Ну, ды такія асацыяцыі нават Стас рэдка спалучаў падчас разважанняў - з чаго б раптам? Калі было што містычнае ў «Мутным воку», зазірнуць куды заўжды знаходзілася нагода, то сама атмасфера там... Атмасфера элітарнага басяцтва, інакш не вызначыш: мэтры ад культуры з тужэй, чым у астатняй браціі, набітымі кашалькамі, заходзілі сюды рэдка - звычайна менш крэдытаздольная і больш кампанейская публіка збіралася, каб пагаманіць за чаркаю ці выпіць пад бясконцую гаману...
Гул галасоў, то ціхі, то грамчэйшы, як і воблікі цыгарэтнага дыму і лёгкага кухоннага чаду над галовамі, даўно не ўспрымаўся чымсьці неардынарным ці, тым больш, надакучлівым: дзеля сустрэч, выпадковых ці прызначаных, сюды, ва ўлонне старога пагорка, спускаліся... Калі ж звыклы голас выбухаў зрэдчас гнеўным крыкам ці істэрычным рогатам (здаралася і такое), парушальніка няпісаных правілаў паводзін тут жа ўціхамірвалі. Налівалі... Выводзіць каго нячаста даводзілася: усе ж, ведалі адно аднаго або не, - свае. А са сваімі - па-свойму і абыходзіліся. Не дапамагала чарка налітая, і мацюкамі абкласці маглі, гукнуўшы буфетчыцы: «Тома, заткні вушы!» I напіваліся, і цверазелі тут хутка. Мо таму, што ніхто нікога не выганяў, покуль вечар доўжыўся і было каму заплаціць за чарговую пляшку...
- Нешта ты невясёлы, Стас. I гэта - пасля чацвёртай чаркі? - распавёўшы ўсё, што хацеў, пра сваю новую п’есу і не дачакаўшыся сур’ёзнага водгуку ці хоць бы проста ўхвалы, азіраўся ў пошуках весялейшай кампаніі Жлуктаў. - Прабач, што я ўсё пра сябе ды пра сваё... Ты - як? Што з кнігай?
- Днямі абяцалі сігнальны экземпляр.
- Ну-у, гэта ж падзея! Сама радавацца, а ты...
- Не зважай, - крыва ўсміхнуўся Стас, не здольны ўзяць сябе ў рукі пасля сутычкі з Генікам, які злосна шыпеў: «Шлюха! Ды Любаша - простая шлюха, а табе ўсё няймецца ўзвысіць яе, апець...» - 3 адным мярзотнікам не размінуўся, ідучы сюды.
- Плюнь! - махаў некаму драматург з таго кутка, куды яны ўплішчыліся, шукаючы вольнае месца. - Не адразу, не з маладых гадоў пачынаеш разумець, што ўсе людзі - мярзотныя па сваей сутнасці істоты, але калі ўразумееш, жыць значна лягчэй. Hi на каго не ўскладаеш надзей, нікога не падпускаеш бліжэй, чым на аплявуху.
- Жанчыне ж аплявуху не ўмажаш, - падумаў услых Стас і сам уздрыгнуў ад нечаканасці. - Я гэта.. Не ўсё ж аплявуха вырашае...
- Баба! Як жа я адразу не ўцяміў, тваю перакошаную фізію ўгледзеўшы? - усплёснуў рукамі і тут жа пачаў разліваць гарэлку па чарках. - Ды пра баб і ўвогуле думаць не варта. Замуляе - падкоцішся да якой на гадзінку, дужа не ўзіраючыся і не выбіраючы, а здаволішся - гуд бай, май бэбі! I не ўспомніш потым.
- Цынік ты, Жлуктаў.
- Я - цынік, ты - дурань... У чым розніца?
- У тым, што за дурня можна і пакрыўдзіцца, - не стаў піць Стас, нават чарку адсунуў крыху.
- Хочаш праўду? - зрабіў выгляд, што не заўважыў яго руху Жлуктаў, і наліў сабе яшчэ. - Дык хочаш - ці кішка тонкая, каб яе пераварыць?
- Адзін ужо сказаў... - буркнуў Стас, думаючы, як падняцца і прайсці між шчытна ссунутых крэслаў.
- Угу. Сказаў. А ты, паверыўшы, не паверыў...
- Ты - пра што? - тузануўся ён, зачапіўшы стол, і Жлуктаў ледзь паспеў утрымаць яго хісткую раўнавагу. - I ты - ўсё ведаеш?!
- А хто не ведае, стары! Ды выпі, ёш тваю! Выпі і плюнь. Шукаць небажыхарку сярод актрыс толькі паэту ў галаву прыйдзе, а рэальнасць...
- Паслаць бы вашу рэальнасць!
- Вось і пашлі. Адразу палягчэе, - шукаў на стале, чым прыкусіць, і, не знайшоўшы, зноў напоўніў чарку Жлуктаў. - Сюжэт твой і на драму не цягне, не тое што на трагедыю.
Стас моўчкі выпіў, моўчкі пасунуў чарку да Жлуктава, каб той зноў напоўніў яе: лягчэй ад гарэлкі не станавілася, але ж не сядзець як на пахаванні.
Думка зачапіла, і чамусьці стала не па сабе. Якое пахаванне? Каго ён хавае? Што яму раптам убілася ў галаву? Ажно мурашкі па спіне папаўзлі... Міжволі пацягнуўся да ўжо амаль пустой пляшкі, хоць паўнюткая чарка стаяла перад ім.
- Цьфу ты!
- Даўно сплюнуў бы, - адгукнуўся Жлуктаў, хоць увесь гэты час штосьці запісваў на нейкім шматку паперы. - Бабы - толькі бабы, і ў пасцелі...
- Ды што ты ўсё пра пасцель? - ціха, неяк зусім безнадзейна запярэчыў Стас.
- Што азначае толькі адно: да пасцелі ў цябе не дайшло, - пасміхнуўся Жлуктаў крыху грэбліва. - Што, дарэчы, зусім не азначае, што трэба сядзець з пахавальнай мінай.
- I ты - пра пахаванне? - падняў на яго асалавелы пагляд ён.
- Я - пра баб-с! - рагатнуў той. - Хочаш, адну падкіну па-прыяцельску? Не Любаша, канешне, але, павер майму вопыту, хрэн за рэдзьку не саладзейшы.
Читать дальше