Лялечкіна - шаноўна дама бальзакаўскага ўзросту, чый стан, чый твар і незадаволеная грымаса на ім адбіваліся ў гэту хвіліну ў люстэрку... Людміла Пятроўна, Лялечка, Люсі... Тры не падобныя адна на адну жанчыны ці адна ў трох розных абліччах - ідзі разбярыся! Імя сваё ўсякі ведае, а ў твар сябе ніхто не помніць, так, здаецца, казалі мудрыя? Ну, ды так ці не так, а яна нешта ўсё часцей падоўгу прастойвае перад люстэркам, смакуючы нечаканую толькі на першы погляд думку, што і імя - толькі маска. Зручная, з часам усё больш шматслойная, усё больш неабходная маска, пад пэўным нумарам запісаная некалі ў метрычнай кнізе жыцця. I колькі ні абдзірае, ні здзірае яе часам з перакошаным ад болю тварам: «Старэеш, старэеш, Пятроўна!», колькі, слінявячы пальчыкі, ні зацірае, ні залізвае потым на ёй сляды кіпцікаў, угаворваючы сама сябе: «Лялечка! Лялёк! Люсіка...», колькі ні запівае горкаю каваю, звыкла бадзёра падміргваючы свайму адбітку ў люстэрку: «Вышэй галаву, Людміла Пятроўна!», маска толькі крыху, зусім крышачку ссоўваецца і яшчэ шчыльней прылягае да твару. Лялечкіна, Людміла Пятроўна. I ўсё на тым.
Ат! Галоўнае, нягледзячы ні на што, за гадамі паспяваць. За гадамі, а не за шкадаваннямі. Зморшчынкі ўкруг вачэй з’явіліся? Крэм, лёгкі масаж, аўтатрэнінг... Сум у вачах? Узмах павекаў, уздых, усмешка... Адзінота абазвалася? Кубачак кавы, кілішак добрага віна ў кампаніі суседкі... Спакой варты некалькіх намаганняў, хай сабе і не вельмі прыемных.
Прыемных, непрыемных... Ужо ж, што ў тым прыемнага - запрасіць на бакал віна старую з кватэры насупраць - Галену Феакцістаўну Пірагову? Адно, што ўсякае лухты пра вернасць ідэалам наслухаешся. Калі будзеш слухаць. Гэткая сямідзесяцігадовая разваліна: парахня сыплецца, пасмы сівых валасоў на галаве не набярэцца, а туды ж! - пра вернасць ідэалам, пра духоўную моц партыі... Цьфу ты, Божа мой!
«Няўжо ніколі, ніводнага разу не пахіснулася вера?» - спытала ў яе неяк. Спытала амаль абыякава, адно каб прадоўжыць згаслую гаворку, а яна раптам ускінулася, запунсавела, як макаў цвет.
«Што вы, што вы, Люсі! Як можна? - замахала рукамі. - Вам, работніку апарата, не тое што сумненні - ценю іх у душы будзіць нельга! Вы - на Алімпе. На вас народ пазірае».
Тут яе, памятае, і прарвала. Не крыкам прарвала - Людміла нават голасу не павысіла, - а злосцю: Алімп, бачыце, ёй прымроіўся! Народ на іх, абраннікаў улады, пазірае!
«Ну які народ! - выціснула з сябе ўсмешку, - Дзе вы бачыце народ? У раз’юшаных чэргах? Каля піўных ларкоў? У цесных гарадскіх канурках, падвешаных да напоўненых шумам і свістам каналізацыйных труб? На плошчы - пад павыцягванымі з дзедаўскіх скрыняў сцягамі? У перапоўненых турмах ці прапахлых потам казармах? Ці мо на сходах і сходках самага рознага кшталту, балазе ўсе вольніцу пачулі?»
Усміхалася, а старая пазірала на Лялечку, на яе з’едлівую ўсмешку з непадробным жахам, не ведаючы, што і думаць. А што тут было думаць? Павінна ж і ёй некалі надакучыць тая роля, якую скрозь змушана іграць у прысутнасці Піраговай. Як жа! Непадкупная бальшавічка адорвала сваёю прыязнасцю, шчодра дзялілася вопытам служэння ідэалу: слухай, а не - падымай вочы ўгору, і маліся... Абрыдла. Збрыдзела ўсё. Магла яна хоць дома адчуваць сябе чалавекам?
«Вы жартуеце, Люсі?» - цямнеючы тварам і запінаючыся, са спадзяваннем перапытала Пірагова, і Лялечкінай (ну, не дурніца?) нечакана стала шкада яе: не згорбленая ні гадамі, ні нягодамі, проста-такі кашчавая ад пласкагрудасці і худзізны старая, старанна разгладжваючы і зашпаклёўваючы пудраю зморшчыны, і так заўсёды нагадвала размаляваную кітайскую марыянетку, а тут, спалоханая, пакрыўджаная нечаканасцю слоў, і зусім адзеравянела. «Скажыце, што вы жартуеце!»
«Ну, канешне ж, жартую,- адвярнулася, каб не бачыць яе згаслых і таму адразу паглыбелых, пазападалых вачэй.- Прабачце, Галена Феакцістаўна, жарт атрымаўся няўдалы».
«Цяпер усе так імкліва мяняюцца».
«Час такі. Змушае думаць, - дастала з бара распачатую бутэльку кабернэ і бакалы.- Шкада, што думаць мы не прывыклі і не ўмеем».
«Што-небудзь здарылася, Лялечка? - занепакоілася яна, забываючыся на сваю крыўду.- Вы на службе ў партыі, а калі курс такі нестабільны і ледзь не ў пашане здрада...»
Людміле не хацелася слухаць ні пра партыю, ні пра зменлівасць яе курсу.
«Давайце па глыточку вып’ем, Галена Феакцістаўна, - прапанавала.- Каб стронцый у арганізме на залежваўся».
Пра стронцый - спецыяльна. Каб тэму памяняць. Каб разважанні пра здрады ідэалам і масавае рэнегатства ў партыі зноў не прывялі яе да сумненняў. Вока ў старой пільнае: толькі дай падставу ці, Божа збаў, чым-небудзь закрані веру - яе, Піраговай, веру у правільнасць і ахвярную веліч пройдзенага ёю і краінаю шляху...
Читать дальше