Штуршка ў плечы не адчуў, але ў нейкі момант павярнуў да аднаго з гэтых прагалаў і, прыгінаючыся, уцягваючы галаву у плечы, прайшоў колькі метраў, перш чым апусціцца на адно з сядзенняў. Калі ж нарэшце ўсеўся, з палегкаю уздыхнуў: хоць перад позіркам тых, хто ужо знаходзіўся ў зале, мільгаць перастаў!
«А чаму так ціха?» - варухнулася першая думка, і ён як мага непрыкметна заазіраўся, пазнаўшы, як яму здалося, у паўзмроку сяго-таго з чыноўных людзей самага высокага рангу. Калі ж позірк вярнуўся да ярка асветенай сцэны, здзіўлена адзначыў, што на падмостках поўна акцёраў і яны не стаялі на адным месцы, а рухаліся, пераходзілі ад адной групы да другой, жэстыкулявалі і, пэўна, штосьці прамаўлялі, - ніводнага ж гуку ён не чуў.
Пачаў узірацца больш пільна. Каб хоць неяк вызначыцца ў разуменні таго, што адбывалася. Там. На падмостках, што і тэатральную сцэну ў звыклым сэнсе гэтага слова мала чым нагадвалі: ні завесы, ні кулісаў, ні дэкарацый. У глыбіні прасторы, не да сцяны нават, а проста да вяровак, на якіх звычайна замацоўваліся дэкарацыі, быў падчэплены няроўны кавалак палатна (хутчэй ужо, дзяругі), на якім агромністымі літарамі было напісана: «Прэч! Годзе!» Каго ці чаго гэта тычылася, каму і што муляла ў гэтым ці іншым свеце, вызначыць ён не ўзяўся б: задужа стракатаю выглядала публіка ў касцюмах ледзь не ўсіх вядомых з гісторыі краю эпох. Гамонкі ж іх ён па-ранейшаму не чуў, у нейкі момант падумаўшы нават: мо са слыхам што здарылася?
Раптам - зусім нечакана - аднекуль з глыбіні сцэны вырваўся прамень святла, скіраваны на залу, і няспешны рух яго над радамі крэслаў выклікаў пэўную рэакцыю гледачоў (дакладней, напэўна, было б сказаць: удзельнікаў розыгрышу!). Пачуўся нават лёгкі шум, і Іван Сымонавіч узрадаваўся, што запона цішыні нарэшце ўпала і хоць нешта стала даходзіць да слыху.
Павёў галавою следам за промнем пражэктара, але, наткнуўшыся на колькі недаўменных позіркаў знаемых і яўна невыпадковых тут чыноўнікаў, тузануўся і застыў: для чаго іх усіх сабралі ў тэатры? Хто сабраў? Здалося, міг-другі - і недаўменне залы выбухне, узарве прастору, і ён міжволі сцяўся, уцягнуў галаву у плечы.
- Увага на сцэну! - загрымеў нейчы голас, змусіўшы ўсіх, нават адчайных смельчакоу, сцяцца у крэслах.
- Сэнс жыцця залежыць не ад таго, што, а ад таго, хтояго вызначае. Дурні думаюць: Прырода...
На падмостках пачало разгортвацца дзеянне, у якім - па крузе - былі занятыя ўсе: сексуальнае дзейства змянялася палатаю з рожаніцаю, вучэльняю, любоўнымі гульнямі, бойкаю маладых самцоў, разагрэтых выпіўкаю, забойствам, пахаваннем, турэмным заключэннем і вяселлем пераможцы, потым - зноў сексуальным дзействам... I ўсё - няспешна, пад няспешнае кружэнне падмосткаў і нейкую рваную - то шчымлівую, то груба агрэсіўную - мелодыю, у якую ўпляталіся то стогны, то грубыя выкрыкі, то гарачы шэпт, то няўцямныя праклёны. Няспешна... Круг за кругам... Усё больш бянтэжачы, а потым і прыгнятаючы.
- Сэнс жыцця, - зноў грымнула, здавалася, адусюль, - залежыць не ад таго, што, а ад таго, хтояго вызначае. Гарапашнікі вераць: Айцец Нябесны...
Сцэна гэтак жа павольна, з ранейшым натужным рыпам паварочвалася, але дзейныя асобы, скінуўшы ранейшую апратку проста пад ногі і апынуўшыся хто ў белых, хто ў чорных хітонах, на кожны ўзмах рук сталі нагадваць чорных і белых анёлаў-птушак, што ўтваралі своеасаблівае кола, а каля ног іхніх, на голых дошках, «чалавекі» адольвалі жыццевы шлях - перш на карачках, потым на каленях. Адольвалі цяжка, задыхаліся, ускідваючы сяды-тады галовы, тут жа вінавата апускалі іх, пакорныя ўзмаху белага ці чорнага «крыла». I хоць шлях быў той жа - ад нараджэння да смерці, кожны зрух на ім, кожны крок замольваўся і ад таго здаваўся бязглуздым, а то і крамольным. «Анёлы» ж то змешваліся, то штурхаліся, выштурхоўваючы адзін аднаго за межы круга, то, прыкрыўшыся рукавом, цішком пахіхіквалі, а то і піхалі каго нагою, калі бядотнік занадта набліжаўся ці залішне смела ўскідваў галаву.
Гнюснае відовішча, як да яго ні пастаўся, і калі б не боязь прыцягнуць агульную ўвагу, Іван Сымонавіч паспрабаваў бы ціхенька выбрацца з паўцёмнай і паўпустой, як цяпер бачылася, залы. А святло і там, на сцэне, раптам заміргала. Нават згасла на некалькі імгненняў. Калі ж зноў - і яшчэ ярчэй - успыхнула, усё на падмостках змянілася раптоўна і абсалютна кардынальна: ні анёлаў, ні чалавечкаў...
- Сэнс жыцця залежыць не ад таго, што, а ад таго, хтояго вызначае, - прагучала гучна, выразна, і голас здаўся знаёмым. - Рэвалюцыянеры мяркуюць: правадыр...
Читать дальше