- Чакае, - суха, як мага спакайней адказвае, адганяючы страх, які цяпер заўсёды з’яўляецца, скоўваючы яе, калі б ні апынулася паблізу ад Шэршаня. - Праходзьце, палкоўнік. Папярэджваць Івана Кузьміча не трэба: ён чакае вас.
- А-а-а, іду, іду, - усміхаецца той, і ўсмешка змяняецца заклапочанасцю далёка не адразу. - Мяне сёння, па ўсім відаць, і гаворка з ягонай сакратаркай чакае, але пазней, пазней. Так што, Людміла Пятроўна, я ні ў якім разе не развітваюся.
Пайшоў. На момант палягчэла. Але ўсяго на момант. Што ён меў на ўвазе пад гаворкаю? Якая каша заварваецца тут, у кабінеце, праз сценку, і чаму, як яна разумее, і ёй нейкім чынам давядзецца яе расхлёбваць? Пры чым тут яна? Сведка? Сведка чаго? Усё, што магло б зацікавіць Шэршаня і яго ведамства, ужо ж адбывалася не тут, не ў сценах кабінета. Тым больш не ў прыёмнай. I наогул, калі параўноўваць шэфа з кімсьці на яго ўзроўні - ды хоць з кім заўгодна! - параўнанне будзе на яго карысць. Так што...
А чаго яна, уласна кажучы, перажывае? Што ён ёй - брат, кум, сват? Тычылася б якое з падазрэнняў яе, ягонай сакратаркі ў званні загадчыцы прыёмнай, адным узмахам брыва аддаў бы на закланне - хоць Шэршаню, хоць любому, абы чысценькім застацца, абы, крый Божа, не запэцкацца, імя сваё высокае не запэцкаць. І-мя! Шыльда, адглянцаваная рознымі інструктарамі і загадчыкамі, ад якой пагардліва адварочваецда новы час! Адварочваецца, а то і плюе, як гэты вось... як там яго... Кузьма Балоцін?! Але ж... Бог мой, во будзе штука, калі гэта не проста супадзенне, калі гэты Кузьма раптам... Іван Кузьміч Балоцін, першая асоба, кароль, можна сказаць, на сённяшні дзень у рэспубліцы (усё яшчэ кароль!), і раптам атрымлівае падобны ліст ад Кузьмы Балоціна, напісаны тым перад смерцю? Ці-ка-а-ва! Цікава, нават калі гэты Кузьма будзе насельнікам дома вар’ятаў дзе-небудзь... Не, не. Штосьці тут ёсць. Нездарма ж ліст трапіў сюды, у прыёмную. Ды і Шэршань, па ўсім відаць, ведае адрасата.
Людміла неяк лёгка супакойваецца. Успомніўшы пра свае абавязкі, тэлефануе ў штаб акругі і ў канцылярыю ўладыкі, апярэджваючы іх візіты, старанна раскладвае пошту, звязваецца з аргаддзелам і ўдакладняе імя стэнаграфісткі на сённяшнім пасяджэнні Бюро, аддае распараджэнні загадчыцы буфета... Калі загараецца лямпачка, спакойна адгукаецца на выклік з кабінета.
- Вы прыпазніліся з поштаю, Людміла Пятроўна. Прынясіце ўсё атрыманае на мае імя зараз жа, - загадвае шэф, і як яна ні ўслухоўваецца, а асаблівага хвалявання ў яго голасе не заўважае: ці трымаецца там з такою годнасцю, ці ўсе падазрэнні супраць яго - проста ліпа.
Людміла бярэ папачку з раскладзенымі лістамі і паперамі, заходзіць, і пад цяжкімі позіркамі двух мужчын як мага грацыёзней, злёгку пакалыхваючы клубамі, набліжаецца да стала.
- Яшчэ што-небудзь, Іван Кузьміч? - старанна пазбягае позірку Шэршаня. - Мо па кубачку кавы?
- Як Анатоль Сямёнавіч... - схіліўся ўжо той над прынесенымі паперамі, яўна шукаючы тую, за подпісам Балоціна, якую яна сунула папярэдне ледзь не на самы спод.
- Я, папраўдзе, з прыемнасцю, - суха адгукаецца Шэршань. - Буду шчыра ўдзячны Людміле Пятроўне.
Пакуль яна гатуе моцную каву і рыхтуе патрэбны посуд, гоніць ад сябе ўсе думкі, і прыемныя і непрыемныя. I ледзь толькі з’яўляецца ў кабінеце з падносам, адразу адчувае: нешта змянілася. Што? Цішыня. Цяжкая цішыня, якая стаяла так, як стаяла б у затоцы глыбокая цёмная вада: ні зруху, ні водсвету.
- Прашу, палкоўнік. Вам як госцю...
- Дзякуй, Людміла Пятроўна. Мы як-небудзь самі ўправімся, - тут жа адсылае яе шэф, і адно, што Людміла паспявае заўважыць: позірк, якім праводзіць яе Шэршань, заклапочаны.
Ат, чорт з імі, з абодвума! Разбяруцца! Гэта ёй ў выпадку чаго трэба будзе хвалявацца, калі новы гаспадар кабінета захоча маладзейшую сакратарку займець, а яны... Самае большае паніжэнне - персанальная пенсія, звычайна ж і да гэтага не адразу даходзіць, так што... Так што можна далей ціха ненавідзець палкоўніка, з якім яна ўжо чакае абяцанае сустрэчы і гаворкі!
Людміла ўсміхаецца, звыкла паглядзеўшыся ў люстэрка, прыхаванае ў верхняй шуфлядзе стала: выгляд што трэба, сама ў кропку для сённяшніх падзей. Бог няроўна дзеліць: каму - новыя пагоны, каму - новая прычоска, ну ды чаго ўжо дужа наракаць? На фігушкі ёй пагоны, калі можна ўзяць разам з пагонамі...
***
- Прыёмная.
- Добры дзень. Магу я...
- Вы, прабачце, - гэта хто? - звыкла ўдакладняе, не чакаючы, пакуль суразмоўнік набярэцца смелаеці прадоўжыць. - Перш трэба назвацца.
Читать дальше