— Ты пра ЗАГС? — пэўна, здагадалася мама, чаго хацеў бацька, ды не змог сфармуляваць з-за апанаваўшых яго эмоцый.
— Во-во! — адразу ж згодна заківаў бацька галавой.
— Ты добра падумаў? — рэзала па жывым мама.
Бацька моўчкі пацвердзіў кіўком.
— Гэта назаўжды, памятаеш? — працягвала яна правакаваць. — Жыць давядзецца разам, уяўляеш? Спаць заўсёды разам.
— Спаць — гэта добра, — азваўся бацька, — асабліва разам, — хутка дадаў.
— Дык ты толькі каб спаць разам! — здзекавалася з бацькі мама, помсцячы, мабыць, за адсутнасць рамантыкі.
— Не! — тут жа горача запярэчыў бацька. — Ты што!
— Значыць, не хочаш са мной спаць разам? — мама адчувала, што яе заносіць некуды не туды, але спыніцца не магла, нягледзячы на тое, што бацька мог проста развярнуцца і сысці, а можа, і разлічвала на гэта, правярала.
— Хачу! — цяпер бацька збляднеў, як прасціна. — Хачу! — паўтарыў ён. — Ды не толькі спаць разам, як ты не разумееш! Усё хачу рабіць з табой разам! Хачу, каб ты заўсёды была побач са мной, а я побач з табой.
— Пашпарт з сабой? — запытала тады мама, строга, як яе настаўніца па матэматыцы, насупіўшы бровы.
— Навошта? — не зразумеў бацька.
— Пашпарт, кажу, з сабой? — паўтарыла мама з чэкісцкімі ноткамі ў голасе.
— А твой з сабой? — у яе ж манеры спытаў бацька.
— Мой заўсёды са мной, — адказала мама. — Твой дзе?
— У надзейным месцы, — не прызнаўся бацька.
— У ЗАГС трэба з пашпартам ісці. Ці ты перадумаў ужо?
— А, ты ў гэтым сэнсе, — павесялеў бацька. — І калі пойдзем?
— Сёння, — без затрымкі прамовіла мама.
— Сёння? — на секунду бацька задумаўся, але вырашыў, што, чым хутчэй яны пажэняцца, тым лепш, да таго ж у яго выхадны, ён спакойна вернецца ў інтэрнат па пашпарт, пасля вернецца ў бальніцу па маму, і падчас абедзеннага перапынку яны пададуць заявы на шлюб.
— Сёння! — яшчэ раз паўтарыла мама з выклікам.
— Прымаецца! — выгукнуў бацька.
— Ты лепшы, — пацалавала яго мама і пабегла працаваць.
Бацька закурыў, шумна выдыхаючы дым.
А пасля мама не ведала, як паведаміць бацькам пра сваё вяселле, якое павінна неўзабаве адбыцца. Да таго ж, трэба было неяк пазнаёміць іх і з жаніхом. Страх перад гераічным будучым цесцем адчуваў і бацька, здагадваўся, што выбар дачкі той наўрад ці ўхваліць, таму цягнуў знаёмства з ім да апошняга, магчыма, што і дарэмна. Нічога кепскага пра яго мама бацьку не расказвала, гэдак жа, як і пра братоў і сястру, рыхтавала, як магла. Бацька сам сабе навыдумляў, што не спадабаецца мамінай сям’і, сам сябе і накруціў, аб чым і заявіў неяк маме.
— Ды з чаго ты вырашыў, — спачатку засумнявалася яна ў яго высновах, — што цябе абавязкова мае зацкуюць і загоняць у кут, быццам ваўка-адзіночку? Усё ж яны людзі, а не звяры якія.
— Вось іменна, людзі, — злавіў на слове яе бацька. — Хто я? А хто ты? Задумвалася? Хто твой бацька?
І мама тады завагалася, хоць і не хацела верыць у магчымасць бацькавай праваты. Аднак цягнуць далей не было куды. Дата вяселля няўхільна набліжалася. Яе сям’я павінна была ведаць пра гэта, павінна была пазнаёміцца з бацькам і прыняць яго, бо жыць з ім мусіла яна, а не яны, што б далей ні адбылося і што б ні казалі пра іх увогуле. Мама хацела прыгожага вяселля, з белай сукенкай і вэлюмам, з багатым сталом і гасцямі, а не звычайны роспіс і бытавую вячэру пры свечках на дваіх у бацькавым інтэрнатаўскім пакоі. Цалкам зразумелае жаданне кожнай дзяўчыны, якая сабралася замуж.
І за два тыдні да вяселля, калі бацька ў чарговы раз праводзіў маму дамоў, цёплым летнім вечарам, яна сказала яму, што хопіць бегаць ад адказнасці і хавацца ад саміх сябе. Не з’ядуць жа яго, у рэшце рэшт, яе хатнія! Бацька вымушаны быў пагадзіцца. Ён і сам адчуваў недарэчнасць свайго страху, улічваючы той факт, што ніколі і нічога не баяўся, заўсёды быў гатовы даць у лыч любому крыўдзіцелю. Тут, аднак, іншая сітуацыя. Яго палохаў гераічны мамін бацька, якога ведаў увесь горад, але не як чалавек, а як сімвал эпохі, якому паўсюль пашана і гонар, у той час калі бацькаў бацька, ну так атрымалася, сорам той эпохі ці што. Ён ненавідзеў свайго бацьку за лагернае мінулае, разумеючы, аднак, што той ніяк не вінаваты ў няўдалым лёсе, ды ніхто не будзе паглыбляцца ў дэталі. Лагернік ёсць лагернік. Ён сын лагерніка, ворага народа. Няхай змяніліся часы, кляймо засталося на ўсім будучым пакаленні. Маме бацька не распавядаў, звычайна, пра гэта, але камплексаваў дужа, асабліва яго непакоіла рэакцыя яе сям’і, яе бацькі, калі той даведаецца пра паходжанне зяцька.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу