- Апраўдваецца той, хто вінаваты, - мякка папракнуў голас, які і жаночым наўрад ці выдаваў з усёю пэўнасцю.
- Ві-на-ваты?! За што? За тое, што не адпіхнуў прыгожую жанчыну, якая ліпла да мяне? Што разлічыўся за любоў тым, чаго прасілі? Што не азірнуўся, аднойчы развітаўшыся назусім? - ён быццам абкручваў сябе непрагучалымі і ад таго яшчэ больш даўкімі пытаннямі, хоць і адчуваў, што зноў навальваецца незразумелая стома. Цяжкая, непад’ёмная стома...
Міжволі прыкрыў вочы. Нават далонню - паверх павекаў. I не проста адкінуўся на высокую спінку крэсла, а як уплішчыўся ў яе ўсім цяжарам цела. Здаецца, каб можна, зліўся б з ёю, шукаючы ці то абароны, ці то спакою - хвіліны спакойнага адпачынку. Але думкі вярэдзілі душу, малюючы, выяўляючы то адну карціну, то другую. Дакладней, не карціны, а фрагменты іх, якія самой гэтай фрагментарнасцю нагадвалі нейкія сколкі, абрыўкі, чарапкі цэлага. Чаго - цэлага, у думках не чыталася. Mo таму, што Ковач i не хацеў нічога прачытваць ці ўдакладняць. Галоўным скрозь была работа, а побыт, сям’я - тым больш, выпадковыя знаёмствы! - заставаліся калі і не па-за свядомасцю, то ўжо ж, не на пярэднім плане яе. Партыя развальвалася, улада ледзьве ліпела, ужо амаль няздольная прадухіліць распад краіны ці хоць бы не застацца каля разбітага карыта, а думкі разбрыдаліся - расцякаліся хто ведае куды...
- Апраўдваецца той, хто вінаваты, - вярнулася ўжо прагучалае колькі хвілін таму, і гэты раз Ковач ніяк не зрэагаваў на словы: апраўдвацца - перад кім? Перад ахвяраю ўласнага глупства? Перад сабою?
- Прэч! Прэч усе ўзгадкі! - мовіў уголас і рашуча выпрастаўся ў крэсле. Пакратаў плячамі, быццам гэтымі няспешнымі рухамі атрасаўся ад здранцвення, і, уключыўшы сувязь з прыёмнай, загадаў выклікаць машыну.
***
Эвеліна, разваліўшыся ў крэсле так вальяжна, як магла толькі яна, пакручвала ў пальцах цыгарэту, нібы раздумвала, прыпальваць яе ці пакласці ў пачак і засяродзіцца на тым, што, часам зрываючыся на фальцэт, даводзіў ёй Пекар. Але цяпер гэта давала занятак пальцам і, калі яна над чым і раздумвала ў гэту хвіліну, то над тым, чаму такія чыноўныя пацукі, як ён, аказваюцца ва ўрадавых структурах: прагрызаюць сабе дарогу, ці што? Акцёрам некалі хацеў стаць - не стаў, не пацягнуў. У рэжысёры спрабаваў падацца - на партыйную работу вылучылі. А там прасцей: сачы, каму, дзе і як прыслужыць - і ўся работа. За каго даведкі пісаў, каму дзве-тры ідэйкі ў даклад падкідваў, а з кім вышэй і ў верных лакеях пахадзіць год-другі не саромеўся...
- Ты не слухаеш мяне, Эвеліна! - перастаў Пекар размахваць рукамі і ўтаропіўся ў жанчыну.
- Пакуль што не было чаго слухаць, - прыўзняла яна цяжкія ад тушы вейкі. - Супакоішся - скажаш. Пашукаў бы лепш агню.
Гаварыла ленавата, разглядвала колішняга свайго палюбоўніка калі і не грэбліва, то без імпэту. Пастарэў... Мяшкі пад вачамі... За дамачкамі наўрад ці ўхлёствае, як раней: няма чаго прад’явіць...
- 3 мяне скуру здымаюць, а ёй хаханькі!
- У такіх, як ты, my dear, новая скура тут жа вырастав, так што скарга не прымаецца, - ўсміхнулася Эвеліна і, назіраючы, як ён корпаецца ў шуфлядзе ў пошуку запалак, спакойна адкрыла сумачку і ўзяла запальнічку. - Чаго ты ўсхадзіўся, быццам пораху пад хвост сыпанулі? Даручана правесці выхаваўчую гутарку - праводзь. А то: нігілізм! западэншчына! знявага ўлады, вінаватай за амаральнасць усіх і кожнага!
- Дык ты ўсё-ткі чула ўсё, што я думаю...
- Ты ніколі ні пра што не думаеш, my dear, i мы абое гэта ведаем, - пстрыкнула яна запальнічкаю, і хутка прыемны пах дарагога тытуню паплыў над сталом, каля якога сядзела ў залішне вольнай для начальніцкага кабінета позе. - Ты паўтараеш тое, што кажуць твае начальнікі, паплечнікі ці сабутыльнікі. I правільна робіш! Так лягчэй. I бяспечней. Калі ўсур’ёз успрымаеш сваю пасаду.
- Хто каго выхоўвае? - гэпнуўся Пекар на крэсла насупраць, наперад пагадзіўшыся, што ніякая гаворка ні да чаго не прывядзе. - Не я ж, а ты напісала: «У нас няма палітыкаў, ёсць партфункцыянеры».
- I што? Я схлусіла?
- А вось яшчэ шэдэўр: «Любая імперыя хавае сябе пад сваімі абломкамі, сённяшні час - не выключэнне», - моршчыўся, удыхаючы цыга- рэтны дым, Пекар. - Маеш на ўвазе...
- Ты цудоўна разумееш, што я маю на ўвазе! Даўно быў у Прастольнай?
- Пры чым тут...
- Пры тым, што ніводзін з былых не патлумачыць - не ведае! - хто сёння на перадавой, хто ў абозе: старыя разумнікі павыміралі, новыя да новага прыглядваюцца, кішэні расшываючы.
- Пры чым тут... - зноў недагаварыў ён.
- Даць цыгарэту? А то храпамі, як конь, паводзіш, - перакінула нагу на нагу Эвеліна.
Читать дальше