Бліжэй да канечнага прыпынку стала спакайней, і, узіраючыся ў акно, у тлумнае жыццё праспекта, Саня бачыла зусім не тое, што мільгала перад паглядам: выразна, да асобных дэталей моднай блакітнай кофтачкі і самых тонкіх рысаў твару паўставала перад ёю Любаша. Так, так, аўтобус рухаўся, гарадскія кварталы адзін за адным заставаліся ззаду, а яна - такая, якой упершыню ўбачыла яе Саня непадалёку ад увахода ў тэатральна-мастацкі інстытут, - стаяла, лёгенька, у такт адной ёй чутнай мелодыі пахітваючыся. Быццам прытанцоўваючы... I ўсміхалася. Не ёй, Сані (хоць, мажліва, і ёй), а гораду, вясноваму дню, ліпам, на якіх прадзёўбвалася лісце, небу без адзінае аблачынкі... Сваёй маладосці, адным словам! I столькі чыстага святла было ў ёй, столькі іскрыстай радасці выплёсквалася праз усмешку, праз ясны позірк, што Саня вачэй не магла адвесці.
- Вы што, не выходзіце? Канечны прыпынак!
Зірнула ўслед жанчыне з ванзэлкамі, якая працісквалася ў дзверы, і тут жа зразумела, што, апроч яе, у салоне ўжо нікога не было.
- Так, так, - таропка пацвердзіла свой намер пакінуць аўтобус, хоць, хутчэй, з нечым іншым пагаджалася, згадаўшы свае думкі.
Ад прыпынку да брамы Маскоўскіх могілак - невялікі прамежак шляху, і на ўсім прамежку - нікога, ніводнага чалавечка. Саня ўздыхнула, быццам (няхай і не прызналася б у тым нават сабе) нейкім крайком душы спадзявалася, што Любаша чакала яе тут, - стаяла ж яна толькі што перад паглядам! усміхалася! Уздых не прынёс палёгкі, але прыспешыў - і Саня пайшла ўбок пляцоўкі перад далекаватаю адсюль брамаю, дзівячыся адно на сосны. На сосны і неба над імі, чыстае-чыстае, без адзінай аблачынкі.
Пра што думала? Ды ні пра што. Няспешна ішла, забыўшыся на час, які застаўся там, у горадзе, на тлумным праспекце, і не меў да яе ніякага дачынення. Набліжаючыся, вышэлі маўклівыя, прысыпаныя снегам сосны - нават сонечныя водбліскі, здавалася, прыстылі да цяжкіх галін і ніводным усплёскам не парушалі гэтай маўклівасці, маўклівай журботнай велічы месца. I хоць не першы раз наведвала яго Саня, міжволі адчувала ціхае ўзрушэнне, і сустрэча з памяццю, якая прывабіла думкі, ужо ўяўлялася сустрэчай з цішынёю. 3 той цішынёю, што з кожным крокам ўсё шчытней ахінала, атуляла, абдымала яе, а ў хуткім часе, пасля таго, як прайшла Саня праз браму і сіупіла на заснежаную алею, паглынула ўсё. I мінулае, і цяперашняе.
Удыхаючы марознае паветра і дзівячыся на водсветы неба паўсюль - на сумётах праваруч і леваруч ад руху, на камлях і галінах соснаў, шукала паглядам патрэбную сцежку. I наўрад ці адшукала б адразу (столькі снегу панамятала ўкруг!), калі б не ўбачыла грудок з вянкоў і кветак, толькі злёгку прыцярушаных інеем, метраў за дваццаць ад цэнтральнай алеі.
- Я прыйшла, Любаша! Ты пагукала мяне - і я прыйшла... - падумала ці прашаптала Саня, і рэха думкі, крануўшы нахіленую цяжарам наліплага снегу галіну, асыпалася празрыстай аблачынкаю інею проста на плечы.
Непадалёку заценькала сініца, ёй азвалася другая - і зноў усё аціхла. Ледзь чутна парыпваў снег пад нагамі, глыбела, запавольваючыся, дыханне. Бязгучна пырхалі вакол сонечныя бліскі, і крокі Саніны цішэлі, цішэлі. Пакуль увогуле не аціхлі, прыстыўшы да пратаптанае ў снезе сцежкі.
Перш чым пакласці ружовыя гваздзікі, Саня намерылася змахнуць іней з прымерзлых да грудка кветчын, але штосьці ўтрымала руку. Упалі, рассыпаўшыся круга, гваздзікі, і калі яна выпрасталася і падняла пагляд, то знямела ад нечаканасці. Спачатку - ад нечаканасці, якая нават напужала яе ў першы момант, потым - ад захаплення, якое межавала з містычным жахам. Саня не трызніла, не! Яна нават вачэй не заплюшчыла, знерухомеўшы. I калі б раптам уздумала спытаць, што азначала сцэна, якая паўстала перад паглядам, пытаць не было б у каго: нікога - на ўсёй бачнай пространі могілак. Нікога, апроч...
Розум адмаўляўся верыць, а душа ўжо цягнулася да таго, што адкрывалася ёй: крокі за тры ад сцежкі - там, дзе толькі што ўзвышаўся над грудаю кветак драўляны крыж, бачыліся ёй дзве постаці ў белым. Адна - зіхоткая - уся акружаная ззяннем! - стаяла тварам да той, што ўкленчвала, і Саня чамусьці баялася паверыць у такуюстрэчу, у такоешчасце. I сама б укленчыла, апусцілася на калені проста ў снег, калі б здольная была зварухнуцца. Яна і ўсвядоміць не магла ўзніклае жаданне, не тое што выканаць.
Ад Маці Божае (ад каго ж яшчэ?!) сыходзіла такое яркае ззянне, што часам усё патанала ў ім, - і толькі душа Саніна сваім нястрымным парываннем прарывала ўзніклую запону. Больш таго: усё-ткі ўставала перад Багародзіцаю (не Саня, а душа яе) - і ўразумець, як падобнае магло адбывацца, калі ўвогуле адбывалася, не дадзена нікому са смертных: ні ёй, ні кам б там ні было. Ды ў гэты момант і не хацела Саня нічога разумець: не розум - сэрца валодала цяпер усімі правамі...
Читать дальше