***
Газеты пісалі пра спектакль купалаўцаў, сыграны без адной з галоўных гераінь, стрымана, без асабістых эмоцый: ці то сама незвычайнасць падзеі перашкаджала выказацца з большым захапленнем альбо з большай насцярогаю, ці то папярэджанне, якое сыходзіла зверху, спрацавала, але і слоў і ацэнак прагучала няшмат, а вядучыя тэатральныя крытыкі ўвогуле адмаўчаліся. Сяго-таго з іх, як Эвеліну Райскую, давялося асаджваць, але вынікам Ковач быў задаволены і ў думках нават пахваліў Пекара, якога рэдка ўспрымаў усур’ёз: з узніклай сітуацыі той выйшаў гэтым разам без асаблівых страт, мо таму, што сам з племені скамарохаў...
Думка чамусьці не выклікала ўсмешкі, хоць Пекар і ўбачыўся ў момант, калі яна мільганула, у скамарошай шапцы са званцамі, і Ковача гэта зачапіла: ён што - сапраўды ўсур’ёз успрымаў тэатральную эпапею любві і адпомсты? Толькі гэтага цяпер не ставала! Падобных гісторый - толькі што воддаль ад падмосткаў! - лічыць не пералічыць...
- Не трэба дакладваць, - пачуўся голас Першага, і перш чым адчыніліся і потым шчыльна зачыніліся за ім двайныя дзверы, Ковач паспеў падхапіцца і зрабіць тыя некалькі крокаў, што падзялялі іх.
- Вы маглі выклікаць мяне, - схіліў галаву, вітаючыся, і потым паціснуў пададзеную руку.
- У цябе спакайней, - пайшоў той да стала і апусціўся на крайняе, дальняе ад стала крэсла, жэстам прапануючы Ковачу сесці насупраць. - Дакладваць абстаноўку не абавязкова. Ведаю. Трэба яшчэ раз нагадаць табе пра мэту тваёй паездкі ў Маскву.
- ?!
- На нараду, дзе будуць абмяркоўвацца вынікі рэферэндуму, - не даў ён Ковачу мажлівасці здзівіцца ці штосьці спытаць, а, прадоўжыўшы, паклаў на стол і пасунуў у яго бок паперчыну, аркуш з тэкстам, напісаным ад рукі. - Пазіцыя рэспублікі выразна акрэсленая і нязменная: вынікі галасавання гавораць самі за сябе, але могуць быць іншымі ўнесеныя карэктывы.
- Так, так, - ківаў Ковач, прабягаючы напіcанае і адрасаванае яму асабіста, дзе паведамлялася: «Курс на распад СССР будзе падтрыманы Украінаю. Не напрамую, але цвёрда. Там хочуць скарыстаць сітуацыю і замацавацца ў статусе незалежнай краіны. Прашу абдумаць наш курс і з прапановамі (пажадана мець некалькі варыянтаў) у нядзелю - да мяне. На прыродзе ўсё абгаворым».
- Наша рашэнне, - убачыўшы, што нататка прачытаная, забраў той яе ў Ковача, - прынята, і мяняцца не будзе. 3 гэтым і паедзеш.
- Ёсць, - па-вайсковаму адказаў Ковач, але штосьці, відаць, мільганула ў яго на твары, бо Іван Кузьміч ледзь заўважна ўсміхнуўся, перш чым спытаў:
- Што? Кепска выглядаю?
- Ды не... - сумеўся Ковач.
- Кепска. Ведаю. Работы шмат. А да паездкі рыхтуйся!
- Ужо прыступіў.
Ковач праводзіў Першага да парога, адчыніў перад ім дзверы і потым, калі застаўся ў кабінеце адзін, доўга стаяў за два-тры крокі ад акна, узіраючыся ў бачную праз яго лапіну неба. Думаў, як ні дзіўна, не пра тое, што прагучала ці не прагучала колькі хвілін таму, а пра даўняе сваё захапленне парашутнымі скачкамі, калі не толькі пагляду, а і душы, здавалася, адкрываліся такія пространі, такія вышыні, што ажно дух займала.
«Старэю...» - мільганула ў думках, але ўздых утрымаць Ковач усё ж здолеў: знайшоў час маладыя гады ўзгадваць!
А лапіна неба шырылася, павялічвалася - і вось ужо лёгка пагойдваліся побач аблачынкі, вось ужо плыла празрыстая, прасвечаная наскрозь зыркімі сонечнымі промнямі сінеча, бязмежная ва ўсе чатыры бакі, пакалыхваючы яго. Hi зямлі ўнізе, ні яркага купала парашута над галавою - неба і неба!
Дзіўнае адчуванне лёгкасці, здавалася, ужо забытае пачуццё злітнасці з вышынёю не адпускалі - і імгненні цяклі праз яго незаўважна, і сонечныя бліскі плёскаліся паблізу. Нібы спомін пра палёт абярнуўся самім палётам, вярнуўшы далёкую радасць.
- Ты прыняў маю любоў... Ты абяцаў вярнуцца ў мае абдымкі...
Словы прагучалі хоць і ціха, быццам аднекуль здалёк, але так выразна, што Ковач заазіраўся, не адразу зразумеўшы, чаму з ледзь чутным звонам рассыпалася, асыпалася доле празрыстая сінеча неба, чаму перарваўся палёт, знікла адчуванне бязважкасці і зноў азваўся ў грудзях стары боль.
«Які палёт? Чый голас? - зазлаваў, папікнуў сам сябе ў душы Ковач. - Не ставала яшчэ з глузду з’ехаць!»
Але і тады, калі ён адвярнуўся ад акна і заняў сваё месца за сталом, каб абдумаць адзін-два хады хуткага, па ўсім відаць, візіту ў Маскву, засяродзіцца на рабоце не змог. Напэўна, не збягаць трэба было ўвесь час ад спомінаў, ад пытанняў, якія яны заўсёды нечакана высвечвалі, а паспрабаваць разабрацца, на што натыкаўся ў сваіх разважаннях, ледзь толькі азіраўся назад, на некалькі гадоў назад...
Читать дальше