- Дык жа не сабе пад нос бурчыць, а на буйны паклёп...
- Ты ідзі, Ген. Я сам разбяруся.
Глінскі праводзіў паглядам Геніка да самых дзвярэй, потым лёгкім рухам рукі сцёр з твару пагардлівую усмешку, што нагадвала грымасу, і нягучна, але груба вылаяўся, памянуўшы далёкую прабабку ўсіх на свеце шутоў: і ходзяць, і гадзяць адзін на аднаго...
«Калі б вы ведалі, з якога смецця...» - выплыў з памяці ахматаўскі радок, і Глінскі стомлена адкінуўся на спінку крэсла, прыкрыў вочы, спрабуючы адключыцца ад занадта шэрай і бязрадаснай рэальнасці свайго, па ўсіх мерках, высокага становішча. Рэжысёр... Галоўны рэжысёр... Тэатр - не нейкі там тэатр марыянетак... А ўсё з марыянеткамі меў справу. Што тут, у тэатры, што вышэй.
«Калі б вы ведалі...» Ды ведаў, ведаў ён, з кім меў справу! 3 кім даводзілася мець справу тут, на зямлі, на гэтай смярдзючай грудцы гразі, на якой адно і льга зрэдку пацешыць сябе, спіхнуўшы каго з разумнікаў у змрок апраметнай, каб пад нагамі не блытаўся. Носіцца то адзін хто, то другі з думкаю на кульгавай кабыле яго аб’ехаць на якім з паваротаў шляху, а таго і не падазраюць, што і шлях, і любы паварот яго ў той ці іншы бок не так званай грамадскасцю вызначаюцца, нават не дзяржаўнымі дзеячамі самага высокага кшталту, а імі- такімі, як ён, Глінскі. Абраннікамі. 3 незапамятных часоў, з жыцця ў жыццё, перадавалася гэта права на абранніцтва лепшым з лепшых у іх крузе - і нікому не разарваць гэты круг, покуль стаіць Зямля і кіруюць усім на зямлі грошы. Нікому са смертных.
Змовы, рэвалюцыі, войны, смерці... Калі трэба - мільёны смярцей! План падпарадкавання ўсіх дзяржаў, усіх народаў адной магутнай купцы Абраных прапісаны да дэталяў не сённяшнім днём, не ў апошнім стагоддзі. I - няўхільна выконваўся. Без якіх бы там ні было адхіленняў ці няўвязак. Так было скрозь. I ніхто не мог парушыць - і не парушаў! - рух па ўзведзенай на пачатку часоў лесвіцы здзяйсненняў і перамог, падножжа якой гублялася ў змроку прамінулых тысячагоддзяў. Прыступка за прыступкаю адольвалі яе не народы, як уяўлялася гісторыкам, падманутым грудамі пакінутых ці, дакладней, падкінутых, ім сведчанняў, а Пасвечаныя. Жрацы, Філосафы, Архітэктары, Папы, Пастыры... Hi займаемае месца, ні імя ніколі не мелі значэння! Іерархія выбудоўвалася па іншых прынцыпах, і таямніцу будовы не разгадаў дагэтуль ніводзін разумнік.
Урэшце, таямніца на тое і таямніца, каб, нават высвечаная з таго ці іншага ракурсу промнікам разумення, была здольная тут жа ачысціцца, адкінуць выяўлены фрагмент і зноў замкнуцца, стаць недасягальнай не толькі для позіркаў, але і для думкі. Пасвечаных жа ў таямніцу - у кол, пад уздзеяннем якога адкрывалася б яна хоць адной гранню, - заўсёды было няшмат. Адзінкі. I яны - Зямлі не належалі...
Думкі забуксавалі, і Глінскі ўнутрана насцярожыўся: раптам перайшоў мяжу дазволенага? Міжволі ж паспрабаваў і сябе ўбачыць на лесвіцы іерархіі... Але насцярога праз міг знікла, не закрануўшы свядомасці, і спакой вярнуўся. Хутка ён ужо зноў закалыхваў Глінскага на сваёй плыні: блакітныя ўсплёскі то ўспыхвалі, то злёгку чэзлі, не згасаючы, а быццам аддаляючыся. Аддаляючыся і вабячы, уцягваючы яго ў незнаёмую духоўную пространь.
I - ці тое, пра што думаў, выклікала адпаведную асацыяцыю, ці то збуджанае думкамі ўяўленне ўзялося маляваць жывую, рухомую карціну, але перад паглядам замест кабінета, застаўленага старой, ледзь не даваенных часоў, мэбляю, з’явілася бязмежная ў абодва канцы пірамідальная лесвіца. Яна ні на чым не трымалася, ні на што не абапіралася - проста імкнула адначасова ў абодва бакі. Дакладней, не сама лесвіца ўтварала гэты pyx, а напачатку шматлікі, а потым, з кожнай новай прыступкаю, усё больш разрэджаны людскі натоўп. Натоўп паломнікаў, натоўп прэтэндэнтаў на вышэйшае становішча, агалцелы натоўп вечна галодных і незадаволеных... Вызначаць Глінскі не ўзяўся б, ды і не было на тое ні часу (усё рухалася, мянялася, знікала і зноў узнікала адначасова, аднамомантна), ні выяўленага праз волю жадання. Мільганула думка: дзе ў гэтым натоўпе ён, Глінскі? - ды мільганула і мільганула, згасшы незаўважнай іскаркай у густой цемнай сінечы.
Выява лесвіцы не знікала. Наадварот - быццам набліжалася, узбуйняючы постаці. Мо толькі для таго, каб у нейкі момант убачыў ён твар натоўпу. Менавіта не кагосьці аднаго ў натоўпе, а - натоўпу. I відовішча аказалася мярзотным (якім яшчэ яно магло аказацца?!), калі, здавалася, усе грахоўныя памкненні, уся жывёльнасць людскіх істотаў увасабляліся ў паточаных чорнай злосцю рысах - усе штурхаліся, кожны груба адпіхваў іншага, працярэбліваючы сабе шлях угору, а pyx, быццам замыкаючыся ў самім сабе, не доўжыўся, а закручваўся, скручваўся ў жахлівы клубок брудных, потных целаў. Піхні - і пакоціцца гэты клубок уніз, душачы, трушчачы тых, хто яшчэ не дапяў сюды, на вышыню пагляду...
Читать дальше