1 ...6 7 8 10 11 12 ...30 Сярогу выразалі палову страўніка, калі яму не споўнілася яшчэ і трыццаці гадоў. Быў выхадны, але Сярога ў той дзень працаваў (інжынерам на ТЭЦ). Яму зрабілася блага, скруціла так, што не мог разагнуцца, але пайшоў пасля работы (адпрацаваўшы змену) не ў бальніцу і не дадому да маладой жонкі (усяго некалькі месяцаў як ажаніўся на той час), а да маці, да сваіх маці і бацькі. Не разгінаючыся, узяў мяцёлку і пачаў вымятаць смецце з кватэры. Мёў і плакаў, бо боль адчуваў у жываце невыносны. Дзед Яўген выклікаў «хуткую» і патэлефанаваў Ніне — Сярогавай жонцы, якая працавала неўрапатолагам у паліклініцы, што размяшчалася ў доме на Паркавай, тым доме, у якім мы будзем жыць свае апошнія гады ў Казахстане. Патэлефанаваў, каб яна ведала пра мужаў стан, бо Сярога ні ў якую не хацеў паведамляць ёй пра сваю хваробу. Ды толькі дзякуючы ёй, яе сувязям, яго ўдалося ўратаваць. Язва зжэрла амаль усё. Калі б Сярога трапіў у бальніцу крыху пазней, калі б яго жонка не мела настойлівы патрабавальны характар, не выжыў бы. Пасля аперацыі ён вельмі доўга праходзіў курс рэабілітацыі, есці амаль нічога не мог, дый нельга было. Ніна выхадзіла яго, я лічу, перш за ўсё каханнем. Яны насамрэч вельмі кахалі адно аднаго і былі неверагодна прыгожай парай і так падыходзілі адно аднаму!
Дарэчы, менавіта дзякуючы Сярогу, які падорыць мне ў адзін з дзён нараджэнняў «Следапыта» Фенімора Купера і «Дзяцей капітана Гранта» Жуля Верна, я пачну збіраць сваю ўласную бібліятэку. Кніжныя сценкі пачэсна займалі свае месцы ў кожным пакоі вялікай кватэры. Сваякі, акрамя «Правды» і «Известий» выпісвалі «Новый мир», «Наш современник», «Молодую гвардию», «Дружбу народов», «Юность», «Уральский следопыт», «Крокодил», «Литературную газету», падпісныя кніжныя выданні.
З-за любові да кніг, да слова, хутчэй за ўсё, цётка Галя паступіла ў педінстытут і адпрацавала ў школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры сорак гадоў, прывіваючы вучням, як манту, сваё захапленне непаўторным светам літаратуры. Яна з’явілася ў сям’і нечаканым дарослым шаснаццацігадовым чалавекам. Дзед Яўген прывёз яе аднойчы з Украіны, куды ездзіў то адзін, то з усімі разам па справах ці ў адпачынак штогод. Сказаў, што Галя яго дачка, а значыць, сястра ягоным дзецям. Яна была самаю старэйшаю. Нарадзілася ў жанчыны, якую дзед Яўген ведаў з вайны, але не кахаў і ніколі не ўтойваў ад яе, што не кахаў. Памыліўся, бывае. Яна памерла, пагэтаму дзед Яўген забраў дачку да сябе. З дзядзькам Сашам у цёткі Галі была розніца ва ўзросце ўсяго паўтара года. Яе прынялі як родную, ды яна і была родная, нават дзедава жонка палюбіла дзяўчыну, нібы сваю. Цётка Галя таксама ўзрадавалася, што не адна на свеце. Зразумела, што не адразу прывыкла да новай сям’і, але даволі хутка адаптавалася. Мама мая цягнулася да яе, Сярога не адыходзіўся, дый старэйшыя хлопцы не крыўдзілі самі і іншым не дазвалялі крыўдзіць сястру. Надоўга ўсё ж цётка Галя не затрымалася. Скончыла школу, затым вучылася на настаўніцу, а потым выйшла замуж і пасялілася з мужам (шахцёрам-забойшчыкам дзядзькам Пятром) у іншым горадзе — Абаі. Адтуль яе прывозіў муж на сваёй машыне ў Шахцінск святкаваць дні нараджэння, майскія і кастрычніцкія святы. Дзядзька празваў сям’ю цёткі Галі Абайскай і, калі тыя прыязджалі, папярэдне паведаміўшы аб гэтым па тэлефоне, абвяшчаў дзеду з бабай, што Абайскія едуць.
Пасля школы мама не паступіла ў інстытут, трапіла ў бальніцу. Санітаркай. Яе не мелі права ўзвысіць да медсястры, але абавязкі медсястры яна выконвала. Усе хворыя і дактары любілі маму. Яна мыла падлогу ў калідорах і палатах, вокны і плінтусы, выносіла з-пад ляжачых судны, рабіла ўколы і перавязкі, мерала тэмпературу і разносіла лекі і абеды. Яе нават клікалі ў асістэнткі на нескладаныя аперацыі і даручалі зашываць прааперыраваныя раны. Яе дабрыня, яе сэрца лекавалі больш, чым, уласна, лекі, асабліва голас, якім прамаўляла вершы на памяць ці па кніжцы, супакойваючы цяжкіх хворых. Яна не змяніла сваіх адносін да паэзіі і ніколі не зменіць за ўсё жыццё, але разумела, што імі можна здымаць боль і супакойваць душы.
Да кахання ставілася нейтральна. Адмыслова нікога не шукала і не чакала прынца. Кніжныя інтэлігентныя маладыя людзі яе не цікавілі, яна іх і не заўважала, адносілася, канечне ж, з цяплом, як і да ўсіх астатніх, але не болей. Настаўнік, які разбіў ёй сэрца, міжвольна пераканаў яе, што падобныя да яго абыдуцца з ёю гэтаксама. Нагавораць торбу прыгожых слоў і змыюцца, не папярэдзіўшы. Наконт іх яна не сумнявалася: балбатуны і няздары. Ёй патрэбен быў іншы. Просты, зразумелы, жывы. Такі, як бацька, мой бацька, які ў хуткім часе з’явіцца на гарызонце жыццёвага мора неўтаймаваным фрэгатам.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу