Гаспадар той хаты, які пагражаў выкрыць любога амерыканскага ці англійскага шпіёна, паторгаўшы знаходку за канцы, раптам прыляпіў пластыр сабе пад нос і заліўся шчаслівым смехам:
— Я ж казаў — гэта арцісты!
Далейшы шлях прыхадняў невядомы. З суседняй вёскі можна патрапіць на чыгуначную станцыю, а адтуль паехаць у любы бок.
Прайшоў год. Студэнт чацвёртага курса Павел Камар ехаў пасля чарговага будатрада дахаты. Ехаў ён з невясёлымі думкамі. Па-першае, іх не разлічылі ў будатрадзе, а па-другое, хлопца чакала не зусім прыемная, як ён лічыў, сустрэча з роднай вёскай.
Нават перон станцыі, на якой Павел мусіў рабіць перасадку, сустрэў яго непрыветліва, нібыта пакрыўджаны на тое, што Павел ступаў на яго, выходзячы з вагона, з цяжкім сэрцам. Хлопец і так ніколі асабліва не радаваўся, калі апынаўся тут, у Лунінцы. Што ж тут радавацца, калі родная хата блізка, хоць ты ідзі пехатою, а трэба чакаць ажно чатыры гадзіны.
Стары, але свежапафарбаваны вакзал таксама сустрэў студэнта непрыветна — і холадна было ў залі-пачакальні, і неяк невыразна і цьмяна свяціліся лямпачкі пад высокай столлю.
Пайшоў у буфет, хутчэй па звычцы, бо есці не хацелася. Заклапочаная, стомленая і сонная буфетчыца панура глянула на яго. Павел замовіў шклянку кавы і булачку — грошай было ў абрэз.
У буфеце мелася ўсяго два столікі, каб стаяць — за адным юнакі пілі піва, азіраючыся на міліцыянтаў, якія раз-пораз зазіралі ў буфет, а за другім стаялі два мужчыны вясковага выгляду — абодва ў цёплых кепках; адзін у доўгім плашчы з тканіны, якая даўно выйшла з моды, а другі ў новенькай целагрэйцы. Ад гэтай целагрэйкі прыемна пахла на ўвесь буфет, а на гузіку вісела яшчэ белая неадарваная нітка ад цэтліка. Мужчыны нешта елі з газеты.
Павел паставіў каву на столік да юнакоў і стаў грэць аб шклянку рукі. Юнакі дапілі піва і пайшлі. Міжволі хлопец слухаў, што гавораць мужчыны за суседнім столікам.
— Чуў, — гаварыў чалавек у целагрэйцы, які стаяў да Паўла спіной, — на Мадагаскары ваенны пераварот. — Голас, асаблівасці прамаўлення падаліся Паўлу знаёмымі, нават нейкімі роднымі. Павел стаў бокам, каб бачыць мужчын.
— І што? — няўцямна ўставіўся на таго, хто гаварыў пра Мадагаскар, другі мужчына. Твар меў шырокі, з валявым падбароддзем, высокі лоб не хавала і велікаватая цёплая кепка ў буйную клетку.
— Вайсковы пераварот, — паўтарыў субяседнік, — і да ўлады прыйшлі гэтыя… сіфакі.
— Што? Якія сіфакі?
— Я так пачуў. Па радыё перадавалі. Тут, у буфеце. Яшчэ да дванаццаці.
— Ты глухі! — заявіў другі мужчына і выцягнуў з торбы, якая вісела пад столікам, адкаркаваную бутэльку віна. Яны выпівалі — бутэлька была схавана ў падвешанай торбе.
— Ты хоць ведаеш, хто такія сіфакі? — спытаўся высакалобы, выпіўшы.
Гаварылі яны па-мясцоваму, на тутэйшым дыялекце, устаўлялі часам рускае, польскае, а то і ўкраінскае слова. Гэтак жа гаварылі ў Паўлавай вёсцы, і гэтая акалічнасць, а таксама тое, што яны несумненна чакалі ранішняга цягніка, пераканалі Паўла ў тым, што яны землякі, нават ці не аднавяскоўцы.
Павел уважліва паглядзеў на мужчыну ў целагрэйцы.
«Дык гэта ж Заранок! Іван Заранок, бацька Лены!» — пазнаў ён чалавека са спіны і абрадаваўся. Чаму абрадаваўся — і сам не ведаў.
— Сіфакі? — перапытаў Іван, зняў кепку і пашкроб залысіну. — Афіцэры такія, не?
— Гэта, братка, абіззяны такія, — патлумачыў другі і дастаў з кішэні плашча чырвоны пачак пакамечанай «Прымы». — Ідзём пакурым. А студэнт папільнуе нашыя торбы, — добразычліва папрасіў ён Паўла. Хлопец кіўнуў у знак згоды. І другога чалавека ён пазнаў. Гэта быў сын старога хутаранца Манюка. Раней, да студэнцтва, Павел дзядзьку Івана бачыў часта, хоць той жыў на другім канцы вёскі, а вось з Манюковым Яшам не сустракаўся даўно. Малады хутаранец недзе ўсё ездзіў па заробках. Часам браў з сабой дзядзьку Івана. Яны, па ўсім было відаць, вярталіся з заробкаў. Паўла ні Іван, ні Яша не прызналі. Зрэшты, потым, у міліцыі, яны яго і прызналі, і пазналі. Як роднага. Але да міліцыі было яшчэ паўгадзіны.
Калі аднавяскоўцы выйшлі, напала на Паўла пачуццё, якое нельга было стрымаць: нейкая жальба не жальба, смутак, сум, невыказная, непраясненая туга па нечым важным, найважнейшым у жыцці, чаго ён не ведаў. Дзе яго знайсці, дзе ўбачыць і адчуць? Яно часта прыходзіла ў снах, а тут наяве выплывала з сярэдзіны, з самых патайных закуткоў ці то памяці, ці то душы…
Павел цяжка ўздыхнуў. Ён уявіў, што тая ісціна, якая ўсё ж павінна яму некалі адкрыцца, знаходзіцца ў нейкім доме, хаце, і перад усімі хатамі такая хата будзе найважнейшай. Ёй належала стаяць у пракаветных цяньках сярод густога лісцёвага лесу з дамешкам векавечных соснаў. Сонечныя плямы бегаюць ад гульні ветру ў вершалінах па жоўценькіх смалістых сценах; яна, гэтая хата, вабіць да сябе, абяцае не простых уцех і звычайных радасцей побытавага жытла. Тут будзе табе цяпло не падобнае на ўтульную гарачыню напаленай печы, і будзе табе абяцанне не той ежы, пахаванай па каморах у дзежках і кублах. Бо гэтая хата багацейшая за ўсе багатыя хаты, ніякі самы заможны гаспадар не паставіць такую. Бо гэта — хата жыцця, жыцця на лясной паляне, яснай ад сонечнага бляску і гульні святлаценяў сярод дрэў, на дзедаўшчызне, у айчынным лесе, у радзімавым бары, дзе пануюць разлатыя, пазаплывалыя смалой сосны, абстаўленыя спакойнымі дубамі і меланхалічнымі грабамі. А зверху ўсё пакрыта, нібы гонтай, бліскучай сінечай сонцаззянага неба, а ўночы ўпрыгожана пацеркамі невычэрпных зор.
Читать дальше