Не, здараецца, што шлюб засмоктвае іх - і яны цалуюцца, і гэты пацалунак - як кропка. Кропка, што завяршае дзень, яшчэ адзін дзень, і ім, дваім, не выйсці за межы гэтага ведання, за межы будзённасці - з вечнага «цяпер», якое не іхняе «цяпер», а іхняе «заўжды». I гэта - шчасце?!
Канешне, мо нейкім чынам ім і дапамагае ўпэўненасць, што яны ніколі адно аднаго не страцяць: яны - пара, з даўно мёртвымі для кахання целамі, і ніякія чамаданныя зборы нікога не падмануць. Дастаткова пачуць у трубцы дарагі голас - і вось яны ўжо вяртаюцца, і прызнаюцца альбо не прызнаюцца ў сваім шкадаванні, і зноў жывуць бытам, які і ёсць іх ісціна, - у піжаме і з зубною шчоткаю ў роце, выпацканым пенаю, на вачах у другога, з музейнаю галізною ў ванне, якая даўно не хвалюе нi пагляду, нi ўяўлення, з гаворкаю пра гасцей, якія толькі што пайшлі, ці пра духоўнасць, якая іх дваіх лучыць... Звыклая, лёгка пазнавальная карцінка! Усе яны - жывыя людзі. Але пры чым тут шчасце?!
Скажуць: ну, а ты - ты сама... Яна? Яна не ўмее і не хоча падбіраць з гразі крошкі радасці і смяецца - здольна смяяцца з усіх, хто падбірае іх і думае, што ён шчасліўчык. Усё ці нічога - гэта звычайна нічога? Што ж, няхай лепш нічога, чым шэранькая радасць усведамлення, што я - як усе. Яна - гэта яна. Не перамагла, да канца не перамагла свае прыроды, так, але і не скарылася ей: ніколі пакорна не схілялася перад яе ўладаю, ніколі не дазваляла ёй цалкам завалодаць сабою - і пляваць хацела на ўсё тое, чым яна яе прагла завабіць. Няма такога лёсу, над якім нельга ўзвысіцца пагардаю і абыякавасцю, няма!
Мужчына - гэта той, хто забівае. Хто з году ў год, са стагоддзя ў стагоддзе забівае любоў, спадзяванне на несмяротнасць у любові, спадзяванне на перамогу хараства, гармоніі ў свеце, створаным з хаосу і мораку. Сіла - не здольна што-небудзь стварыць, і ён, мужчына, безыменны ў натоўпе гэткіх жа, як сам, пераможцаў, - забівае. А жанчына... Жанчына вымушана жыць тым жыццём, якое для яе падрыхтавалі і за якое ёю ж пагарджаюць, - вымушана прымаць за сапраўднае сваё ўбогае шчасцейка, злепленае з няўдач, вечнай галечы, сораму, страт і грахоў.
Не, не! Аднойчы вывеўшы сябе з гэтае гульні, Людміла больш не жадала далдоніць загадзя вывучаныя рэплікі, якіх чакалі ад яе самаўпэўненыя партнёры, - яна выбрала маўчанне. Маўчанне і пагарду. Жыццё як-небудзь ды прадоўжыцца. Толькі не скарыцца, не жыць раслінным жыццём у затхлай атмасферы пустапарожняй балбатні. Толькі ні словам, ні духам не ўдзельнічаць у агульнай хлусні пра чалавечае шчасце, толькі не выкрываць свайго імя, свайго болю, адно каб далучыцца да адвечнага шэсця жанчын - да шэсця да месца, якога няма на зямлі: да вар’яцтва. Вось гэта ўжо - не!
Адмаўленне ад полу - гэткае ж страшнае выраджэнне, як і распуста, яна знае, знае і - адмаўляецца, адракаецца ад свайго полу і ад супрацьлеглага. Быць чалавекам - гэта ўсё, што ім наканавана? Што ж. Ды дапаможа ёй сонечнае святло пераносіць гэта рабства!
***
Тэлефон... Зноў некаму пільніца? Няхай пачакае. Яна сама выбярэ той момант, калі, адвярнуўшыся ад люстэрка, вызваліцца ад яго чараў і ўступіць у рэальнасць вечара. Яшчэ аднаго вечара...
Рабства... Не тое каб яна пагадзілася на яго, нічога іншага проста не дадзена. I ўсё ж у яе волі - не выказаць з гэтае нагоды ні радасці, ні смутку. Так, Людміла не належала да племені герояў, не магла павесці за сабою люд, нават калі б вырвала з грудзей сэрца, - не магла і не хацела. Рабамі народжаныя людзі засталіся рабамі і па-ранейшаму ўкрыжуюць любога, хто скажа ім пра гэта, хто паспрабуе, толькі паспрабуе асвятліць дарогу. Мяняюцца відэацацкі, гучныя слоўцы, ілжывыя прамоўцы, асвятленне - натоўп той жа, з тою ж, заўсёднаю, статкаваю псіхалогіяй.
Ненавідзела! Не магла ўзненавідзець свет - і ненавідзела, ненавідзела яго! За тое, што не можа, не здольна (ягоная часцінка!) ні змяніць яго, ні адпрэчыць - яго вабнасць і яго ўладу, і выжыць, жыць, не зважаючы ні на яго гнёт, ні на мярзотнасць таго, што дазваляла з сябе вырабляць.
Злом вякоў? Злом тысячагоддзяў? Магчыма. Але ж жыццё прыпала на гэты час, на гэты яго прамежак, і нешта ж трэба супрацьпаставіць!
Спрабавала прадаць сябе даражэй, назубок вывучыўшы чужую, не для яе напісаную ролю - і своечасова адступілася: не сцыкуха ж маладзенькая, каб на жураўля ў небе спадзявацца! Спрабавала (і гэта яна, загадчыца адной з прыёмных самай высокай партыйнай установы!) змірыць свае думкі з Богам - марна: увесь час сярод тлуму і бясконцых усплёскаў злосці, нянавісці, неўспрымання людзьмі адно аднаго ні ў гэтай злосці, ні ў гэтай нянавісці адчувала толькі пустату, толькі бездань - і пад сабою, і над...
Читать дальше