Віктар азірнуўся па баках — нікога паблізу не было, за ім ніхто не цікаваў, і ён хутка, але асцярожна зайшоў праз некалі забіты дошкамі, а цяпер адкрыты праём дзвярэй у дом.
Тут было пуста і сыра. Падлога не пасцелена. Толькі сцены, перакрыцці, дах. На другі паверх вёў збіты з дошак насціл, такі ж ляжаў на паддашку, дзе планавалася яшчэ мо два ці больш пакояў...
Віктар узняўся наверх, агледзеўся. Пыл ды рэшткі будаўнічага смецця, галубіны памёт пад бэлькай... Так, даўно тут не з’яўляюцца гаспадары.
А з невялікага праёма акна адкрываўся від на горад. Тое, што трэба... Адно дрэнна — няма на чым пасядзець, хоць ты бяры ды падмятай — не прысесці. Віктар пахадзіў па доме, адшукаў усё ж тры цагліны. От і добра...
Сядзеў доўга без выніку — нічога цікавага. Здаецца, і пачынаецца эпізод добра, а потым даводзілася сціраць, каб хапіла памяці на нешта сапраўды вартае. Адно пад вечар, калі стаў ужо нервавацца (не хацелася трапляць маці і тым больш бацьку на вочы з тэлескопам у сумцы), удалося зняць больш-менш цікавы ролік: п’яны мужчына вяртаўся дахаты з горада сюды, у прыватны сектар напрасткі, па ўтаптанай сцяжынцы праз поле. Недзе пасярэдзіне шляху сцяжынка забягала ў невялікі зараснік кустоў і вольхаў, што шырокім клінам стаяў папярок сцяжынкі, далей пераходзячы ў невялікі лясок з густым падлескам. Акурат у зарасніку было невялікае паглыбленне — старая канава з пакатымі берагамі. Мужчына ішоў, добра хістаючыся. Нейкі час ён задуменна стаяў перад канавай, пасля адважна спусціўся і паспрабаваў гэтак жа адважна і хутка выбрацца наверх. Канава была глыбінёй не больш за паўтара метра, сухая. Але ўсе спробы мужчыны выйсці наверх, заканчваліся тым, што ён, рэзка хіснуўшыся назад, паварочваўся і збягаў уніз. Яго ўпартасць смяшыла. Здавалася, мужык перад сабой паставіў мэту: ні ў якім разе не нагінацца да зямлі, узысці прама. І не мог!
Віктар пасмейваўся са спроб мужчыны, думаючы над тым, што калі павыразаць лішняе, то ролік атрымаецца дынамічным і пацешным. Самае цікавае было ў тым, што мужчына ўсё ж узышоў наверх не згінаючыся! «Вось дзе ўпартасць! Вось вытрымка! Чвэрць гадзіны згубіў, але ж не сагнуўся, не стаў выпаўзаць на карачках з той яміны», — думаў Віктар, зачахляючы тэлескоп. Было ў гэтым роліку нешта павучальнае...
Вечарам хутка паглядзеў каменты на сайце. Большую палову дазволіў. Да роліка з п’янай жанчынай каменты былі аднастайныя: «Жэсць», «Поўны трэш!» і падоб нае. «Ну вось, як і думаў: самая сапраўдная п’янь, калі і ёсць у яе дзеці, то даўно ў дзіцячых дамах забыліся, што мелі некалі маці. І маладзей яна... Гэта спіты твар так старыць...»
Дзень удаўся. Заўтра трэба пашукаць іншую кропку — з гэтага недабудаванага дома не трапляецца нічога асабліва вартага. А мо, занадта спяшаецца ён? Некалі адзін ролік за дзень быў удачай, а цяпер ужо хочацца пяць за раз? Так, хочацца. Бо карціць хутчэй закончыць свае паляванні. Ну яго... Калі верыць каментам, на яго самога ў любы момант нехта невядомы можа пачаць паляванне. Шкада, з аднаго боку, што выклаў ролікі, знятыя з той вышкі, — больш туды не сунешся. У любы момант нехта сапраўды можа яго там чакаць. Але і тых хопіць! Трафік ёсць, хутка зазвоніць кіпер!
Пазней Віктар выйшаў на вуліцу — не было асаблівых спраў ды і не варта заседжвацца ў сеціве. Ведае ж бацька, што сайт ён зрабіў. Трэба будзе частку грошай патраціць на тое, каб зрабіць сабе сайт на асобным дамене — сказаў жа бацьку.
Пакуль тусіліся ў парку, потым проста на вуліцы, Віктара не адпускала адна трывожная думка, што засела нябачнай стрэмкай у мазгах. Не мог зразумець: што канкрэтна яго хвалюе? Нешта, звязанае з грашыма, з яго заробкам. Але што? І толькі калі клаўся спаць, аж падкінула яго: а што ён скажа бацьку і маці, калі яны спытаюць, дзе ўзяў грошы? Чым апраўдаць такія хуткія яго заробкі на адалце? На партнёрках ужо збіраецца сума... Вось дзе пытанне дык пытанне... Трэба думаць... Бацька — не маці, яго казкамі пра продаж спасылак не абдурыш. Трэба, мабыць, распавесці пра капірайтынг. Сказаць, што піша тэксты. А раптам пашанцавала і натрапіў на добрага заказчыка? Усяк жа здараецца...
Заснуў, але спакою і ўпэўненасці не было. Хлусня множылася вакол яго ў геаметрычнай прагрэсіі: для тлумачэння аднаго эпізоду трэба прыдумваць другі, для таго — трэці... Віктар адчуваў, што адзін бок яго жыцця зрабіўся цалкам закрыты для ўсіх... І нікому не скажаш. Ужо — нікому...
Назаўтра зранку апрацаваў зняты ролік пра п’янага мужыка і канаву. Насамрэч, атрымалася смешна. Падабраў музычны фон. Хоць цяпер яго пастаў — такі бяскрыўдны, забаўляльны ролік... Але Віктар стрымаў сябе: заўтра ці пазней. Усё ж той дом недабудаваны — добрае месца. Нельга яго «свяціць».
Читать дальше