І як што ягоны настаўнік Мэланхтон і герства экзаменатары завіхаюцца каля яго, спрабуючы паставіць на ногі, ён раптам заўваже, што яго сябар зьнік і што ён тут адзін сярод доктарства й прафэсуры й іншага багалюбнага герства, і з палёгкай складвае рукі, як на малітву, і кажа далей усім ужо вядомым голасам суха й павучальна:
— Але мы ўсупрацівімся сілам зла, з намі аслона Божая. Хрыстовая будзе перамога над чортам і пахібна-мяцежнымі анёламі, і брамы пекла не адолеюць яе.
Лютэр раптам сьпяшаецца.
— Хацелася б яшчэ паслухаць, як ён прапаведуе, — кажа ён Мэланхтону, і дадае: — Я ж вам казаў, магістр Піліп, яго трэба ўзяць на вока, ён далёка пойдзе.
Разьдзел восьмы. У якім Агасфэр спрабуе выратаваць рабі, а той у адказ настойвае дазволіць яму прайсьці шлях, які ён прапаведуе, да канца
Я ведаю, што ён ведае, як усё павінна ісьці. Нехта прадасьць яго, і нехта абылжэ яго. А тыя прыйдуць зь мячамі й дзідамі й павядуць яго туды, і найвышэйшы першасьвятар будзе дапытваць яго й асуджаць, і перададуць яго рымлянам, і тыя прыб'юць яго цьвікамі да крыжа, і калі ён асьмягне, пададуць яму воцату й жоўці, і ён у страшэнных пакутах памрэ й будзе пахаваны й на трэйці дзень паўстане зь мёртвых і яшчэ трошкі павандруе па гэтай зямлі, пакуль не ўзьнясецца да Бога й ня зойме месца праваруч свайго Бацькі.
І што тады?
Аж так далёка ён ня думае. Ах, рэбэ Ёшуа, небарака сябар, чаму ты не папытаешся калі-колечы, ніводнага разу, пра самае простае, што на руцэ ляжыць: Калі я ўсё сказаў і зрабіў, як сказаў, што ж я перамяніў?
Я стаяў у натоўпе й бачыў, як ён уваходзіць у Ерусалім, седзячы на асьляняці, як і прадказаў прарок, і яго доўгія худыя ногі заграбалі дарожны пыл, пакуль людзі не пачалі кідаць пад ногі яго жывёлы сваю вопратку. І я чуў, як людзі крычалі асанну, і некаторыя называлі яго сынам Давідавым і патрабавалі, каб ён павёў іх, як Давід павёў народ Ізраіля як цар і прарок, і многія беглі сьледам за ім, сярод іх і ўзброеныя, і казалі, блізіцца судны дзень, блізіцца канец іхняга прыгнёту. І я бачыў твар ягоны, і быў над ім як бы сьветлы німб, і адначасова як бы нейкім вэлюмам акрыты, і як бы вялікай журбою. І я ведаў, што ён думаў. Сёньня асанна, думаў ён, а заўтра ўкрыжуюць. А пра тое, што можа легчы на яго, пра тое ён ня думаў. Ён быў, як кола, што коціцца па каляіне.
І быў там нехта, на імя Юда Іскарыёцкі, зямляк рабі з Галілеі, але незвычайна зласьлівы й сярод іншых не заўсёды прыемных вучняў самы непрыемны. Зь ім я й застаў Люцыпара, калі яны сёе-тое абгаворвалі паміж сабою, і пра тое, што грошы вельмі ўпалі ў вартасьці і што яшчэ ўчора каштавала адзін медны грош, сёньня наўрад ці купіш за срэбраны дынар. Гэта, сказаў Юда, гэта хай будзе ягоны клопат; зборы рабі за ягоныя малітвы й прадказаньні й цудадзействы не стаяць больш ані ў якой сувязі з цэнамі на хлеб і мяса; дванаццаць жа вучняў па-ранейшаму хацелі харчавацца з агульнай торбы, якою распараджаўся ён, а тут яшчэ на парозе пасхальная вячэра, якая таксама вымагае на глыток віна.
Пакінь гэта па-за гульнёй, браце, сказаў я Люцыпару, заходзіцца тут пра Бога й пра ўсіх, якія ў Ягоным вобразе бездапаможна поўзаюць і шамшурацца навакол, і ты прыйдзеш з трыццацьцю срэбранікамі.
Ах ты анёлачак, сказаў ён мне тады, ты ўжо добра-такі выцерабіўся з глыбіні, ты ўжо па ўсіх пунктах сапраўдны збаўца чалавецтва. Я ведаю таксама, што нам той тут не патрэбен, шпіцалі высокіх установаў цікуюць за кожным крокам твайго рэбэ Ёшуа й перадаюць кожнае ягонае слова; але чаму нехта, хто ўкладвае ў справу сваё, не павінен зарабіць на гэтым грош-другі? І з гэтым ён павярнуўся да Юды Іскарыёта й сказаў яму: Вось, мой сябар тут думае, што я даю табе дрэнную раду. Дык вось я кажу табе, слухайся свайго настаўніка; калі ён хоча, каб ты здрадзіў яму, дык здрадзь яму, а не, дык не; твой настаўнік ведае, чаго хоча.
І сышоў Юда Іскарыёт суцешаны, бо цяжар вырашэньня быў зьняты зь яго. А я пасварыўся зь Люцыпарам, але той пасьмяяўся зь мяне й сказаў: Той там, які стварыў нас у першы дзень з подыху бясконцасьці й з агню, яшчэ да таго, як стварыў гэты скуксаложаны сьвет, якраз па мне. Хто, як ня Ён, паказаўся гэтаму рэбэ Ёшуа й гутарыў зь ім? Хто, як ня Ён, прадпісаў яму шлях, якім цяпер небарака ідзе? І я павінен усупрацівіцца Ягонаму найвышэйшаму ўстанаўленьню? Адзін раз я ўжо гэта зрабіў, але ж ты бачыш, гэта мала пасобіла; Ён усё яшчэ мае свой клопат са стварэньнямі зь дзярма й вады й зь іх грэшнай душы, якую Ён ім заадно прыладзіў. Чаго толькі Ён не спрабаваў! Спачатку даў ім абпаіцца, пасьля паслаў на іх серку й полымя, пасьля вайна ў вайну дазволіў ім забіваць саміх сябе; нічога не ўрадзіла плоду, зноў і зноў адрастае выродзьдзе, кожны род горшы за папярэдні, і цяпер бярыся памагай камусь, хто грахі ўсіх бярэ на сябе й пакутуе за ўсіх? У найвышэйшай ступені недастатковы намысел гэтага недастатковага Бога. Ну што ж, давай далей так, Госпадзе Божа, давай так далей, пакуль усё на зямлі не правалілася ў чорную дзірку, зь якое калісьці было шуганула ўгору!
Читать дальше