Чорт... Ды каб жа, каб жа толькі адзін на ўсіх чорт! Хто іх лічыў, чарцей? Хто іх калі злічыць?
Па маладосці, наіўна атаясамліваючы лёс і выпадак, яшчэ верыш, што моцна трымаеш у руках павадкі ўдачы і няўдачы і толькі ад дакладнасці наступнага руху залежыць паварот лёсу. Потым жа пачынаеш разумець, бачыш, што трымаеш пустату, а твой жыццёвы шлях прадвызначаны знутры: якім бы звілістым і бязглузда непадуладным ні здаваўся, а ўрэшце вядзе і выводзіць да нябачнае, усімі пакаленнямі тваіх продкаў вызначанае для цябе мэты. Вялікай, малой, злачыннай, дабрачыннай - не адразу і вызначыш.
Вось яна... «Ты, ты, мокрая, абшчыпаная галубка! - не адводзь вачэй, зірні ўважлівей на тое, што сабою ўяўляёш пасля ночы, пасля душу, без грыму і прычоскі, без ганарлівае ўсмешкі і моднае шаўковае блузкі: незадаволеная сабою і светам цётка, якая да жуды, да непрыстойнасці баіцца старасці і гатова залізваць на сабе любую зморшчыну, любую плямінку, каб толькі выглядаць дагледжанай, усё яшчэ маладой і шчаслівай». Якая маладосць? Якое шчасце? Адзінае, што набыла ў абмен на іх, - упартае нежаданне прадаўжаць гон як ні ў чым не бывала, зноў кідацца бегчы, так, быццам лёс не дагоніць, скрозь і ўсюды не даганяў яе.
Змяя, якая не можа змяніць скуру, гіне... Але ж са старой скурай нельга пакінуць на сцежцы пражытае: душа надзелена ракавою сілаю памяці, прыпаміну - і каго іншага льга падмануць, а сябе? Toe і яно.
- Вас слухаюць, - дацягваецца Людміла да тэлефона, не выпускаючы ўключанага фена.
- Людачка, гэта я. Нічога, што спазаранку?
- Нічога, Вяруня, - пазнае голас сяброўкі. - Толькі ты прабач, фен не выключаю, інакш не паспею высушыць валасы.
- Канешне, канешне! Я разумею, што несвоечасова...
- Ды кінь ты! Што там у цябё? Спадзяюся, нічога горшага, чым сынаў пералом нагі, не здарылася?
- Люда, родненькая, толькі ты можаш дапамагчы! Праз свайго шэфа, ці... Не важна, праз каго! Разумееш?
- Пакуль што не вельмі, - хмурыцца Людміла, хоць хутчэй нават задаволена, што Вяруня пазваніла і яе званок перапыніў, адсунуў убок непрыемныя думкі. - Ігар жа ў бальніцы?
- Разумееш, гнаіцца нага пачынае, а яны... яны... - усхліпвае ў трубку Вяруня і, перасіліўшы сябе, сваю роспач, таропка, заглытваючы канцы слоў, а то і цэлыя словы, расказвае: - Зачысцілі, відаць, кепска. Абы збыць! Ці, таго горш, заразу, якую-небудзь інфекцыю занеслі - ты ж ведаеш нашы бальніцы! А цяпер агледзеліся: косць пачынае гніць, а ні антыбіётыкаў, ні ўколаў - патрэбны імпартныя, разумееш? - канешне ж, няма. Няма, ты чула? А цераз іх жа ці цераз іх прыяцеляў (адна шайка-лейка!) і даставаць прапаноўваюць: сто рублёў за ампулы, за укол, а ўколаў жа трэба не два-тры... Мо ты дапаможаш, Люд? Калі не ты, то ніхто не дапаможа. Няма, няма ў мяне дзвюх - дзвюх з паловаю тысяч на гэтыя уколы! Я ўжо чысціла, чысціла і іх, і ўрад, і ўвесь белы свет... Дзіця ж! Які-ніякі сын, а адзіны-аднюткі! А яны калекаю зробяць... Божа мой, Люда!
- Ты можаш спакойна растлумачыць, якія ўколы патрэбны?
- Ды антыбіётыкі! Імпартныя. Я табе і паперку прынясу, дзе запісана, га?
- Мо перавесці хлопца ў інстытут траўматалогіі? - дасушвае валасы, успамінаючы, каму пазваніць, каб знайсці патрэбны канал: ад Вяруні так проста не адчэпішся, ды і Ігар... Балбес, канешне. На матацыкл чужы яму ўзбіцца зарупіла, пакатацца закарцела... Пакатаўся! - Мо ў інстытуц- кую клініку перавесці, пытаю.
- Дык жа і кажу: куды заўгодна! Абы ўратаваць нагу, Люда, - зноў шморгае носам Вяруня. - Уяві: калі раптам застанецца калекам, кульгаць будзе? Гэта ў свае шаснаццаць?
- Давай так дамовімся, Вяруня, - перапыняе яна сяброўку, зіркнуўшы на гадзіннік. - Гадзіны праз дзве зойдзеш у лечкамісію да Званцовай. Урач Званцова, запомніла? Пакажаш сваю паперку ёй, я пазваню, дамоўлюся. Згода?
- Бог мой, як табе і дзякаваць? Ты ж ведаеш, што для мяне мой аболтус!
- Усё, усё, Вяруня! Інакш спазнюся на службу. Пазвоніш вечарам, што і як. Паспрабую дамовіцца наконт інстытуцкай клінікі. Усё!
Людміла перапыняе гаворку, каб не выслухоўваць яе ўзрушаны маналог: часу сапраўды ў абрэз, ды і не любіць ўсю гэту балбатню. Удзячнасць, няўдзячнасць... Лухта сабачая! Для каго іншага і пальцам бы не кіўнула, а Вяруня... Яе па-бабску шкада: і без мужыка не можа, і з мужыком не ўжылася. Сама сына гадавала, крадком, хаваючыся і ад людзей, і ад сына, прыліпала то да аднаго сукінага сына, то да другога і, скарыстаная, пакінутая і адным, і другім, нічым, ні зярняткам макавым не разжывілася, - ад свайго скрозь на гэтых бугаёў адрывала.
Читать дальше