Затое добра памятаю астатніх! Дзядзьку, Сярогу, цётку Галю.
Дзядзькам з лёгкай рукі Наташкі ўсе называлі другога мамінага брата Мішку, дарэчы, равесніка майго бацькі. Сярогам, таксама з-за Наташкі, называлі трэцяга яе брата.
Мне заўсёды здавалася, што Дзядзька падобны на артыста Карачанцава, не ведаю чаму. Усё сваё жыццё ён адпрацаваў на Шахцінскай шахце, любіў рыбалку, кнігі, штукарыць што-небудзь сваімі рукамі, якія ў яго былі рэальна залатыя, і сваю жонку Таню, тую самую Танюху — бацькаву сяброўку. Яны з Дзядзькам пажаніліся перад самым нашым ад’ездам з Казахстана. Да таго часу Танюха паспела некалькі разоў апячыся аб мужчын, быццам матыль аб электралямпачку, і нарадзіць дачку. Шчыра кажучы, бацька іх і пазнаёміў. Яму было шкада Танюху, і ён падумаў, што Дзядзька, ужо, дарэчы, халасцяк ва ўзросце, трыццацівасьмігадовы, але вельмі прыстойны, сумленны і сур’ёзны чалавек, зможа зрабіць яе шчаслівай. Танюха адразу загрэбла Дзядзьку ўсяго, без астатку. Ён, у прынцыпе, асабліва і не супраціўляўся. Неаднаразова я заўважаў, як яны хаваліся па кутах у вялікай чатырохпакаёвай кватэры дзеда Яўгена, у якой Дзядзька жыў і куды прывёў Танюху, і цалаваліся. Дзядзька саромеўся, калі нехта бачыў яго шчаслівым, бо Танюха і была яго шчасцем, а яна задаволена ўсміхалася, бо ёй шчасліваю быць падабалася.
Яшчэ Дзядзька вельмі любіў слухаць музыку. У яго меліся прайгравальнік для вінілавых кружэлак і бабінны магнітафон, па якім ён звычайна насалоджваўся песнямі Высоцкага. Аднак дзед Яўген, гераічны мамін і Дзядзькаў бацька, хрып Уладзіміра Сямёнавіча і ўсё, што той ім выкрыкваў, ненавідзеў. Ён урываўся ў Дзядзькаў пакой адразу, як толькі чуў Высоцкага, выдзіраў бабіны з магнітафона, ірваў і шкамутаў плёнку з запісамі і раз’юшана заяўляў, што пакуль ён жывы, не будзе ў яго хаце гучаць розная мярзота. Дзядзьку давялося купляць навушнікі і слухаць музыку, каб не раздражняць дзеда Яўгена, а той па тэлевізары глядзеў выступы Кабзона і Лешчанкі, не перастаючы паўтараць, што толькі гэтыя спевакі могуць хоць нешта вартае данесці да слухача, альбо сам спяваў, не маючы ні слыху, ні голасу, упадабаную з дзяцінства «Ніч яка місячна». З ім ніхто не спрачаўся, ён жа быў Героем.
Між іншым, Дзядзька ледзь не забіў свайго гераічнага бацьку і сябе разам з ім. Не наўмысна, зразумела.
У войску ён вывучыўся на шафёра і вазіў вайсковае кіраўніцтва, што дзеду Яўгену вельмі спадабалася: не прападзе сын з такой прафесіяй. Калі Дзядзька адслужыў сваё, дзед Яўген купіў яму чырвонага «Масквіча» ў падарунак. Дзядзька, канечне, узрадаваўся, абкатаў машыну і павёз дзеда Яўгена ў Караганду па нейкіх важных справах таго. Надвор’е ж зусім не спрыяла паездцы. Пайшоў дождж, падняўся вецер, які выклікаў пясчаную буру, а бура звычайна ператваралася ў смерч, кшталту амерыканскіх, і лёгка магла праглынуць любое невялікае збудаванне, што паўставала на яе шляху, не гаворачы пра чалавека. Карацей кажучы, «Масквіча» знесла ў кювет і колькі разоў перакуліла. Дзядзьку з дзедам Яўгенам пашанцавала выбрацца амаль без фізічных пашкоджанняў, аднак больш пасля таго Дзядзька за руль аўтамабіля ніколі не садзіўся. Ён прадаў машыну і купіў матацыкл — блакітны «Іж» з люлькай, які цалкам яго задавальняў (зрэшты, як і дзеда Яўгена) і на якім ездзіў на рыбалку, бо рыбаком быў заядлым. З той жа аддачай Дзядзька працаваў на шахце, за што кожны год яго ўзнагароджвалі пуцёўкай на ВДНГ у Маскву, адкуль ён заўжды вяртаўся з падарункамі і асабліва шмат прывозіў для нас, маленькіх бульбашыкаў. Маміных дзяцей, то бок нас, любілі ў сям’і Украдыгаў больш за астатніх. Дзядзька дык і не хаваў ні ад кога сваёй прыхільнасці. Ён літаральна завальваў улюбёных пляменнікаў цацкамі, цукеркамі, нейкімі дарагімі касцюмчыкамі, а пасля фатаграфаваў для гісторыі і для фотаконкурсаў, бо займаўся амаль на прафесійным узроўні фатаграфаваннем у дадатак да іншых прыхільнасцяў.
Сярога ж любіў па-добраму здзекавацца з мяне. Ён насіў ладныя чапаеўскія вусы, якімі я захапляўся і марыў, калі вырасту, мець такія ж, пра што неасцярожна і сказаў яму неяк. Сярога ж, не доўга думаючы, заявіў, што ў мяне вусы ніколі не вырастуць, бо ў майго бацькі вусаў не было, а значыць, не будзе і ў мяне. Я пачынаў спрачацца і румзаць, на што Сярога пасміхаўся, а пасля частаваў маімі любімымі цукеркамі, якія я называў «з носікам». Толькі я супакойваўся, як Сярога зноў пачынаў казаць, што вусы ў мяне не вырастуць, і я зноў кідаўся ў крык і слёзы, а Сярога задаволена рагатаў, пасля чаго яшчэ раз частаваў цукеркамі «з носікам».
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу