Ён узыходзіў па лесвічных прыступках на трэці паверх да кватэры, у якой жыла мама, быццам на Галгофу, прадчуваючы, што пагоняць яго адтуль паганаю мятлой праз першыя некалькі хвілін знаходжання там.
Мама адчыніла дзверы, абабітыя чорнай скурай, сваім ключом, падштурхнула бацьку, каб той увайшоў, потым заскочыла сама і зачыніла дзверы, уключыла святло ў цёмнай вітальні, даволі доўгай і вузкаватай, магчыма, з-за вялізнага шыфаньера, які займаў шмат месца ўздоўж усёй сцяны справа.
Далей, і ўвесь час з ухілам улева, размяшчаліся прамакутнікі ўваходаў у пакой Дзядзькі з Сярогам і ў пакой бабы Дусі і дзеда Яўгена, схаваныя такімі ж фіранкамі, як і арка мамінага пакоя. Пакоі падзяляла сцяна, уздоўж якой стаяў вялікі драўляны лакіраваны рассоўны стол пад аксамітна-махрыстым настольнікам і шкляной мудрагелістай на першы погляд вазай са штучнымі кветкамі ў ёй. Над сталом вісела даволі вялікая карціна, якая адлюстроўвала подзвіг маёра Кунікава і дэсантнікаў на Малой зямлі. Баба Дуся, у такім жа фатэлі, у якім сядзеў дзед Яўген, лушчыла арэхі.
— Мам, пап, — з ветлівай усмешкай звярнулася да бацькоў мама, наблізіўшыся з бацькам да стала і не адпускаючы яго рукі, якая неверагодна ўспацела. Бацька саромеўся яе больш, чым самога сябе колькі хвілін таму перад пад’ездам. А яшчэ баяўся глядзець дзеду Яўгену ў вочы, адчуваючы да яго глыбокую пашану, асабліва калі пазнаў яго ў адным з персанажаў карціны над сталом. Ды што карціна! Партрэты дзеда Яўгена віселі на пачэсным месцы ва ўсіх значных прадпрыемствах горада і на Дошцы гонару ў цэнтры гарадской плошчы. Нават у белай майцы з плямамі на грудзях ад трапіўшага на іх тлушчу і сініх трэніках не першай маладосці, у якія быў апрануты, дзед Яўген усё адно выглядаў аўтарытэтна і велічна.
Ён расплюшчыў адно вока, быццам дзеля таго, каб паглядзець, ці варта расплюшчваць другое. Пазнаўшы дачку, тут жа заўсміхаўся. Баба Дуся таксама зацікаўлена ўтаропілася на маму, пераводзячы позірк з яе на бацьку і наадварот. Выглядала яна тоўстай і непаваротлівай, але вочы выпраменьвалі непадробную дабрыню.
— Мам, пап, — паўтарыла мама, — гэта Міша, — назвала ім бацькава імя і дадала: — Ён мой будучы супруг. Вяселле праз два тыдні.
Усмешлівыя вочы дзеда Яўгена, як кажуць, канулі ў лету ад пачутых слоў.
Бацька прыгатаваўся да громападобнага выбуху з боку дзеда Яўгена і патрабавання неадкладна пакінуць гэты дом і назаўжды забыць да яго дарогу.
Дзед Яўген — хударлявы, касцісты, з адной худзейшай рукой за другую, з выразным малюнкам вен на абедзвюх руках — падняўся з крэсла, задумліва пачухаў стрыжаную патыліцу, затым вялікую ў пражылках чырвоную бульбіну носа, слізгануў позіркам па бацьку і запытаў у мамы зусім не голасна, а лагодна і нават з роспаччу:
— А дзе ж вы раней былі, пашавэлкі?
Бацька з палёгкай выдыхнуў. Па адной гэтай фразе ён адразу зразумеў, што дзед Яўген міравы чалавек, і яны абавязкова пасябруюць.
— Трэба ж неяк гатавацца, — працягваў дзед Яўген, — а часу няма, — свідраваў ён позіркам то маму, то бацьку. — Чым думалі, га?
— Мы баяліся, пап, — ледзь чутна, аднымі вуснамі вымавіла мама, усё яшчэ трымаючы бацькаву руку, нават сціскаючы яе сваімі пальчыкамі, такімі ж успацелымі, як і бацькавы. Напружанне нерваў распалілася, мабыць, больш за дзвесце дваццаць. — Я баялася, — тут жа выправілася, абараняючы бацькаву нерашучасць.
— Чуеш, Дуся, — азірнуўся дзед Яўген да бабы Дусі, якая лавіла кожнае слова прысутных і была на баку дачкі, але не ведала, як павядзе сябе муж, таму з насцярогай паглядзела на яго. — Чаго было баяцца? — незразумела да каго звярнуўся дзед Яўген, бо пазіраў у той момант ужо на маму. — Мы ж не ворагі якія, так? — працягнуў руку бацьку і назваўся: — Яўген Пятровіч.
Бацькава правая рука, хоць і заставалася вольнай, але таксама ўспацела. Абцерці яе аб калашыну ці аб спіну ён не асмеліўся і, кусаючы ад прыкрасці вусны, працягнуў насустрач дзедавай, сказаўшы:
— Міхаіл. Вельмі прыемна.
Поціск атрымаўся моцны. Дужасці ў сухім дзедавым целе яшчэ хапала.
— А чаму рука мокрая? — нетактоўна раптам запытаў дзед Яўген і, не чакаючы адказу ад у імгненне пачырванелага бацькі, сам і адказаў: — Хвалюешся?
Бацька кіўнуў.
— То добра, — усміхнуўся дзед Яўген. — Харошая рука, — ухваліў, адпускаючы бацькаву руку, — адразу бачна па ёй, што не беларучка, якіх я на дух не пераношу. Ну, што, — пляснуў тады ў ладкі, — па пяцьдзясят? — падміргнуў бацьку. — А там разбяромся, што далей рабіць?
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу