- Гледзячы якія планы.
- Хоць бы планы на адпачынак, - танула яна ў бяздонна-сінім яго позірку.
- Гэта будзе.
Зноў - рыкашэтам - водсвет хуткай усмешкі шафёра.
- I прыемная кампанія таксама? - ківае ўбок шафёра так, каб той заўважыў і (ведала, што адкажа Шэршань) хоць такім чынам атрымаў сваё.
- Гэтага не абяцаю, - выціскае з сябе спакутаваную задоўга да з’яўлення ўсмешку палкоунік, па-свойму зразумеўшы яе пытанне, а падначалены яго зразумеў усе так, як яна хацела: твар яго знікае з люстэрка надоўга.
- Сто гадоў не была за горадам, - не хавае Людміла незразумелага зруху ў душы за ўздыхам, і палкоўнік удзячна прыкрывае яе руку сваею. Усяго на міг. Але і гэтага імгнення даволі для таго, каб уся яе істота адгукнулася на гэты, амаль што пяшчотны, дотык. - Вось ужо не думала, што менавіта вам, палкоўнік, буду абавязана...
- Мы, можна сказаць, на месцы, - ставіць ён кропку ў гаворцы, і яна змаўкае, моўчкі ўзіраецца ў лес, што імкліва сплывае назад, прапускаючы, упускаючы ў сваё царства машыну: чырвоныя каснікі неба над ім, раздзьмутыя ветрам, то ўзлятаюць, то ападаюць і заблытваюцца ў вершалінах магутных ялін - хутчэй і хутчэй.
«Волга» дае нырца пад адну з такіх ялін, пачынае падскокваць на выбоінах і павыпіраных з зямлі каранях, але, здаецца, хуткасці не змяншае. Паварот, яшчэ адзін паварот - галіны хвошчуць па вокнах, і Людміла міжволі падаецца бліжэй да палкоўніка. Колы грукочуць па драўляным мастку, і з-за алешніку, які густа абляпіў зарослы раўчук, выблісквае вада азярына. Зачараваная, глядзіць, як імкліва яна набліжаецца, і калі ў самы апошні момант рэзка затарможаная машына, прыткнуўшыся да пясчанага берага, спыняецца, з захапленнем пазірае на шафёра: ліхі хлапец!
Не чакаючы запрашэння, выбіраецца з машыны. Азіраецца. Амаль не здзіўляецца, усяго метраў за сем ад таго месца, дзе яны спыніліся, угледзеўшы дом з прыгожым спічастым дахам. Пачарнелы ад сырасці ганак, даўно не мытыя вокны без адзінае фіранкі, аблупленая сям-там на шалёўцы фарба... Гады два ўжо, як сюды хто наязджаў.
Мужчыны з павыцягванымі сумкамі ўжо шыбавалі да ганка, яе не гукалі, і, карыстаючыся хвілінаю, Людміла ідзе да вады. Чыстая азярына. Невялікая, але чыстая: жбанкі ў затоцы пакалыхваюць свае залатыя кароны... Выкупацца б, ды, пэўна, не давядзецца: не так таму, што купальніка не мае, як таму, што гаспадар усяго гэтага маецца...
- У нядзелю... Недзе ў гэты ж час, Лёша.
- Будзе зроблена, таварыш палкоўнік. Шчасліва заставацца.
- Ідзі, ідзі, - буркае Шэршань, кіруючыся да яе.
Спінаю чуе яго набліжэнне Людміла, але не паварочваецца. Узвывае матор, угрызаюцца ў пясок колы, раскідваючы яго ва ўсе бакі, - і вось ужо машына грукоча па мастку, аддаляючыся, а яна усе стаіць над вадою і слухае, слухае яго крокі.
- Ты не магла не ўспамінаць тую ноч, праўда? - рыўком паварочвае Шэршань яе да сябе, - га?
«Я занадта дорага заплаціла за яе», - хоча сказаць яна, каб што-небудзь сказаць у адказ, але ні волі, ні часу ўжо няма. Бераг абрушваецца ў азярыну, вечар, заблытваючыся ў апратцы, руках і якіхсьці бязладных словах, валіцца, коціцца у траву - і вось ужо рукі шукаюць рук, вусны вуснаў, адна прага не наталяе другой. Бяры, бяры, усё бяры! - кожным рухам, кожным шалёным звівам просіць, патрабуе цела, а дыханне гасне, гасячы свядомасць, і Людміла знікае ў агні, у барвова-чорных яго сполахах, каб праз міг ці праз вечнасць уваскрэснуць, зноў і зноў адгукацца на яго шэпт, на яго маленне: мая! мая! мая!
У адзін міг ёй здаецца, што яна бачыць непадалёку, зусім побач таго, хто прывёз іх сюды, у другі, аслепленай болем, чуецца чыйсьці (ці не свой уласны?) смех, падобны на плач, потым усё зноў зрушваецца, кружыцца, закружваючы адбіткі неба, абпаленага дзікай, нечалавечаю страсцю твару, у якім яна не пазнае твару Шэршаня, хвалі зялёна-рыжай травы і гарачыя хвалі паветра. Нейкім сёмым пачуццём адчувае, што ёй не перамагчы ў гэтай барацьбе, што не з чалавекам яна змагаецца, а з самім сатаною ў яго абліччы, але зноў і зноў не верыць Людміла гэтай падказцы і чапляецца за Шэршаня, аддаючы яму ўсю перастаялую у чаканні такіх вось хвілін сілу: ён яшчэ не ведае, з кім мае справу! ён палюбіць яе і ў гэтай шалёнай нянавісці дужай, усёпераможнае плоці!
- Па мне кабылка... па мне...
- Лягчэй, лягчэй, родненькі!
- Яшчэ ўсё наперадзе... Ты яшчэ прасіцца ў мяне будзеш!
- Што ты... Што ты хочаш сказаць?
- Вось гэта, рыбачка! Вось гэта!
Усё плыве перад вачыма: яго ашчэраныя ва ўсмешцы зубы, пахіленыя галоўкі рамонку, пацямнелы край неба, чорнае голле сасны поперак... Час не спыняецца - час перацякае ў яе, у яе растузаную плоць, болем перацякае, гарачаю стомаю, стогнам. Яна чуе яго сутаргавыя штуршкі недзе глыбока ўнутры, у самай сярэдзіне, і ніводным рухам не адгукаецца на іх, каб не збудзіць новы прыліў сілы, новы шал жудаснае, смяротнае барацьбы.
Читать дальше