- Цьфу! - сплюнуў Ковач горкую думку, перш чым, моршчачыся, дапіў каньяк, і зноў распластаўся на мулкім вагонным матрацы.
Ляскаталі колы. Парыпвала недзе над дзвярмі кепска замацаваная панелька. Пахістваўся раскалыханы рухам цягніка змрок, які запаўняў купэ, і, зрэдку раздзіраемы на колькі імгненняў бліскамі ліхтароў за чыгуначным палатном, дзесьці над соннай, засыпанай снегам станцыяй, быццам пакрэктваў у адказ на ўвагу Ковача. Увагу няпэўную, расплывістую, як сама ноч, што не ўтрымлівала цягнік, а неслася ўслед за ім - па ягоных думках, праз ягоныя думкі... I ці лёткі рух гэты, ці выпіты каньяк - а мо і тое, і другое разам? - уплывалі на іх, але хутка Ковач ўжо нічога не ўзгадваў, нічога не ўспрымаў, апроч палясквання колаў і пахітвання спаласаванага промнямі ліхтароў змроку побач. Побач - і над сабой...
Праўда, зрабіўшы пэўнае намаганне, заўважыў: над ім змрок здаваўся бяздонным. Быццам не стрэшка вагона, а начны прасцяг пакалыхваўся ўгары. Усё вышэй і вышэй. Так што ў хуткім часе пагляд проста не дацягваўся да нейкай мяжы яго - тануў, патанаў у бязмежжы, перш цёмным, амаль чорным, потым усё больш разрэджаным і пасвятлелым. «Ноч мінае, ці што?» - мільганула далёкае і нібыта чужое, незнаёмае недаўменне: ён жа толькі прылёг, толькі збіраўся прыкрыць вочы краем ручніка і чарговы раз паспрабаваць заснуць!
Мяжа паміж яваю і сном чэзла, знікала, але гэтага Ковач ужо не ўсведамляў. Вышыня - ці, дакладней, глыбіня - уцягвала, зацягвала ў свае тоні пражытае і перадуманае, зацягвала яго самога, і з’явілася дзіўнае адчуванне лёгкасці. Так, нібы ён раптоўна выбавіўся ад усіх повязей з жыццём - і адпачываў. I было не важна, колькі такіх хвілін адпачынку выпала яму гэтым разам, - яны выпалі, доўжыліся, кіруючыся нечым па-за яго свядомасцю, па-за рэаліямі здоўжанай ночы.
Хоць якія ўжо там рэаліі! Усёй рэальнасці, што паляскванне жалеза, ды і яно хутка пачало нагадваць паляскванне бізуна, перш - па камені, потым - па нечыіх стогнах. Удар за ўдарам - рытмічна, няўхільна, бязлітасна, і што самае дзіўнае: рэха іх іскрамі рассыпалася круга, каб праз міг-другі яркія іскры-бліскі ўзмывалі ўгору, застываючы там россыпамі зорак. Самых сапраўдных зорак і зорачак! Яны нават паміргвалі...
- Гэта яшчэ што за чартаўшчына? - не пацікавіўся, а, хутчэй, абу- рыўся Ковач, шукаючы паглядам відочную праяву хоць бы якой прычыны: нечым жа гэта павінна было вытлумачвацца!
- Ну, чаму адразу - чартаўшчына? Тэатр. Тэатральны эфект, - прыйшло тлумачэнне, і Ковачу ў галаву не стукнула задумацца, адкуль - прыйшло.
- Тэ-атр? - перапытаў, азіраючыся.
Здалося, менавіта тое, што заазіраўся, змяніла бачную карціну. Змяніла кардынальна. Бо вось ужо - ні цёмнай пространі вакол, ні паміргвання зорак, ні іскраў ці іскрачак. Змрок раптоўна саступіў святлу, і калі спачатку святло было цьмяным, халодным, то ў наступныя імгненні значна пацяплела, паступова набіраючы яркасць, і адразу выразна ўбачыўся брукаваны пляц, каменная сцяна высокай будыніны за ім, рухомыя цені на сцяне.
Ковач напружана ўзіраўся ў іх, каб зразумець, дзе іх гаспадары і хто яны, а святло ярчэла - і так хутка, што, здавалася, вось-вось выбухне, як выбухнула б ад перанапружання электралямпачка. Ён нават заплюшчыў вочы, перасцерагаючыся, але перасцярога аказалася марнаю, бо, і не пазіраючы, усё да драбязінкі і ледзь заўважнай шчэрбінкі на каменнай сцяне выразна бачыў.
«Ат!» - адмахнуўся, скараючыся непазбежнаму, узгадваючы, што ўвогуле збіраўся заснуць, адпачыць, а не бадзяцца думкамі хто ведае пад чыімі сценамі...
«Хіба зусім незнаёмая сцяна? - пакпіў нехта нябачны. - I зубцы яе нічога не нагадваюць?»
«Якія яшчэ зубцы?» - не зразумеў ён, але тут жа пазнаў чырвоную зубчастую сцяну, і плошчу, і цёмную ўсечаную піраміду маўзалея, і постаці наверсе... Хоць наконт таго, чые постаці, мо і памыляўся: адразу, з усёй пэўнасцю сцвярджаць не ўзяўся б. Ці мала хто там стаяў! Ды і ці стаяў, невядома: цені на сцяне зніклі, яны з'явіліся...
«Дурню сёе-тое з неверагоднага паказаць хочуць, а ён за разважанні чапляецца», - азвалася цішыня, і Ковач не знайшоў, чым адказаць: што - адказваць? каму?
А дзеянне ўжо было запушчана, спружына пачала раскручвацца, і хоць адчуванне калі не ўдзелу, то прысутнасці падчас разыгранага дзеяння заставалася, нідзе і ніяк ён сябе больш не ўсведамляў, ні з чым і ні з кім не атаясамліваў. Усё адбывалася без яго ўдзелу і неўзапраўду - так, нібы разыгрываўся дзіўны спектакль тэатра марыянетак, дзеючыя акцеры якога заставаліся за шырмаю (дакладней, за каменнымі парэнчамі маўзалейнай трыбуны), а ўсе ролі выконвалі марыянеткі. Лялькі!
Читать дальше