Пра той шпіталь, што ёсць гэтакае шкло, што мастакі бываюць там, што вока Зеўса ўсіх здзіўляе, Фердынанд ведаў, і гэта не давала цяпер яму падстаў, каб чалавеку не паверыць. Ён у яго перапытаў:
- Дык вы лічыце, што аўтар гэтае карціны мае той дзіўны зрок?
- Так. Я гэта бачу. Вы мне не верыце?..
Фердынанд маўчаў. Заўважыўшы, што суразмоўнік хвалюецца таксама, параіў:
- Прысядзьце. Яшчэ не вечар, мастак гэтай карціны яшчэ можа сюды прыйсці.
Калі выйшаў на вуліцу, крокаў сто прайшоўшы, спыніўся. Нечым спадабаўся яму той выпадковы чалавек. Размовай нечаканай, шчырасцю? А можа, і ўвагай, мо нават і любоўю сваёй да жывапісу? Чаму ж не прызнаўся яму, што "Млын" - яго карціна? Ах, не любіў, калі ў вочы хвалілі? Але, магчыма, ён не хваліць хацеў, а распытаць пра вока мастака, пра тое таемнае святло, якое вока ў цёмным лесе заўважыла ў снезе, у вадзе, у лёдзе? А як і пахваліць хацеў, дык што тут кепскага, калі чалавек шчыры? Вярнуўся назад да карціны, але чалавека ўжо не было. Прайшоў па ўсёй выставе - не знайшоў. Зноў выйшаў на вуліцу.
Назаўтра Фердынанд дазнаўся, што "Млын" Акадэмія не купіла. Дазнаўся і пра тое, што на званым абедзе хтосьці з мастакоў спытаў у Рэпіна, чаму Акадэмія не набыла твор для свайго музея. Той у адказ спытаў: "А хіба вы лічыце, што гэта выдатная карціна? - Сам адразу і адказаў на абодва пытанні, сваё і да сябе: - Не, гэта павялічаны эцюд. Цяжар ды сінь. Хоць на выставу масьё Дзягілева".
У той жа вечар Фердынанд піша ліст у Багданаў бацькам. Ведаючы, як яны сочаць за яго творчымі поспехамі і няўдачамі, як за яго хвалююцца, ён паведамляе пра вынікі выставы, пра водгукі на "Млын" і што цяпер, не прадаўшы карціну, у яго няма ні магчымасцяў, ні жадання ехаць на лета ў Еўропу. Пра паездку з Куінджы, не маючы ніякіх звестак і адчуваючы, што настаўніку не да яе, у лісце не кажа. Каб не псаваць настрой бацькам, дзеліцца нібыта радасцю, што ўсё лета правядзе нарэшце разам з імі ў вёсцы, што родная прырода яму яшчэ ніколі не здраджвала і не здрадзіць, дасць для творчасці не менш, як можа даць чужая Італія або Францыя.
Калі ўжо ліст пайшоў па пошце ў Багданаў, Куінджы абвяшчае, што сваіх вучняў вязе ў Еўропу за свае сродкі, што падарожжа рыхтуецца і пачнецца з двухдзённага знаходжання ў Варшаве, а далей шлях ляжа праз
Берлін, Кёльн, Парыж, Астэндэ, Брусель, Майнц, Страсбург, Базель, Люцэрн, Мілан, Верону, Венецыю, Мюнхен, Вену. Усіх, каго настаўнік браў з сабой у гэтае даволі доўгае падарожжа, ахоплівае радасць. Думкі пра блізкае лета ў Фердынанда мяняюцца, і пра гэта ён адразу паведамляе бацькам у другім лісце, каб не перажывалі за яго зламанае лета, бо хоць і суцяшаў іх тым, што ў вёсцы будзе не горш, як у Еўропе, яны ўсё ж выдатна ведалі яго ранейшы настрой, мару пажыць, папрацаваць пад тым, у Еўропе, сонцам.
Аднак ледзь выслаў другі ліст, як усхвалявала новая неспадзяванка - Сава Мамантаў. Усім вядомы мецэнат у мастацтве купляе "Зімовы млын" і дае за карціну немалыя грошы - шэсцьсот рублёў. Фердынанда гэта і радуе, і прымушае зноў перагледзець сваё падарожжа па Еўропе.
Ехаць ён марыў не як на цікавую экскурсію ці адпачынак, а каб сур’ёзна папрацаваць у новай для сябе прыродзе, на іншых, як дома, паветры ды святле, узбагаціць палітру новымі жывапіснымі сродкамі, больш сакавітым паўднёвым каларытам. Ён разумеў, што для гэтага спатрэбіцца не толькі іншая натура, але і поўная незалежнасць ад нават самых дробных неспрыяльных абставін, ад людзей таксама, жыццё з якімі, калі і было цікавым, патрабавала пэўнай рэгламентацыі, што найбольшую свабоду мог мець толькі на адзіноце з прыродай, не звязаны лішнімі правіламі сваіх паводзін і чужымі жаданнямі. Але калі выявілася, што Акадэмія не купіла "Зімовы млын", што грошай на паездку не будзе, а настаўнік вёз на сродкі са свае кішэні, Фердынанд не мог адмовіцца ад падарожжа сяброўскім гуртам. Цяпер усё зноў мянялася: магчымасць зрабіць доўгае і бязбеднае падарожжа даваў, купляючы карціну, Мамантаў. Што рабіць? Турнэ з настаўнікам і сябрамі таксама прываблівала, ды і няёмка было адмаўляцца. Фердынанд у роспачы. У гэтым стане ён задае сабе пытанне: што атрымаецца ў выніку і ад паездкі з усімі разам, і ад паездкі адзінцом? Адказ быў відавочны: каб не здрадзіць сваёй даўняй задуме, ехаць павінен адзін.
Ёй адсылае ў Багданаў трэці ліст, радуючы бацькоў тым, што "Зімовы млын" прывабіў выдатнага чалавека, знайшоў новага гаспадара, прызнаецца ім пра новыя перспектывы на лета, і збірае ў рэстаране сяброў, з якімі меўся ехаць, шчодра частуе з нагоды ўдалага продажу карціны, хоць абвясціць пра сваю апошнюю задуму падарожжа ў Еўропу не спяшаецца. Гэта, апошняе, зробіць праз некалькі дзён па пошце ўжо з Багданава ў лісце да Куінджы.
Читать дальше