Сталася. Выходзім з Камітэта акадэмічнай выставы. Забіраем свае карціны. Тут, у маім пакоі, удзесяцёх падпісалі паперу да старшыні: Багатыроў, Вальтэр, Зарубін, Пурвіт, Рэрых, Разенталь, Рушчыц, Рылоў, Стаброўскі, Хімона. Абразы Камітэта і мяне ў прыватнасці не спыняюцца...
... зваліўся з сэрца камень".
На гэтым стасункі з акадэмічнай выставай, якая колькі год была ўдалым стварэннем і галоўнай экспазіцыяй вучняў Куінджы, для Рушчыца фактычна закрываюцца, і разам з ёю пачынае закрывацца Пецярбург. Бо што, акрамя жывапісу, тут можа радаваць душу і сэрца мастака? Яшчэ тут ёсць Гэлена Макоўская?
Так. Яна тут. З ёю Фердынанд цяпер бачыцца амаль кожны дзень. Часцей - мімаходзь, на нейкую хвілінку, некуды спяшаючыся. Але і гэтага хапала, каб пасля паўдня толькі яе і бачыць перад вачыма, толькі яе і чуць.
Бягуць дні.
"Я ў сваёй майстэрні. У гэты момант хтосьці, праходзячы міма, стукае ў вакно. Уваходзіць Гэлена Макоўская. Запрашае мяне на рэпетыцыю балю ў Таўрыйскім палацы. А восьмай я там... Доўга сядзім у зімовым скверы, пераходзячы ў размове з тэмы на тэму, але нашы вочы кажуць пра штосьці іншае... Гэта дзіўная жанчына..."
"Каля адзінаццатай... еду на баль... Яна ў ружовай сукенцы алеандравага колеру. Увесь вечар мы разам. Яна вясёлая, мілая, добрая..."
"Разам на выставе... Яна ў зяленаватай сукенцы з карычневым аксамітам... "
Усё, што Фердынанд заўважае ў Гэлене, грэе яго сэрца.
"Яна ў мяне ў майстэрні. Змярканне. Ліхтары праз вакно асвятляюць яе прыгожую галаву, густыя валасы, яна нагадвае мне адну з маладых мужчынскіх галоў Ван Дэйка. Нашы адносіны дзіўныя: больш, чым сяброўскія, менш, чым у закаханых. Прагну напіцца, а вады не знаходжу, нібы прыкладаю да вуснаў халодны прадмет і ад гэтага лягчэе. Незвычайныя дзве гадзіны, поўныя прыгажосці шарай часіны".
"Я ў майстэрні Гэлены. Яна малюе мяне. Просіць, каб апавядаў ёй пра Багданаў і сваіх".
Наступны дзень збліжае далей:
"А палове сёмай я на абедзе ў Гэлены. Акрамя яе - брат і яшчэ некалькі асобаў. Размова пра маю "Баладу", пра Шапэна..."
За сямейным сталом яму кажуць у вочы: "Вы для нас каштоўны набытак... "
Ці не падказвае ўсё гэта тое, што Гэлена, адчуўшы, як увайшла ў яго сэрца, ужо не супраць увайсці і ў яго дом, у яго сям’ю? Ён гэта адчувае? Здаецца, што не адчуць не можа - усяго хапае: інтэлекту, інтуіцыі, тэмпераменту, сардэчнай згоды. Ёсць гэтаму і сведка - дзённік. У ім - наступны дзень:
"А чацвёртай іду да яе. Яна кажа, што рада мяне бачыць. Разам выходзім праз мост на Пятроўскі востраў. А дзевятай мы ў Малым тэатры. Колькі элегантнасці і якія лініі ў гэтай прыгожай маладой жанчыне!
Доўга стаім на адным з малых масточкаў Фантанкі. Бачу яе пры святле ліхтара на фоне вады, у якой адбіваюцца зоры".
Казка. I ў вачах у Фердынанда, і ў яго расчуленым сэрцы. Што далей чакае мастака, які валодае выдатным талентам не толькі чытаць казкі жыцця, самой прыроды, але і ствараць свае казкі?
Стварэнне ўласнае, ужо не казачнае, далей:
"Ашмяны..."
Усяго праз тыдзень пасля абеду ў Гэлены.
"Што сказала б мая прыгожая і дарагая, калі б убачыла мяне ў малым нумарочку жыдоўскага заезду, абклеенага блакітнымі шпалерамі ў чырвоныя кветачкі? Не, тут ёй не месца.
Яшчэ ўчора мы былі разам, а сёння - як далёка, далёка...
Які кантраст!
Яшчэ ўчора сядзеў я з табой пад габеленамі, пад высокім купалам, і нам здавалася, што гэтыя двое людзей далі б добры матыў для скульптуры, а сёння я ў мядзведжым футры, у глыбокіх гамашах, буславым крокам шпацырую па балоце малога мястэчка, саджуся абедаць у "клубным" рэстаране са штучнымі пальмамі на сталах!
Калі б мы былі разам, яшчэ б мацней адчулі, як шмат нас яднае і як шмат нас аддзяляе ад ііііііых".
Ратунак ад жыдоўскага заезду ў Ашмянах - Багданаў:
"Прыгожы вечар. Любоў сваіх, цяпло бацькоўскага гнязда".
"Праз вакно майстэрні малюю эцюд і, здаецца, ён моцны. Ва ўсялякім разе, малюю з запалам".
Гэтак было заўсёды: вярнуўшыся ў Багданаў, Фердынанд браў у рукі палітру, ішоў у прыроду, назіраў за святлом, каляровымі адценнямі, настроям^ маляваў. Адразу пачынаў жыць роднай прыродай, любімай працай і забываўся на ўсё, што заставалася за межамі гэтай прыроды, свайго маёнтка: хмары над Пецярбургам і яшчэ больш шэрыя, цяжкія для душы і сэрца хмары ў Пецярбургу, на тыя, што вакол мастацтва і ў мастацтве, тузаніну, зайздрасць, зласлівасць, няволю, хлусню. А пра Гэлену тут, у прыродзе, у працы, забываў таксама?..
"...бяру ў рукі дзённік, каб быць з табой, Гэлена, няма іншае рады. Раскладаю перад сабою твае здымкі і ўглядаюся ў іх... Паказваў нават аднаму чалавеку - Маме. Казаў ёй пра цябе, бо ў гэтым была абавязковая патрэба. Не мог вытрываць, што ніхто з майго кола не ведае пра цябе і нашае сяброўства. Адхіліў адзін краёчак, каб хоць адна асоба ведала, што тут ёсць скарбы".
Читать дальше