- Сказаць, пра што думаеш? - зноў напоўніў ён роўна напалову свой келіх. - Пра тое, што співаецца паціху падпалкоўнік Шэршань, співаецца і caп'ецца ў выніку - угадаў? Угада-аў... Толькі гадкоў пяць-шэсць наперадзе ў мяне яшчэ ёсць, а калі парода не падвядзе, то і ўсе восем. Так што шкадаваць мяне, Людміла Пятроўна, не трэба. Не табе мяне шкадаваць.
- Чаму ж не мне? - забрала ў яго бутэльку і падліла сабе каньяку: чамусьці непрыемна глядзець, як ён п’е адзін, не хмялеючы, а неяк дзіўна ўвесь час мяняючыся з твару: напружанне змяняецца мяккасцю, расслабленасцю, каб зноў узнікнуць, засвяціць халодны пагляд і згаснуць, і так бясконца, кожны раз з нейкім іншым адценнем, у нейкім іншым асвятленні. - Ты ж сам сказаў, што я табе падабаюся.
- Цябе самую трэба б пашкадаваць, ды вось не ўмею...
Яна маўчала. Не хацела, каб ён працягваў, і адгароджвалася маўчаннем, але ён як і не заўважаў яго. Задумліва пакручваў у пальцах адным глытком апарожнены келіх і пазіраў некуды праз яе, ці то забыўшыся на толькі што сказанае, ці то падбіраючы лягчэйшыя, мякчэйшыя словы.
- Ты не зведала ні кахання, ні страсці... Так, так, не зведала! - панізіў, прыглушыў ён голас у адказ на бязгучны пратэст. - I не таму, што агонь твой нікому не прыдаўся, не. Ты, як скнара над сваім скарбам, праседжваеш над ім доўгімі вечарамі, начамі, думаючы, што грэешся, і не знайшлося нікога, хто ўзяў бы цябе за шкірку, тыцнуў носам у цёмны куток, дзе які ўжо год мочыцца твая адзінота, і спытаў, дзеля чаго Бог даў табе хараство і сілу.
- I дзеля чаго ж? - нервова заглынула яна свой уздых.
- Ужо ж не дзеля таго, каб за падтрымку ці дробную паслугу вылізваць старых імпатэнтаў.
- Вы... вы... вылізваць? - спрабавала яна засмяяцца і ніяк не магла саўладаць з дрогкімі раптам вуснамі.
А ён ужо заўважыў і яе крыўду, і дрыжанне вуснаў і, мякка прыкрыўшы сваёй магутнаю далонню руку Людмілы, супакойліва пагладжваў яе, хоць вочы яго паблісквалі і словы, калі прарваліся, крыўды не змякчалі:
- Ды чорт з імі, з тваімі купцамі! Усё я пра іх і без цябе ведаю... Захацелася за «алкаголіка» расквітацца, вось і ляпнуў. Цяпер усё? Вып’ем? Выльем рэшту ў нашы пасудзіны і вып’ем...
- Адкуль ты толькі зваліўся на маю галаву? - перапыніла яна ягонае вуркатанне і, вызваліўшы руку, адвярнуўшыся, выпіла: усё адно ўжо вечар быў сапсаваны, а так мо засне хутчэй, каб адразу - самаю ранічкаю! - у Мінск, дамоў... - Мне трэба яшчэ шэфу пазваніць.
- Куды? У лясны домік? - як працверазеў ён адразу і, матлянуўшы раз-другі галавою і дапіўшы каньяк, спакойна выпрастаўся ў крэсле. - Там, калі спатрэбіцца, маладзейшыя за цябе знойдуцца.
Памаўчаў, быццам пракруціў у галаве ўсё сказанае, і дадаў:
- Прабач, калі чуць табе гэта непрыемна.
- Прыемнага, як быццам, сапраўды мала, - ціха азвалася яна. - Ну, ды ты ж і зайшоў не дзеля таго, каб сказаць мне прыемнае.
Яны былі квіты. Тое, што яна не спатрэбілася шэфу, не надта засмучала: падумаеш, гусак абшчыпаны!
Ад выпітага каньяку прыемна кружылася галава, хацелася, каб недзе непадалёк гучала музыка, хацелася, каб хтосьці ўзяў яе на рукі і кружыў, кружыў...
- Дапамагчы?
- Што?! - яна ледзь не забыла пра падпалкоўніка, пра тое, што ён усё яшчэ знаходзіўся ў пакоі, што ён назіраў за ёю.
- Я прапаную сваю дапамогу, - паўтарыў Шэршань яшчэ цішэй, і яна здзіўлена зірнула на яго знізу ўверх: стаяў, узвышаўся над крэслам, зноў нагадваючы злога асілка. Менавіта злога, нягледзячы ні на ціхія словы, ні на ўсмешку.
Людмілу быццам за язык хто пацягнуў.
- О-ля-ля! Ты хочаш сказаць., падпалкоўнік, што я ўжо ў тым стане, калі мне патрэбна дапамога? Я проста падумала, што ты знік, згінуў з вачэй. Я - не тое, што ты знойдзеш, і пры ўсім тым, што прадавала сябе тады, калі мне - мне, чуеш? - было трэба (гэта ты правільна вызначыў!), я ўсё-такі не шлюха. А калі і шлюха, то ўжо ж не для такіх, як ты. Ты мог бы ўзяць мяне сілаю, але не пасмееш, не асмелішся: мы ж не ў падвалах тваёй установы, га? Toe і яно. Toe і яно, чорт вазьмі!
Яна яшчэ недагаварыла, а ён ужо падняў яе з крэсла, падняў лёгка, як пушынку, на адных выпрастаных руках, і марна тузалася, адбіваючыся, - так, на выпрастаных руках, грэбліва, як ёй, узбуджанай выпітым і сказаным, здалося, перанёс на ложак. Паклаў. Выпрастаўся. Моўчкі, без адзінага слова павярнуўся да дзвярэй. I тут, быццам адзін пругкі клубок гневу (большага здзеку з сябе яна не памятала!), узвілася Людміла на ложку і, саскочыўшы, пачала злосна, з усяе сілы малаціць кулакамі ў яго плечы.
- Ненавіджу! Ненавіджу ўсіх вас! Таўстаскурая жывёліна! Усё б толькі сілаю казыраць, усё б толькі глуміцца!
Читать дальше