Не паспелі адгучаць словы, як усчаўся гучны смех; свіст і выкрыкі перапыняліся гучнымі апладысментамі. Натоўп, у які ператварыліся ўсе ўдзельнікі новай дзеі, перамяшчаўся па сцэне нерытмічна - хаос, здавалася, нарастаў. Але ў нейкі момант усё аціхла і пад пакалыхванне сцягоў, пашытых з рознакаляровых шматкоў, і папяровых пугалаў партыйных кіраўнікоў рэспублікі і краіны наперад выйшаў высокі худы інтэлігент з прыкрытым маскаю тварам: пінжак - наросхліст, кашуля-вышыванка расшпіленая.
- Сэнс жыцця? Барацьба! Пастаянная - штодзённая! - барацьба за тое, каб людзьмі звацца і не хадзіць у прыкарытніках, а адбіраць і адабраць у тых, што ўявілі сябе гаспадарамі і мараць уехаць у рай на нашых карках, і гэта права, і ўладу, і саму зямлю нашу. А то памянялі буржуйскія світкі на бальшавіцкія фрэнчы, якія не так у ахвоту, як пад прымусам няпісаных правілаў даношваюць, а ўжо да новага маскараду рыхтуюцца, усіх вас за дурняў трымаючы. Так, так, за дурняў! - хто б з вас і што пра сябе ні думаў. Іх мы - прадстаўнікі новай сілы - змяцём, а вам, калі не ўстанеце ні бок рэвалюцыі, зноў, і цяпер да скону, давядзецца працісквацца да карыта праз кпіны і тумакі маладзейшых і дужэйшых. Як - перспектыва? Падабаецца?
Смех і свіст сталі грамчэйшымі. Натоўп на падмостках ашалела забаўляўся, раздзіраючы на шматкі папяровыя пугалы, звязваючы сцягі і сцяжкі ў адно пярэстае палотнішча і абвіваючы ім тых, хто хоць на міг губляў пільнасць. Тыя тузаліся, спрабуючы вырвацца, - і рогат грамчэў. У выніку - у ковах вузлаватага палотнішча і гэтага рогату засталася толькі адна постаць у белым хітоне. Яна проста перастала супраціўляцца і асунулася на падлогу, няздольная ў тым кокане, у якім апынулася, зрабіць і адзін крок.
Пра жанчыну тут жа ўсе забылі. Частка занятых у апошняй мізансцэне акцёраў сцэну пакінула, тыя ж, што групаваліся вакол лысага з плямінаю праз усю галаву «правадыра», сышліся ў цэнтры і нарэшце павярнуліся да залы. Да апусцелай ужо залы, бо нават Іван Сымонавіч, які так і не насмеліўся прайсці паўз крэслы да выхаду, не тырчэў у сваім крэсле, а, уцяўшы галаву, у няўцямным страху даўно споўз з яго і ўплішчыўся паміж радамі, як мага ніжэй да падлогі. Праўда, тады, калі цікаўнасць перамагала страх, зіркаў праз шчыліну паміж пярэднімі крэсламі на сцэну, супакойваючы дрыжыкі ў каленях салдацкай замоваю: з зямлі не згоняць, далей, чым на фронт, не пашлюць...
Тыя ж, на сцэне, пасцягвалі маскі зацятых і добра пазнавальных бунтаўшчыкоў нацыянальнай закваскі, аказаліся - усе як адзін! - членамі Бюро ЦК, і Іван Сымонавіч, убачыўшы чарговы акт сцэнічнага пераўвасаблення, не сказаць, каб дужа здзівіўся: нездарма ж голас сяго-таго здаваўся знаёмым, чутым раней. Адно што страх змяніўся сорамам: сагнуўся ў тры пагібелі, поўзае пад крэслам, замест таго каб дома сядзець на ўтульнай канапе перад тэлевізарам з пляшкаю піва ў руцэ!
- Гля! - гукнуў гаспадар сцэны. - Разбегліся са страху, падтрымліваючы штаны!
- Мо даць святло ў залу?
- Нашто? I так усе засвяціліся: хоць з аднаго, хоць з другога боку зірнуць... Думаў: мала хто паддасца на правакацыю, ажно ёсць, ёсць смельчакі ў чыноўніцкіх акопах!
- Але ж не дачакаліся завяршэння розыгрышу - не паапладзіравалі сваім кіраўнікам, угледзеўшы іх на падмостках, - засмяяўся хтосьці. - Калі яшчэ такая нагода надарыцца?
- Ты каго меў на ўвазе, памінаючы кіраўнікоў? - патушыў яго смех Гаспадар.
- Дык жа... Дык жа адкрылі мы перад залаю твары... - мармытнуў той, хаваючыся за спіны.
Цяпер засмяяліся ўсе. Ці - амаль усе.
- Ён думае...
- Ён напраўду думае, што скінутыя ўсе маскі!
- Сляпы!
- Ты што - спаў увесь гэты час?
Смех і кпіны не аціхалі. Купка акцёраў - ці тых, хто выдаваў сябе за іх? - скіравалася ўглыб сцэны, сцягваючы з твараў маскі высокіх партыйных начальнікаў і адзін за адным знікаючы ў цемрадзі, але гэтага Іван Сымонавіч ужо не бачыў: не азіраючыся, ён на карачках прабіраўся да праходу і потым да выхада і думаў толькі аб адным: гэта павінна закончыцца! некалі ж павінна закончыцца!
ЧАСТКА ДРУГАЯ
Баш на баш
Жыццё не проста нагадвае гульню, яно - гульня! Гульня ў падкіднога. Калі той, хто прайграе, застаецца дурнем... Проста. I справядліва. Не ўмееш, не спадзяешся ні на ўдачу, ні на хітрасць - не бярыся. Сядзі збоку і назірай. Па магчымасці хаваючы ад зацятых ігракоў, што ты не адно прысутнічаеш, што ты - сведка: каму з тых, хто паказаў сябе дурнем, спатрэбіцца потым сведка? Тое і яно. Лялечкіна што марна не скажа.
Читать дальше