12
Прачнуўся позна. Ляжаў, не паднімаўся — пракручваў у галаве ўчарашні дзень і той страшны эпізод. Сёння было лягчэй. Недарэмна маці кажа, што з кожнай бядой трэба пераначаваць: куды прасцейшым усё становіцца ранкам.
А ранак быў светлым і ясным. Хоць які тут ранак — ужо каля 11 гадзін. Учора прыйшоў позна, а потым ніяк заснуць не мог, узяўся чытаць. Чытаў тое, што траплялася пад руку: вершы, апошні нумар «Маладосці»...
Памыўся, паснедаў. Думаў, чым бы заняцца, бо на сённяшні дзень нічога не планаваў. Гэта здавалася ўжо неверагодным, прызвычаіўся кожны дзень распісваць...
Зазвінеў мабільнік. Віктар уздрыгнуў і вылаяўся — ён ніяк не мог дараваць сабе, што пачаў баяцца «чужых» званкоў. Учора, калі вячэралі, затрэнькаў званок дамафона — Віктар ледзь гарбату не праліў — так затрэсліся рукі. А прычын жа аніякіх...
Але зірнуў на нумар — імгненна абдало хваляй супакоенасці: званіў той самы Сашка, з якім працавалі на фірме грузчыкамі.
Алё!
— Прывітанне! Віктар? Давай пасля трох падыходзь на фірму, сёння грошы атрымаем.
— О, дзякуй за такую прыемную навіну. Прыйду.
Віктар выключыў мабільнік. От і ёсць сотня долараў. Каб тыя не патраціў, было 200. З бацькавымі — ужо 250. І навошта сайт?
Цьфу, куды панесла! Сайт ужо дае грошы! А колькі яшчэ дасць — да Новага года будзе на дзве кнігі. Зараз уключым, паглядзім, колькі там на партнёрках сабралася... Віктар уключыў камп’ютар, увайшоў у сетку і запусціў кіпер — успомніў, што дзве з партнёрак абяцалі свае выплаты якраз на сёння. І аж здрыгануўся, калі з калонак раздаўся сапраўдны звон манет, якія сыплюць у драўляны куфэрак. Прыйшлі першыя выплаты! Вось так! Ёсць грошы, ёсць!
Хутка паглядзеў статыстыку наведванняў на сайце. Трафік упаў. Катастрафічна! Добра, тут усё зразумела, паглядзелі ролікі, цяпер новага нічога, вось і чакаюць, пакуль нехта кіне спасылку... Ну, добра, з гэтым пасля.
Што будзем рабіць? Найперш, трэба каменты прагледзець... Нармальныя каменты, хіба што адзін нейкі дзіўны.
Я абяцаю. Не, я клянуся!
І што ты мне абяцаеш? Солі на хвост насыпаць? Ну, давай...
Настрой цалкам рабочы, то самы час узяцца за той ролік... Жыццё ёсць жыццё — у ім чорнага не менш, чым ружовага. Віктар супакойваў сам сябе, хоць асаблівага хвалявання ў ім сёння не было. Зноў скачваў ролік, апрацоўваў яго без асаблівых эмоцый. Не задумваўся над тым, закрываць твары ці не. У гэтым роліку, канешне, закрываць.
«Нецікавы стаў вам мой сайт? Зараз паправім становішча, зараз я вас павесялю, — ледзь не прыгаворваў Віктар. — Зараз пабачыце такое, ад чаго мурашкі па скуры пабягуць... Ніякіх каментаў не трэба, усё зразумела. Выразаць нічога не буду, хоць зацягнута, затое нідзе не перарвецца...»
Нумар на матацыкле Віктар вырашыў таксама закрыць. У іншым выпадку атрымаецца, што ён даносчык. А быць суддзёй яму нешта перахацелася.
Таго ўчарашняга настрою, той прагі помсты, спачування да дзяўчыны амаль неВіктар перазапісаў ролік у рэдактары, прагледзеў гатовы варыянт. Нармалёва, тут музыкі ніякай не трэба. Няхай у маўчанні ідзе...
Загрузіў ролік тут жа, хоць збіраўся пайсці ў інтэрнэт-кафэ.
Выйшаў з сеткі, стаў чысціць за сабой камп’ютар, выдаляючы запісаныя файлы, кэш браўзера. Вырашыў гадзіну пачакаць і потым паглядзець. Быў упэўнены: гэты ролік незаўважаным не застанецца. А значыць, можна разлічваць на цудоўны трафік...
Гучны сігнал аб тым, што прышоў электроны ліст, заспеў яго на кухні — якраз рабіў каву. «О, першыя каменты пайшлі», — падумаў задаволена, бо цяпер настроіў сайт так, каб усе каментары скідваліся на пошту. «Давайце, давайце... »
З кубкам кавы падышоў да камп’ютара. Але то быў не камент — ліст прыслаў Алік.
«Тэрмінова! Здымі апошні ролік. Тэрмінова!!! Стукні ў аську. Важна!»
«Што такое?..» — трывога ахапіла Віктара, але надта ён не баяўся. Слухаць гэтага Аліка ці не? Алік жа ведае, што Віктар як быццам толькі распрацоўвае сайт, што не ён адзін у праекце, што галоўным тут нехта іншы... Адказаць? Тады Алік зразумее, што Віктар усім запраўляе... Чорт з ім, здымем пакуль, нікуды ролік не дзенецца, проста забаронім паказ... Ну, і што ў асьцы Алік скажа?
Віктар: — Я тут
Алік: — Ты там з глузду з’ехаў?
Віктар : — Што за наезд? І я тут пры чым?
Алік: — Не ведаю, хто там кіруе... Апошні ролік — гэта крымінал.
Віктар : — Крымінал. А што?
Алік: — Доўбня! Крымінал у адносінах не да тых пацаноў, а да цябе!
Віктар : — Што ты палохаеш?
Читать дальше