Бацька з мамай аднеслі на руках стомленую Танюху дамоў, паклалі спаць, а самі накіраваліся ў бок бацькавага інтэрната. Ім так прыемна было ісці адным па бязлюдных вуліцах горада, які яшчэ спаў.
На Ленінградскую бацька з мамай вярнуліся ў другой палове дня: прыехалі на таксі, крыху адпачнуўшы. Такое адчуванне ў іх склалася, калі выйшлі з машыны, што нібыта і не сыходзілі нікуды. Працягвала гучаць Дзядзькава музыка, пад якую выгіналіся ўсюдыісныя падлеткі, а ў палісадніку не спынялася застолле, праўда, задрапіраванае адмыслова ўзведзеным ад сонца тэнтам. Заўважыўшы сына з нявесткай, дзед Іван памкнуўся да іх з такім імпэтам, быццам не бачыў сто гадоў, аднак пераняць не паспеў, у прыватнасці, маму. Тая борзда схавалася ў пад’ездзе, маючы намер забегчы ў кватэру і пераапрануцца. Бацька застаўся чакаць яе на вуліцы і закурыў, калі да яго дапяў дзед Іван. Дзядзька, каля якога круцілася цікаўная дзятва, падміргнуў новаму сваяку, не адыходзячы ад апаратуры.
Бацька з дзедам Іванам парукаліся. Бацька спытаў, ці ўсё нармальна. Дзед Іван падняў уверх вялікі палец, ухваляючы і вяселле, і нявесту. З дзедам Яўгенам ён перамовіўся толькі некалькімі словамі. Дзед Іван з дзедам Яўгенам ніколі не пагавораць як сваты, не пабудуць сам-насам, адчуваючы нейкую невытлумачальную віну ці што адзін перад адным, хаця абодва мала што ведалі адзін пра другога. Дзед Іван зразумеў, што Яўгену ён не роўня — Герой, і ведаў сваё месца. Ён саромеўся свайго жыцця, не было прычын, і ўсё ж мінулая вайна, і месца ў ёй кожнага з іх, замінала. З усіх гасцей сталага веку толькі дзед Іван не нюхаў пораху, а, сталася так, нібы адседжваўся ў лагеры. Ён, між іншым, тройчы прасіўся на фронт у штрафбат, куды заўгодна і кім заўгодна, але з-за нямецкага прозвішча яго туды не бралі. Калі скончылася вайна, ён стаў жыць вольнапасяленцам непадалёк ад лагера, уладкаваўся вольнанаёмным на лесапавал.
Франтавікоў сапраўдных было бачна за вярсту. Вайна быццам своеасаблівым таўром памеціла іх твары і позіркі, аднак не яны выдзяляліся за гэтым сталом у палісадніку, а выдзяляўся дзед Іван: не з іх асяроддзя. Мамін бацька адчуваў трагедыю дзеда Івана, але разбірацца ў ёй не меў ніякага жадання. У кожнага з іх была свая праўда, і гэтая праўда мела права на існаванне. Іншая справа, ці прымаеш ты тую праўду. Больш за ўсё дзед Яўген баяўся, што п’яны дзед Іван пачне патрабаваць справядлівасці, што цяпер будзе не да месца і не да часу. І быў удзячны дзеду Івану за тое, што нічога такога не адбылося. Ён паціснуў яму руку і сказаў «дзякуй». Для іх абодвух гэтага было дастаткова, каб хоць як паразумецца.
Дзеда Івана ніколі раней асабліва не кранала тэма вайны і свайго месца ў ёй, але адчуваў ён сябе лішнім чалавекам побач з франтавікамі, і не толькі тут. Хаця, дарэчы, яго лепшы сябар і сусед Рахвал таксама ваяваў, як і многія іншыя, з кім ён працаваў на цагельным заводзе ў Вёсцы, і ніхто з іх ні разу не ўпікнуў лагерным мінулым. У кожнага была свая вайна, і яшчэ невядома, каму давялося перанесці больш цяжкасцей: тым, хто быў на фронце, ці тым, хто быў у лагерах... Не нам судзіць нашых дзядоў, якіх, да таго ж, даўно няма, бо мы не трымалі з імі фронт і не мы бязвінныя паміралі разам з імі ў ГУЛАГах.
Мама ціхенька шмыганула з уваходных дзвярэй кватэры ў свой пакой, бухнулася на ложак спінай, распасцёрла рукі, як крылы, утаропіўшы позірк у столь, і ўсміхнулася так, быццам ёй у адказ усміхнуўся Бог са столі. Яна была замужам. Фразу «Я — замужам» мама спачатку прашаптала, нібыта не верыла ў тое, пра што прашаптала. Потым асцярожна і запаволена, як бы смакуючы кожны сказ, вымавіла напаўголаса.
Ложак, дарэчы, стаяў каля акна ўздоўж правай сценкі, за ім узвышалася бялізнавая шафа на ножках-конусах, якая нібы падпірала вугал сцяны з аркай пасярэдзіне, і, здавалася, што ёй цесна ў тым прамежку паміж ложкам і сцяной, куды яе ўсунулі. Насупраць, каля процілеглай сценкі, размяшчаліся пісьмовы стол ля акна, кніжная паліца над сталом, крэсла і фатэль паміж ложкам і сталом, кніжная шафа, што цягнулася ад увахода ў пакой да пісьмовага стала. На стале пад шклом цешылі позірк паштоўкі з адлюстраваннем кошачак і кацянят, якіх мама вельмі любіла і адчувала да іх незямное замілаванне, некалькі выдраных з часопіса «Крестьянка» партрэтаў Андрэя Міронава і пару фотаздымкаў самой мамы ў дзяцінстве. На адным яна рабіла выгляд, што ўмее граць на гітары старэйшага брата, пры гэтым какетліва ўсміхалася ў камеру, маючы за плячыма ўсяго восем ці дзевяць гадоў. Другое фота падзяляла з Люсяй. Нехта іх сфатаграфаваў у школе. Яны абедзве сядзелі за партай, у белых кофтах, з павязанымі на шыях чырвонымі піянерскімі гальштукамі, з бантамі ў валасах, і шчасліва ўсміхаліся...
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу