- Ты не думаеш...
- Я думаю: хутка ўсё праясніцца, - хаваў ён раптам узніклую і ў яго ў душы трывогу. - Гэткая навіна для любога не хухры-мухры.
- Прыехаў! - высунуў галаву з-за кулісы хтосьці са статыстаў.
- Хто? Эдуард? - віхлянула клубамі Саня, атросшы Генікаву руку.
- Пайшоў да сябе... Твар чорны, як зямля... - пакаціўся шэпт ад аднаго да другога, і ўсё аціхла.
Саня дзвюма рукамі ўчапілася ў парэнчы крэсла, каб устаць, прыўстаць, і не змагла нават зварухнуцца. Яшчэ нічога не было сказана, а жах ужо ўціскаў яе ў крэсла: яна адчувала! прадчувала нядобрае! ёй не варта было пакідаць Любашу адну пасля той балючай размовы!
- Вазьмі, - падаў ёй Гукаў таблетку. Саня машынальна ўзяла і, зглынуўшы пераселы ў горле камяк горычы, паклала пад язык.
- А што здарылася? - падскочыў Генік. - Што адбываецца? Мы што - на пахаванні?
- Заткніся! - рэзка кінуў Гукаў, не павярнуўшы галавы.
- Эд Саныч... Эдуард Аляксандравіч! - кінулася насустрач рэжысёру Ганна, першаю ўгледзеўшы яго праз кулісы. - Мы вас зачакаліся! Мы ўсё падрыхтавалі, каб павіншаваць новую народную артыстку, а яе дасюль няма. I вы...
- Любы... Любові Георгіеўны больш няма, - адхінуў яе Глінскі, звяртаючыся да ўсіх. - Трагічны выпадак.
Усе, падрыхтаваныя для гэтай хвіліны словы зніклі, перш чым прыйшлі на памяць, і ён стаяў там, дзе спыніўся, за тры крокі ад знямелых акцёраў (дзве такога маштабу навіны для адной раніцы і для акцёраў замнога), і не ведаў, што шчэ казаць, куды сунуць рукі, якія раптам сталі перашкаджаць і няўклюдна торгаліся ў пошуку патрэбнага зараз жэста.
Колькі доўжылася агульнае зняменне, калі б раптоўна не ўскрыкнула, прыкрываючы рот далонню, Саня, невядома, але тут жа, быццам адчараваныя яе ўскрыкам, усе ажылі: хтосьці зашморгаў носам, хтосьці падаўся бліжэй да яе і Гукава, як адчуўшы, што ў гэту хвіліну не вакол рэжысёра, а менавіта вакол іх трэба згрупавацца, каб нейкім чынам, хоць бы і моўчкі, асэнсаваць толькі што пачутае і яшчэ да канца не ўсвядомленае.
- Забілі... усё-ткі забілі... - пахітвалася з боку ў бок Саня, абхапіўшы галаву рукамі.
- Хто?!
- За што?
- 3 чаго ты ўзяла? Нічога ж не вядома.
Пытанні наўрад ці дасягалі яе слыху, акружаючы хісткай цьмянаю сцяной, з-за якой Саня самастойна, без дапамогі, не выбралася б, і дапамога не змусіла сябе чакаць. Перш Гукаў, які не адходзіў ад Сані ні на крок, прыўзняў, падняў яе з крэсла і абняў, тулячы да сябе. Потым і астатнія падаліся бліжэй, каб крануцца яе, пагладзіць па плячы, жэстам і словам выказаць спачуванне, паказаць, што гэта і іх боль, і іх страта.
Момант ісціны? Непадуладны кантролю эмацыянальны парыў? Патаемны, глыбока ў душу загнаны страх пакінутасці ці, больш таго, адвергнутасці людзьмі і небам у іх прэтэнзіях на жыццё і славу? Штосьці адгукнулася у кожным з акцёраў у гэту хвіліну - штосьці, што перамагло ўсе іншыя прыхільнасці, пачуцці і страхі, падштурхнуўшы ўсіх з’яднацца, сплесці ўсе памкненні ў адно.
Глінскі, пра якога ўсе раптам забылі, пакінуўшы ў адзіноце там, дзе запыніла скіраваная на яго ўвага трупы, спярша нават разгубіўся: хіба не ён у тэатры галоўны? Хіба не ад яго залежала...
«Мабыць, не цяпер», - мільганула думка, і, асабліва не засяроджваючыся на ёй, Глінскі павярнуўся і пайшоў са сцэны. Мажліва, і чакаў, што хто-небудзь кінецца следам ці хоць бы пагукае, але і сабе не прызнаўся б у тым. Тым больш, што ніхто не пагукаў.
***
Вяла перабіраючы паперы на стале і не ўчытваючыся ні ў адну з іх, Пекар чакаў памочніка з дакладам і раз-пораз адплёўваўся ў душы ад непрыемных думак. А яны з упартай настойлівасцю вярталіся, атручваючы хвіліны, гадзіны каторы ўжо дзень. «I трэба ж было гэтай дурніцы менавіта цяпер, калі разглядвалася пытанне аб яго павышэнні, сігануць з балкона! Ды іншыя, не менш таленавітыя, дзесяцігоддзямі выслужвалі званне, а ёй... Тлумач цяпер, апраўдвайся!»
- Ат, Бог бацька! - адмахнуўся чарговы раз і рашуча адпіхнуў паперы: не да іх! Потым, пачуўшы прыглушаны голас памочніка за дзвярыма, гукнуў: - Што ты там топчашся, Іван? Заходзь. Дакладвай.
Той бачком праціснуўся ў прыадчыненыя дзверы і шчыльна зачыніў іх за сабой. Паспрабаваў выпрастацца, крыху развінуць плечы, але пад цяжкім позіркам Пекара гэтак жа, бачком, і наблізіўся да стала.
- Ну? Што нашкроб? - адсунуўся ад папер разам з крэслам, перакінуў нагу на нагу. - Сядай і выкладвай.
Пэўна ж, пасля дазволу прысесці ў Івана трохі адлягло ад душы: мо не будзе бос кідацца, як згаладалы сабака? А то ўчора... Дадумваць не стаў, бо ледзь толькі падняў пагляд над сталом, як словы самі, здаецца, пасыпаліся:
Читать дальше