- Надоўга едзеш?
- Сэрца падказвае, што надоўга. Магчыма, назаўсёды. I думка з сэрцам згодная.
- Але доўга жыць у вёсцы ты ўжо не зможаш. Ты, Фердынанд, з немалымі амбіцыямі, задаволіць іх вёска напоўніцу не зможа. Я ведаю, як ты яе любіш і як яна любіць цябе. Але... яе адной табе будзе мала, ты будзеш шукаць з яе, яе любячы, выйсце ў большы, шырэйшы свет. А куды? Дзе ты яго знойдзеш, як не тут? Калі не ў Пецярбурзе, дык у Варшаве? У Кракаве? Але ж ты не вандроўнік, ты мастак, у тваёй душы твая зямля, твая мастацкая школа, школа Куінджы. Там няма ні Куінджы, ні Левітана. Няма і Шышкіна. Няма і Сярова... Якіх ты любіш.
- Там імпрэсіяністы. Там Матэйка, быў і ёсць.
- Імпрэсіяністы, лепшыя, далёка. Матэйка - жывапіс гістарычны, фігуратыўны. А ты -пейзажыст. Там у пейзажы -пастаноўка, знешні бляск, фармальнасць, мала душы, псіхалагічнай глыбіні. Там іншая школа. Яна цябе высушыць. Я ведаю, як цёпла цябе прымаюць у Варшаве, у Кракаве. Рабіць гэта прыгожа там умеюць. Шмат абяцаць умеюць. Але што з гэтых абяцанняў атрымаецца праз год, праз два, праз тры?..
- Усё гэта, Вільгельм, я ўжо бачыў, ведаю.
- Бачыў, ведаеш. Але гэтага мала, каб перасцерагчыся і не згубіць сябе, тое, што ў табе ёсць, сваю душу.
- Як ведаю, то і перасцерагуся.
Вечарэла. Яны выйшлі з карчомкі, стаялі на беразе заледзянелай Нявы. Халодны паўночны вецер гнаў па-над горадам нізкія шэрыя хмары, і горад пад імі глядзеўся такі самы халодны і шэры, як тыя хмары, хаваючы ў шэрані ўсё золата сваіх крыжоў, купалоў і шпіляў.
POST SCRIPTUM
У Фердынанда Рушчыца былі светлая цвярозая галава і тонкая інтуіцыя, ён усё бачыў і шмат прадбачыў, але не прадбачыў, што, звязаўшы маладое жыццё з Варшавай і Кракавам, усяго праз некалькі гадоў, у 1908, напіша свой апошні алейны пейзаж "Гняздо" з родным, у роднай прыродзе, домам пад шэрымі навальнічнымі хмарамі, і пры ўсёй вялікай, яшчэ далёка не страчанай у нягодах жыцця любові да жывапісу назаўсёды схавае ў скрыню сваю палітру і свае трыумфальныя пэндзлі.