Вярнуўшыся ў вёску, Фердынанд пачынае рыхтавацца да самастойнага падарожжа. Была і роспач, што адрываецца ад сяброў, але ціхае, лагоднае для сэрца жыццё ў родным доме, у сваёй сям’і, у прыродзе супакойвала, ды і газеты свежыя яго не забывалі, не абміналі добрым словам. Аўтарытэтная, асабліва сярод палякаў, газета "Кга]", што выдавалася ў Пецярбурзе, змясціла яго першае ў жыцці інтэрв’ю і выказалася сама:
"Рушчыц хоць і выстаўляецца ўпершыню, але яго "Млын" належыць да лепшых сёлетніх карцін. Тут няма ні ўпрыгожанай натуры, ні фальшу пачуцця, рэч напісана шчыра, смела, са здзіўляючай упэўненасцю рукі".
Гэтакія водгукі з захапленнем чытала вёска, яны радавалі бацькоў, усіх у сям’і, а Фердынанда гэта не толькі суцяшала, але і акрыляла, давала ўпэўненасць, што выбраная дарога не памылковая, што ісці ёю трэба далей без усялякіх сумненняў.
7
I ўсё ж: што Рушчыца найбольш цікавіла ў Заходняй Еўропе? Адчуць гэта можна з яго нешматслоўных, часам паспешлівых занатовак у падарожным сшытку. Вось першы запіс:
"Варшава, 25. 05. 1898.
Учора бачыў праезд князя Імерэцінскага. Здзіўляла, што і ён, і ўся світа ехалі ў англійскіх карэтах. Нават рускія ў Варшаве падладжваюцца да агульнаеўрапейскіх звычаяў, нягледзячы на тое, што маюць вялікае войска. Іх лад жыцця і руская мова тут на другім плане. Прыемна чуць усюды чыстую польскую мову. Увесь выгляд горада не такі санлівы, як у нас. Жыццё віруе".
Рушчыц ехаў з грунтоўна прадуманай мэтай - як мастак: папрацаваць на натуры ў новым для сябе багатым на святло каларыце, убачыць шэдэўры сусветнага мастацтва, павучыцца на дасягненнях еўрапейскай жывапіснай школы. Да гэтага рыхтаваўся, пра што кажа запіс: "Прадбачачы, што буду ў Бельгіі, я перад ад’ездам заняўся гісторыяй Фландрыі..." I раптам, у першы дзень за мяжой, занатоўвае, як самае моцнае ўражанне, у якой карэце едзе расійскі князь, генерал-губернатар Варшавы, галоўнакамандуючы акупацыйнага войска. Што адбылося з Рушчыцам, з яго мэтанакіраванымі мастакоўскімі амбіцыямі? А ён і тут выглядае Рушчыцам. Па спадчыне ад бацькоў, дзядоў ды прадзедаў патрыёт Літвы і Польшчы, ён радуецца, што палякі нават ва ўмовах расійскай акупацыі застаюцца палякамі, што тут па-ранейшаму вольны нацыянальны дух, польская мова, а расійскі князь, хоць і генерал-губернатар, вымушаны прыстасоўвацца пад лад жыцця палякаў. Народ не скарыўся чужому войску, жыве і ў гэтакіх умовах сваім жыццём.
Рушчыц - мастак з непахіснай нацыянальнай свядомасцю, чаго не вынішчыла ў ім і царская сталіца за гады вучобы ў імператарскай Акадэміі. Хіба не гэта перш-наперш заўважалі ды і казалі Рэпін, Куінджы, Шышкін, калегі па майстэрні, калі ўглядаліся ў арыгінальную натуру і тэхніку яго жывапісных работ?
Дарога з Варшавы вяла далей на захад, і там, за межамі радзімы, па- новаму адкрываўся сам мастак у даволі шчырых захапленнях, разважаннях.
"Кёльн, 19.06.
Катэдра. Набажэнства. Ігра арганаў дапаўняе ўражанне. Цудоўны хор. Гармонія гатычнага стылю поўнасцю авалодала мною".
Каталік, таксама па спадчыне, ён не можа абмінуць касцёл. Як мастак шырокага кругагляду, грунтоўнай еўрапейскай культуры, і ў касцёле бачыць гармонію духу і стылю, красу і сэнс у адзінстве духоўнага і матэрыяльнага.
"Парыж, 07.07.
Як добра, што вандрую не ў кампаніі. Тут я сам-насам з тым, што бачу. Няма шырмы, якая хавае ад вачэй столькі патрэбных звычайных рэчаў і выклікае прыкрасць".
Парыж і далей:
"Была ўжо палова шостай. Выстава Клода Манэ зачынялася, і я наведваў яе ў апошнія паўгадзіны. Шчаслівая магчымасць. Узіраючыся ў расплаўленыя фарбы, у дзіўна перададзенае мастаком паветра, я адчуў шмат таго, чаго раней не ведаў. Няхай гэта будзе маім апошнім уражаннем ад мастацтва ў Парыжы".
Рушчыц высока цэніць усё індывідуальнае, арыгінальнае, новае. I ў мастацтве, і ў іншых праявах жыцця, у характары, у паводзінах чалавека. Ён шчаслівы, калі штосьці патрэбнае, выдатнае выяўляе сам і гэтую магчымасць ахоўвае як найвышэйшую каштоўнасць.
Праз колькі дзён - Базель...
Якое шчасце, што я паехаў праз Базель - дзеля... Бёкліна мог бы зрабіць і яшчэ даўжэйшае падарожжа. Гэта - для мяне".
I зноў, і тут адчуваецца яго задаволенасць, што вандруе адзін, самастойна, што ні ад каго не залежны ў выбары дарог, бо не ўбачыў бы ў гэтым падарожжы Бёкліна, яго работ, калі б быў не адзін, а з тымі, каму Бёклін усяго толькі непажаданы ўплыў Захаду на беззаганнасць расійскага мастацтва.
Нечакана падарожніка знаходзіць ліст з Багданава. Рады яму, ён адразу адпісвае дадому:
Читать дальше