногі выціраць ад бруду. Такія ж мініяцюрныя сені ці, хутчэй, веранда з нізкай столлю і вокнамі па два бакі за ільнянымі фіранкамі-вышыванкамі. Вялікая кухня з печкай-ляжанкай, абкладзенай глянцавай на выгляд пліткай, два пакоі наўпрост. У першым — два ложкі, адзін драўляны, другі з жалезнай сеткай, пастаўленыя ўздоўж і ўпоперак. Побач з імі грубка. Каля акна — тэлевізар пад абрусам на тумбачцы, стол, крэсла, камода. У другім — два ложкі ўздоўж сцяны без вокнаў, адна шафа пасярэдзіне, другая каля дзвярэй у пакой, канапа пад вокнамі, трумо, круглы стол, радыёкропка над трумо. І падлога, і сцены — пафарбаваныя ў карычневы колер, праўда, на сценах шмат сямейных фотаздымкаў і партрэтаў, сярод якіх мама пазнала малога бацьку ў насунутым на вочы каптуры, маладых дзеда Івана і бабу Марусю, відаць, знятых адразу пасля вяселля, прыгожых, прыбраных ва ўрачыстыя ўборы, прынамсі, баба Маруся так выглядала.
Яны селі на канапу, паставіўшы чамаданы каля ног, быццам не збіраліся заседжвацца, а па першым жа патрабаванні зноў рушаць у дарогу. Мама адкінулася ўсё ж да спінкі канапы, насалоджваючыся адпачынкам. Сказвалася стомленасць падарожжам, да таго ж набліжаўся вечар. Бацька выглядаў бадзёрым, але за бадзёрасцю, верагодна, прыхоўваў хваляванне ад сустрэчы з роднай хатай, дзе нічога не змянілася за гады ягонай адсутнасці, нібыта ён і не з’язджаў адгэтуль нікуды, і з бацькамі, якія павінны былі неўзабаве з’явіцца. Што за сустрэча чакала іх? Як яны паставяцца да гасцей? Зразумела, што бацька папярэджваў аб сваім і маміным прыездзе, не ўдакладніўшы, аднак, канкрэтнай даты. Паведаміў, што прыблізна недзе летам, бо сам не ведаў, ці атрымаецца. Шчыра кажучы, ён не хацеў везці маму ў Вёску. Яго паланіла думка пра мора, і маме, па яго разуменні, лепш было б пагадзіцца на Крым. Ён разлічваў на тое, што яна перадумае ехаць у Вёску, што ляпнула пра яе не падумаўшы. Ды мама цалкам сур’ёзна паставілася да свайго жадання. Крым яе не цікавіў. Як ні адгаворваў, ні ўгаворваў бацька падумаць маму яшчэ раз, узважыць усе за і супраць, тая заставалася непахіснай. Прыйшлося яму падпарадкавацца, хаця нічога добрага ад паездкі дадому не чакаў. Ён інтуітыўна прадчуваў, што не трэба ім туды ехаць, а растлумачыць, чаму, не мог. Ну што можна пабачыць выбітнага ў вёсцы, дзівіўся з мамы бацька, не разумеючы, чаму яе так цягне туды?!.
Крыху адпачыўшы, яны выйшлі на двор. Бацька закурыў у цяньку пад яблыняй. Мама, абхапіўшы сябе аберуч за плечы, глядзела на будынак школы, які ўзвышаўся насупраць двара праз дарогу, у цэнтры галінастых клёнаў, асін ды блакітных елак, за драўляным плотам. Двухпавярховая пабудова нагадвала памешчыцкую сядзібу, ва ўсялякім разе мама менавіта такой уяўляла яе сабе, калі чытала раманы Тургенева, з калонамі па баках, з флігелямі, чарапічным дахам чырвонага колеру і клумбамі з экзатычнымі кветкамі ўздоўж асфальтаванай сцежкі, што вяла да груваздкага на першы погляд ганка, праз які дзеці траплялі да дзвярэй ведаў. Мама нават на хвіліну пазайздросціла вучням гэтай школы, бо прыгожае звонку заахвочвала верыць у тое, што і ўнутры не горш. Тая школа, у якой вучылася мама, нічым асаблівым не вылучалася сярод іншых школ Шахцінска. Усе яны былі аднолькавымі несамавітымі прысадзістымі каменнымі баракамі. Адзінае, што шматгалосымі, бо дзяцей у горадзе было вельмі шмат і вучыліся яны ажно ў тры змены. А яшчэ ж у кожнай школе мелася і вячэрняя, для дарослых, якія не паспелі атрымаць сярэднюю адукацыю па незалежных ад іх прычынах.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу