Сэр Агасфэр разумнымі вачыма глядзіць на магістра, які ідзе поруч з лэдзі і ўсё прымае блізка да сэрца, і гэты, крыху няўпэўнены, ці не адгадаў жыд, куды хіліць ён, Паўлюс фон Айцэн, сваімі словамі, доўга й шумна высморкваецца, пасьля аднак рашае каваць жалеза, пакуль гарачае, і кажа:
— У Вітэнбэргу, калі яшчэ там я вывучаў тэалёгію, мой настаўнік Мэланхтон меў дыспут з добрым доктарам Марцінусам у дачынках да вашай пярсоны; гер Піліп Мэланхтон лічыў, што як што вы былі сьведка, як наш Гасподзь Ісус ішоў на Галгофу з крыжам на плячах, дык вы маглі б выказаць пэўныя сумненьні й адносна таго, што а ці быў ён сапраўдны мэсія, і тым самым памагчы навярнуць іншых жыдоў у адзінашчасьцедайную веру; але Лютэр аспрэчыў гэта й сказаў, што жыды ад прыроды сваёй заганныя і перавучыць іх, навярнуць немагчыма.
Яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, палка падбіваючы клінкі дзеве Барбары, разам з тым у такой меры мала заняты ёю, што мог бы й не пачуць слоў Айцэна, з ухмылкай пацьвярджае, што так яно й было, і што ён на свае жывыя вушы чуў, як абодва вучоныя мужы за ядою схапіліся за чубы з-за гэтага, толькі пад канец магістр Мэланхтон замоўк, бо доктар Лютэр такі халерычны й заўсёды трэба апасацца, каб за гарачай спрэчкай яго паляруш не дастаў.
Ці тое акрылены падтрымкай Лёйхтэнтрагера, ці тое ад блізкасьці лэдзі, якая з прыемнасьцю даецца яму падказытваць сябе, Айцэнавы думкі адлятаюць зь ім; рэдка калі ён бачыў сьвет так выразна й так просталінейна аргумэнтавана: менавіта, што ён, карыстаючыся ідэяй свайго настаўніка Мэланхтона, мог бы так і так ушыць крымінал Агасфэру, тым часам як сэр ці як яшчэ там сябе ён назаве, выступае перад вялікай абшчынай жыдоў і іншых, сьведчачы за мэсію, і тым самым усіх жыдоў разам робіць ворагамі й тым самым прычыняе вялікую шкоду гешэфту, калі ж ён аднак адмаўляе гэта й выказваецца, што наш Гасподзь Ісус ня быў мэсія, ня быў сапраўдны Сын Божы, які за нашыя грахі узяў на сябе пакуты ўсяго сьвету, мудрай радай горада Гамбурга альбо герцагам Гаторпскім, у залежнасьці ад месца дыспутацыі, выкрываецца як махляр і фальшыўшчык праўды й з ганьбай праганяецца, калі ня будзе ўвогуле ўтоплены альбо спалены, пасьля чаго Маргрыт мела б толькі адзін прытулак і аднаго абаронцу, менавіта магістра Паўля.
Праўда, на жаль пакуль што ў яго няма пасады й аўтарытэту, каб інстытуяваць такі spectaculum, і гер галоўны пастар Эпінус, у гэтым ён пэўны, у сваёй зацятасьці супроць жыдоў і супроць яго самога таксама ня зробіць гэтага; але яшчэ ня вечар, думае ён, і чаго сёньня нямаш, можа заўтра трымаш, і таму ён сьвідруе далей і кажа жыду:
— Ці можна на вас разьлічваць, сэр Агасфэр, што вы пасьведчыце, як вы ў Гэльмштэце перад прынцэсай Трапезундзкай і перад усім народам зрабілі, што бачылі нашага Госпада Ісуса ў плоці й што ён быў тым, кім быў?
Тут лэдзі, мабыць таму што сёньня яна ня хоча нічога чуць пра прынцэсу Трапезундзкую, закіпае гневам і кажа:
— Што вам такое ў галаву завярнула, гер магістр! Вы ж бачыце, сэр Агасфэр тут па справах гешэфту, а ня рэлігіі, зь якою кожны можа абыходзіцца, як сам хоча, будзь ён жыд ці хрысьціянін.
Але гэта ўжо ўпоперак усяму, чаго ён навучыўся ў добрага доктара Марцінуса й іншых вучоных гераў, і ён кажа:
— Барані Божа, лэдзі, каб кожнае верыла, як яму ў галаве заверне, каб хрысьціла дзяцей альбо не, як яму зручней, каб прымала сьвятое прычасьце пад адным альбо двума відамі, як яму, бач, смачней; у большай меры рэлігія гэта справа начальстваў і агульнага парадку, інакш тут будзе кішэць рознымі баламутамі, чмутамі, чарадзеямі й ліхадзеямі, ератыкамі й бунтаўшчыкамі, што царкве й законам — амба; ёсьць толькі адна праўда, і яна зразумела выкладзена таксама й жанчынам у катэхізісе доктара Марцінуса Лютэра, і таму было б вельмі пахвальна, калі б сэр устаў перад усімі жыдамі й сказаў пра тое, як ён сам гутарыў з Госпадам Ісусам, які быў наканаваны збаўца альбо мэсія і што жыдам з гэтай прычыны няма чаго чакаць нейкага іншага мэсіі і яны з добрым і чыстым сумленьнем могуць навярнуцца ў адзінашчасьцедайную веру.
Лэдзі Маргрыт бачыць, зь якім запалам магістр змагаецца за догмат веры, і думае, што ну ніяк ня можа справа навароту жыдоў аж так далягаць ягонаму сэрцу й што за гэтымі настойлівымі словамі а ці не ляжыць які-небудзь іншы інтэрас, але ня ведае, які, і ўжо хоча адказаць яму рэзка й востра; а жыд, каб улагодзіць яе, кладзе далонь на яе руку й кажа, што дзякуе геру Айцэну за ягоныя вялікія турботы пра душэўныя даброці ягоных братоў па веры і што падумае: рабі быў адзін такі, пра каго можна вой колькі ўсяго расказаць, як і пра чатырох евангелістаў, якія больш чым у адным толькі пункце ня сыходзіліся ў думцы; але ж вось, ён запрашае гасьцей у дом, бо вось маеце — прыйшлі.
Читать дальше