Думкі перамешваюцца з усхліпамі, злоснымі і бездапаможнымі: жаласна, з жалем і нянавісцю, раз-пораз выціраючы мокрыя шчокі проста да- лонню, пазірае Людміла на сябе, заплаканую, у люстэрку, якое памятае не толькі нядаўняе яе паражэнне... Хоць чаму паражэнне, чаму? Зрабіла тое, што намервалася, і так, як схацела, - у чым жа справа? Адкуль слёзы? Па чым, па кім?
Раскошны пеньюар, падабраны з падлогі, кідае, грэбліва скамячыўшы, у ванну. Не азіраючыся больш на люстэрка, ідзе да лесвіцы. Марудзіць, перш чым пачынае падымацца, і ўсё-такі не азіраецца: вечар заставаўся ззаду - і няхай застаецца. I зусім неабавязкова пакідаць вузельчык на памяць. Зараз дап’е ў самоце віно - і спаць, спаць! Новаё жыццё пачнецца заўтра...
***
Усмешка, ледзьве прабіўшыся ўслед за гэтаю спасылкаю на заўтра, сама асвятляе далёкую згадку - пяцігадовую дзыгу, танюткую, з тонкімі ручанятамі, у якіх, заціснутае ў кулачкі, уздрыгвае толькі што напоўненае гучным плачам паветра.
- Ну чаму, чаму ты мне не верыш? - дрогка прамаўляе яна ў нябачны з-за слёз мамін твар. - Я буду слухацца і не пайду, не пайду больш да ракі з хлопчыкамі, вось убачыш! Заўтра ж не пайду!
- Чаму ж заўтра, а не ўжо сёння? - цікавіцца мама, абыякавая, як ёй здаецца, і да яе слёз, і да яе абяцанняў.
Але ж новае жыццё заўсёды пачынаецца заўтра, - не разумее яе недаверу: пераканана ж, што заўтра стане вялікан і ўсе вакол - нават жыццё! - таксама вырасце разам з ёю.
Мама ўсміхаецца, і яна добра бачыць яе вясёлую ўсмешку - і адсюль, з сённяшняга вечара, добра бачыць: смяюцца вочы, смяюцца, разбягаючыся па твары, вясёлыя зморшчынкі, смяюцца нават рукі, якімі яна раз-пораз усплёсквае ў паветры, перш чым прысесці, абхапіць яе, прыгарнуць да сябе.
- Заўтра пачынаецца новае жыццё... Заўсёды заўтра...
Смех яе, словы яе кружаць за Людмілаю па спальні! - ад ложка да шафы, зноў да ложка - яна не заўважае сваіх рухаў, сваіх дзеянняў, хоць, здаецца, усё-такі дапівае віно і разбірае пасцель. Святло гасне, не пагасіўшы ўспаміну, мо таму, што ён абудзіў падсвядомае жаданне вярнуцца назад, адчуць сябе малою, кволаю побач з маці, пад яе абаронаю, і не расці - не вырастаць, каб не стаць дарослаю так хутка, так незваротна хутка.
- Проста не знайшлося ў свой час нікога, хто ўзяў бы цябе за шкірку, тыцнуў носам у цёмны куток...
Падпалкоўнік? Тут?! Ён жа паспеў ужо стаць палкоўнікам і не мог, ніяк не мог з’явіцца ў яе доме!
- Скажы лепш, няўжо нічым не заплаціла за тую ноч, га-га-га! Няўжо нічым? Ніводным са сваіх падфарбаваных пёркаў?
Ён яшчэ смяецца! Людміла, забыўшыся пра гордасць, павінна прасіць урачоў вырваць, абцугамі выдраць з яе ягонае паганае семя, што прарасло, расце так імкліва, што яна вось-вось пачне раздзімацца, а ён смяецца!
- Ганіце яго адсюль! - просіць урача і раптам з жахам бачыць, што гэта ён, урач, смяецца з яе, з яе страху, з кожным імгненнем становячыся ўсё больш падобным на Шэршаня. - Вы... Ты не зможаш зрабіць аборт... Я не хачу, чуеш? Ты ж не ўрач, палкоўнік, ты не асмелішся! Пагукай мне ўрача!
Крык пераходзіць у лямант, потым у такі гучны стогн, што ў самой закладвае вушы, а яна ўсё крычыць, вырываючыся з дужых, валасатых рук, хоць адчувае, што адна за адною, як тонкія перацягнутыя струны, лопаюцца галасавыя звязкі, і боль не выходзіць горлам, а сцякае кудысьці ўніз, усярэдзіну, туды, дзе, раздзіраючы тканкі жывата, пачынае варушыцца, тузаецца штосьці чужое, чужароднае. Яно не можа так тузацца, яно яшчэ не магло вырасці настолькі...
- Яно? - смяецца яе кат, прывязваючы да якогась жахлівага крэсла і перакідваючы яе разам з ім галавою ўніз. - Гэта яны! Твае дзеці!
- Дзе...ці?! - заглытвае, праглынае яна свой стогн, адпускаючы, выпускаючы боль на волю.
- Ну не кацянятамі ж ты ад мяне, чорт вазьмі, зацяжарала, - бурчыць палкоўнік, пачынаючы распранацца, і яна знізу ўверх, з жахам пазірае, як агаляецца яго аграмаднае валасатае цела, як яно падаецца бліжэй і бліжэй, навісае над ёю, і не можа не тое што закрычаць, расцяць вуснаў.
Боль становіцца вастрэйшы, яна ўжо не спрабуе з ім змагацца, раствараючыся ў жаху, у чаканні чагосьці горшага, найбалючага. I яно насоўваецца з немінучасцю наступнае хвіліны: з’яўляюцца двое ў белых халатах і масках і аддзіраюць, адцягваюць ад яе палкоўніка, які сцінаецца, меншае, знікае проста на вачах, потым падступаюцца да яе, і адзін з іх, вышэйшы, з акрываўленымі, як ёй здаецца, рукамі, груба рассоўвае ёй ногі. На яе кволы пратэст толькі злёгку паварочвае галаву і па-змоўніцку падміргвае:
Читать дальше