- Прэса, як загадана, адмоўчваецца. Калі што дзе і ўзнікае, то як спачуванне з нагоды трагічнага выпадку, недарэчнай выпадковасці. Інфармацыя праходзіць і сумніву не выклікае, бо, як справядліва лічыць абывацель, з нагоды прысваення звання народнай артысткі з балкона не выкідваюцца.
- Абстаноўка ў тэатры?
- Нервозная. Не ўсіх задавальняе афіцыйнае заключэнне, - разглядваў свае складзеныя на каленях рукі памочнік. - Сёй-той, хоць і не ў поўны голас, пагаворвае пра забойства... пра мажлівасць забойства маладой і таленавітай...
- Што за манера таптацца па ўласных словах? - паморшчыўся Пекар, адводзячы нарэшце позірк. - 3 Глінскім гаварыў? Яго думку выслухаў?
- Рэжысёр лічыць, што акцёрскаму асяроддзю трэба свядома падкінуць інфармацыю пра хваробу... пра нервовае захворванне актрысы, якое яна ўмела хавала, пакуль удавалася... Мяркую, прапанова рызыкоўная, на мяжы скандала... - зноў пачаў заікацца той.
- Гледзячы як падаць, - не пагадзіўся з ім Пекар, здавалася, нават злёгку ажывіўшыся. - Калі ненавязліва... тонка... час ад часу абвяргаючы... чыста неафіцыйна...
Ён быццам забыў пра прысутнасць памочніка, разважаючы ўголас, і было відаць, што падкінутая ідэя яму спадабалася хоць бы тым, што прапаноўвала новы шлях для думкі, якая трэці дзень тапталася на адным і тым жа месцы. Тапталася менавіта таму, што рассеянасць, неасцярожнасць актрысы, якой вытлумачылі недарэчнае здарэнне, пакідалі за дужкамі шмат пытанняў. Хоць, пэўна, не менш пытанняў выклікала б і спасылка на нервовы стан ці, тым больш, нервовае захворванне: каму у такім выпадку давалася званне народнай?
- Не, не! - адмахнуўся ад пытання. - Чым менш тлумачэнняў, тым лепш. Ёсць афіцыйная думка. - I ўсе - падкрэсліваю: усе! - павінны ад яе адштурхвацца.
- Рот жа ўсім не закрыеш, - асмеліўся запярэчыць памочнік.
- А хто кажа пра нейкія дзеянні? Тым больш сілавыя?
- Я мушу паправіцца... Замала часу мінула. Mo і не забудзецца ўсё з цягам дзён, але змуляецца, аціхне. Сёння ж... Цяпер...
- Што - сёння? - зноў пачаў губляць цярпенне Пекар. - Пра «сёння» і гаворка! Ёсць мажлівасць штосьці змякчыць, выправіць?
- Калі мая думка ўзапраўду цікавіць, - раптам зазлаваў у душы той, - то, мяркую, не зашкодзіла б высокаму начальству з’явіцца ў тэатры, і не інкогніта, а адкрыта. Пайсці, пагутарыць з акцёрамі, а не толькі з рэжысёрам. Падтрымаць, паспачуваць іх гору: спачуванне часам дарагога каштуе. Асабліва, калі трэба адвесці цень сумнення альбо падазронасці.
- I ты на нешта намякаеш?
- А мне гэта навошта? А то не ведаю...
У голасе Івана нечакана з’явіліся жорсткія ноткі: збрыдла іграць, прыкідвацца дурнем... I перад кім? Перад гэтым блудлівым кабялём, што, нашкодзіўшы, гадзіць на ўласны след? Збрыдла! Трэба б паслаць і яго, і ўсіх астатніх да дзесятае чортавай бабкі і сысці!
Таго, чаго не дазволіла б зрабіць шматгадовая службовая вывучка, лёгка адолелі крыўда і абурэнне: плечы развінуліся, спіна выпрамілася, галава прыўзнялася, твар пасуровеў... Нават пагардлівая ўсмешка слізганула па твары, яшчэ больш змяніўшы звыклы выраз яго. Калі б Пекар зірнуў на памочніка ў гэты момант, моцна задумаўся б: каму ўжо каму, а Івану ён давяраў, аднойчы і назаўсёды вырашыўшы для сябе і лёс, і месца старога сябрука ў табелі рангаў, думаць не думаў, вядома, што таго магло не задавальняць прапанаванае і кімсьці там вызначанае.
- Зробім так, - прыпаліў ён цыгарэту, пасунуўшы пачак і запальнічку ўбок Івана. - Ты пойдзеш у тэатр...
- Але...
- Ты, - не даў яму аспрэчыць сваё рашэнне Пекар, - пойдзеш у тэатр. Афіцыйна або неафіцыйна - твая справа, а гаворка павінна адбыцца максімальна адкрытая і шчырая. Я... Я падключу Эвеліну і праз яе - іншых тэатральных крытыкаў, каб увесь бліжэйшы нумар «Тэатральнай Беларусі» быў прысвечаны купалаўцам, іх былой і новай славе.
Іван, адзначыўшы ў думках, што прапанова разумная, ніяк не адрэагаваў. Узяў цыгарэту, прыпаліў, зацягнуўся, шукаючы позіркам попельніцу, потым сеў яшчэ вальней, перакінуў нагу на нагу.
- Будзеш пярэчыць? - нарэшце заўважыў гаспадар кабінета змены ў паводзінах памочніка. - Ці літасціва пагодзішся? А то бачу: надзьмуўся, наструніўея...
- Плюнуць на ўсё хочацца.
- Плюнь! - засмяяўся той. - Супраць ветру, сам ведаеш...
- Ну-у, калі пад ветрам ты маеш на ўвазе сябе, небяспека невялікая, - нават не ўсміхнуўся ў адказ Іван. - Духу не хопіць.
- Ш-што?! - папярхнуўся смехам ці цыгарэтным дымам Пекар, бо тут жа закашляўся, выпучыўшы на яго вочы.
- Духу не хопіць, кажу. Быў - ды ўвесь выйшаў, - і брывом той не павёў, хоць і дзівіўся сам на сябе: столькі гадоў цярпеў, а тут як прарвала... - Любога, з кім зводзіла жыццё, з кім сутыкаўсяя, і ў грош ніколі не ставіў, а таго не заўважаў, што душа выпетрала і роля, якую выконваеш, даўно не па табе.
Читать дальше