Тэмпературу Люба не мерала, нейкім дзесятым пачуццём адчуваючы, што прастуда тут ні пры чым, - атрутнай стрэмкаю перасела ў душы крыўда, і атрута болем расцякалася па раптам аслаблым целе, знясільваючы, нявечачы яго. Вось-вось, здавалася, абваліцца яно хоць на ложак, хоць на падлогу і пачне нерухомець, мярцвець - і нарэшце адпусціць душу, адпусціць жыццё на ўсе чатыры бакі, ажно не. Вярталася думка пра загнаны ў душу боль - вяртаўся боль - і стогнам адгукалася на яго жанчына.
А ноч доўжылася і доўжылася, стрэлкі гадзінніка быццам бы ўвогуле спыніліся... I - каб які нечаканы тэлефонны званок! Каб якая ратавальная думка! Не... Чым далей, тым горш. Калі стома або чарговы наступ ліхаманкі перапынялі яе кіданні па пакоях - з пакоя ў пакой, Любе пачыналі мроіцца нечыя постаці паблізу, нечыя твары. Мноства самых розных твараў! I ўсе схіляліся над ёю, па чарзе, а то і ўсе разам корчылі грымасы, крыва пасміхаліся, запаўняючы пакой спярша гэтымі абразлівымі усмешкамі, потым не менш абразлівымі словамі.
- Вы толькі зірніце на яе! Вяхотка, а туды ж! - пра любоў, пра слёзы па страчаным каханым...
- Званне выслужвала, перад кожным чыноўным кабялём спадніцу задзірала, перад кім іншым недатыкальную з сябе корчачы.
- Маладая, ды ранняя!
- Усім вочы не завяжаш: ба-а-ачылі - і... неаднойчы бачылі, як перш скача, а потым плача!
- Даскакалася...
- А гонару колькі! I той ёй не пара, і той не партнёр... Не тым заваблівалі, відаць. Не ўхваляць, а добра пужануць трэба было, каб у абдымкі трапіць.
- Ды не абдымаў шукалі...
Галасы таўклі цішыню, якая калючымі іголкамі асыпалася на Любу, і хутка яна перастала ўспрымаць сэнс слоў, сэнс таго, што адбывалася.
- Мама! ма-ма! - гукала тую, чыйго твару не памятала, а над ёю схіляўся перакошаны злосцю твар незнаёмай жанчыны.
- Любоў... Бач чаго захацела!
- Саня! Я збіралася ўсё табе расказаць... Абавязкова расказала б! - адпіхвала яна незнаёмы твар, звяртаючыся да сяброўкі, а ў адказ гучаў смех, чыйсьці істэрычны смех.
- Другая ганарылася б сонмам грашавітых палюбоўнікаў, а гэта апраўдваецца.. I перад кім!
- Я палюбіла цябе... Люблю цябе! Няўжо ты не адчуваеш, як я паміраю? - узгадвала Люба каханага, а сэрца спынялася, дыхаць не было чым.
Неймаверным намаганнем волі змусіла сябе ўстаць, уключыла святло, каб яшчэ раз пераканацца, што ў пакоі нікога не было, і зірнула на гадзіннік. Пяць гадзін раніцы... Улетку дзень бы ўжо займаўся, а цяпер... I цяпер яна магла апрануцца і пайсці на вуліцу. Прайсціся па ўсё яшчэ сонным горадзе, падыхаць чыстым марозным паветрам.
Думка падбадзёрыла. I яшчэ да таго, як прыйшло рашэнне, Люба пачала нацягваць боты, шукаць паглядам футра і шапку: на вуліцы, на марозе ўсё прыйдзе ў норму, усё нейкім чынам вытлумачыцца - і боль аціхне. Паціху, памалу адпусціць, вярнуўшы спакой. Хоць некалькі гадзін спакою, у якія льга будзе адпачыць, адаспацца. I тады... Тады яна здолее ўгаварыць душу змірыцца - прыняць адзіноту як належнае і змусіць яе дараваць адступніцтва сяброў, адступніцтва каханага. Каб жыць. Каб неяк жыць далей...
Спускаючыся па лесвіцы, Люба лічыла прыступкі. Чаплялася за парэнчы, змушала сябе ісці далей, рабіць крок за крокам і лічыць. Сто дзевяноста шэсць... сто дзевяноста сем... Лічбы свядомасцю не фіксаваліся, але думкі адганялі - і адно гэтым дапамагалі, падтрымлівалі, адлічваючы і прыступкі, і крокі, і імгненні, уціснутыя ў паўцёмны лесвічны прагал з усё яшчэ адключаным ліфтам.
Марознае паветра, ледзь толькі ўправілася Люба з цяжкімі ўваходнымі дзвярамі, апякло дыханне, змусіла страпянуцца, апрытомнець, узгадаць пра мэту сваіх дзеянняў. Прайсціся... аддыхацца... забыць пра начныя прывіды... суцішыць боль у грудзях... Словы, як толькі што лічбы, надавалі пэўны рытм руху, павольным, калі не запаволеным, крокам. Прайсціся... аддыхацца... забыць... Неглыбокі снежны покрыў, у які ўдрукоўваліся і словы, і крокі, ледзь прыкметна адбліскваў час ад часу сваімі сінімі крышталікамі, хоць Люба наўрад ці заўважала гэта. Ішла, куды ішла, - уздоўж доўгай сцяны. Калі сцяна заканчвалася, паварочвала, рухаючыся ўздоўж другой сцяны. Што гэта за сцены, чаму яна як навязана да іх увесь час, куды б ні паварочвала, не ведала. Ды і не хацела ведаць. Важнейшым здаваўся сам рух, павольны, але няспынны, - пакуль не пакінула сіла, пакуль не скавала стома, трэба было ісці. I ні аб чым не ўзгадваць, ні пра што не думаць!
Дзіўнае (калі б хто дзівіўся на яе ў гэтыя хвіліны) гэта кружэнне вакол дома - круг за кругам вакол дома, дзе жыла, - крыху запавольвалася, але Люба не магла спыніцца. Ледзьве ногі валакла ўжо, заграбаючы снег то адным, то другім ботам і раз-пораз спатыкаючыся, а ішла і ішла. Імкнулася прагуляцца па горадзе - вось і прагульвалася! У той бок ці іншы - якая розніца! Яна толькі ўзрадавалася б, калі б раптам заблудзілася ў бязлюднай шэрані гарадской прасторы. А яшчэ лепш - у бяздоннай шэрані ночы, адкуль ужо не выбралася б... Ды не гэта, не гэта змушала рухацца, бо вось жа ўжо заазіралася Люба, пазнаючы і не пазнаючы дом, няроўную сцежку, пратаптаную ёю ўздоўж дома, дзверы ў пад’езд. Вось ужо збірала апошнюю сілу, каб адолець некалькі прыступак да дзвярэй, адчыніць дзверы...
Читать дальше