Атрымалася: самой, уласнаручна вывесці сябе з гульні, назіраць збоку - прасцей. Прасцей і спакайней. Тое і яно.
Калі ўзабрацца на высокую выспу і зірнуць уніз, на людзей, падобных на казюрак з вышыні чалавечага росту, ні ўбоства, ні хараства, ні ненажэрнасці, ні злосці іх не разгледзець. А калі - яшчэ вышэй, каб рассыпаным макавым зернем натоўп убачыўся? Ці зусім знік у хвалістым, зменлівым ландшафце зямлі, убачаным сёння праз кінакамеру з космасу? Застануцца прырода - і род чалавечы, барацьба, якую яны вядуць паміж сабою. Дзе тут месца Богу? Ці, дакладней, дзе іх месца ў сэрцы Бога? Час пажырае іх, сваіх дзяцей, і значыць: іншага не заслужылі. Як заплачана, так аддзячана.
Вось і корпаецца цяпер у сваіх думках, як у кучы смецця... Хоць што ўсе шкадаванні? Што ўсе шчырыя і няшчырыя гуканні да Бога скрозь пустыню паміж ёю і Небам? Бязвер’е, як кароста, раз’ядае ўсё вакол і ў ёй, і нічым, нічым ужо не адолець свае смяротнае абыякавасці...
- Вас слухаюць, - услед за голасам урываецца ў тэлефонную трубку яе раздражнёнасць.
- Я хвілін праз трыццаць заеду...
- Ты хацеў сказаць: можна, я праз хвілін трыццаць заеду?
- Прабач. Я так і хацеў сказаць, - пасля даволі красамоўнае паўзы азваўся Валерый Юр’евіч, змушаючы яе ўспомніць, што для яго яна - Лялёк, Лялечка.
Успомніла. Памянуўшы аднаго з нячысцікаў, не самага горшага, калі параўноўваць (а параўноўваць было з кім!), лёгка ўваходзіць у ролю:
- Канешне, канешне! Я ўся - чаканне! Мы так даўно не бачыліся...
Бачыліся не так і даўно, ну ды роля ёсць роля. Тым больш, што Паўлюку яна сапраўды сім-тым абавязана. Хоць бы сваею кватэраю на двух узроўнях вось з гэтаю ўтульнаю, з яго дапамогаю ў свой час абсталяванаю спальняю. Шкада, спаць у ёй даводзіцца самой, сам-насам са сваімі думкамі ці снамі. А сноў Людміла не любіла. I першае, што рабіла, прачнуўшыся, - спрабавада сцерці з памяці ўсё, што прыснілася, нават калі снілася што-небудзь прыемнае. Усё роўна заўсёды не адно, дык другое, глыбока прыхаванае, пахаванае некалі ў душы, выплывае, усплывае ў сне з самага донца яе, а яна ж і хавала яго, каб адкаснуцца, адрачыся і ніколі не згадваць. Па меншай меры, да канца. Як у выпадку з падпалкоўнікам.
Хоць чаго там! - не самы гнюсны гэта ў яе жыцці выпадак: плоць узяла сваё, і якую б цану за яго потым ні заплаціла, усё ж не пераплаціла, не. Тая ноч, шалёная, бессаромная ў сваёй неўтаймоўнай страсці, варта таго, каб пра яе памятаць: першы - адзіны! - раз за жыццё адкрылася ёй, што глыбіня чалавечага падзення і ёсць мерка духоўнае яго перамогі над сабою, над жывёльнаю сваёю прыродаю.
Ужо ж, Людміла перамагла і засталася чалавекам, як заўсёды перамагала, пераломвала сябе, у душы саромеючыся не раптоўнага падзення, а цяжкой, хмельнае тугі, якая заставалася пасля яго ў крыві і не-не ды і пачынала брадзіць. Было, было такое: да думкі пра самазабойства даходзіла, калі цераз край пачынала выплёсквацца гэта туга, - любога б, здаецца, абняла, любому аддала сябе ў такую хвіліну, толькі б адпіў ад яе, толькі б забраў, спаліў у сваім агні нерастрачаную, перастаялую прагу ўсё яшчэ маладога, дужага цела.
Потым сама смяялася: як жа, аддала б! так і ўзяў бы яе нехта! Нават калі стрэла б каго сярод ночы на пустой гарадской вуліцы, той, напэўна, наўцёк кінуўся б - як ад вар’яткі, ахопленай якойсьці злачыннаю страсцю: пары ёй, бачыце, не стае, сілу няма каму аддаць!
Яна цяпер усміхалася, хоць усмешка трохі і гарчыла: успаміны ўспамінамі, а трэба спускацца і прымаць душ, бо паўгадзіны, адпушчаныя Валерыем Юр’евічам, ужо міналі, і ён вось-вось з’явіцца атрымаць сваё - сваю законную, як яму здаецца, долю яе ўдзячнасці, яе пяшчоты. Не сілы - нашто яму, бяссіламу, сіла? - а скупой, строга адмеранай ёю пяшчоты.
- Я ўся - чаканне! - паддражніла сама сябе і, падагнаная гучным смехам, збегла па лесвіцы, не зачыняючы дзвярэй, скінула ў ванне халацік (ён на гэты вечар не спатрэбіцца) і занырнула пад струмені пушчанай на ўсю моц вады: змыць, змыць усе думкі, усе згадкі і спадзяванні, каб з палёгкаю ўздыхнула душа, перш чым, адпушчаная, глухая і сляпая ад сораму за сваю абалонку, за гэтае вось поўнае жыццёвага імпэту цела, стоіцца дзе-небудзь пад ложкам ці за шафаю, пакуль яна будзе церціся ля старога імпатэнта.
- Я ўся - чаканне, чаканне, чаканне! - прытанцоўвае яна пад даволі халоднымі струменямі, агладжваючы грудзі, бакі, то адну, то другую сагнутую ў калене нагу, і калі нарэшце выбіраецца з ванны на мяккі варсюты дыванок, цела гарыць і, у чаканні першага мяккага дотыку ручніка, сцінаецца ад непрыхаванае асалоды.
Читать дальше