Ён не пашкадаваў пра сваё рашэнне. Праўда, тое, што ўдалося зняць, ніяк не ўкладвалася ў свядомасць ірэальнасцю сцэны. Гэта было не кіно, не хроніка «Надзвычайных здарэнняў».
Гэта было рэальнае рабаўніцтва, якое адбывалася ў кіламетры ад Віктара. На маленькім дысплеі фотаапарата Віктара дзяўчына ў бязгучнай роспачы адкрывала рот, а яе трымалі ў той самай канаўцы два дзецюкі.
Што было рабіць? Крычаць адсюль? Няма сэнсу. Бегчы? Але што ён можа адзін супраць дваіх? Яны ж дарослыя ды і мацнейшыя за Віктара.
...Дзецюкі выскачылі перад дзяўчынай з зарасніку. Адзін адразу ўхапіў яе за рукі, закруціў іх назад і трымаў. Другі, нахабна ўсміхаючыся, вырваў з рук сумачку. Дастаў адтуль кашалёк, потым вытрас усё астатняе на зямлю. Пацягнуўся рукой да грудзей дзяўчыны. Тая ірванулася назад, але дзе там... Рука рабаўніка шмарганула блузку дзяўчыны, дацягнулася да залатога, мабыць, ланцужка на шыі. Сарвала... Потым той, што трымаў дзяўчыну за рукі, перахапіў яе за шыю, і сама дзяўчына i дрыжачымі рукамі зняла адну за другой завушніцы, потым два пярсцёнкі з рук...
«Сволачы, гопнікі праклятыя... Пачакайце, вы сябе пабачыце...», — адчайныя думкі біліся ў галаве Віктара, ад дрыжання рук раз-пораз збівалася настройка тэлескопа. Потым Віктар пабачыў, як замільгалі дзве постаці ў зарасніку — дзецюкі
ўцякалі. Асцярожна павёў тэлескопам за імі. І тут пабачыў, як з кустоў на сцяжынку гэтыя двое выкацілі матацыкл, спяшаючыся, завялі і рванулі. Віктар не быў упэўнены, што нумар матацыкла патрапіў у кадр...
Павёў аб’ектывам назад. У гэты момант дзяўчына, чапляючыся рукамі за траву, выбіралася з канавы. Устала, пайшла хістаючыся, прытрымліваючы разарваную блузку адной рукой. Застылы страх у заплаканых вачах, грымаса болю скрывіла твар, ператварыла яго ў маску адчаю.
Віктар выключыў запіс. Сеў на цагліны. Рукі дробна трэсліся. Ён зразумеў, што зрабіўся сведкам сапраўднага злачынства. Што на яго вачах адбылося страшнае. Без думак сядзеў колькі хвілін, потым зняў з тэлескопа фотаапарат — успомніў, што не пабачыў дакладна, ці патрапіў у кадр нумар матацыкла.
Пракручваў ролік на маленькім экране, і ў другі раз яго працяла ад выразу твару дзяўчыны, калі яна нема раскрывала рот. Яна клікала на дапамогу... Колькі адчаю, колькі малення, колькі страху ў вачах...
Звераватыя, драпежныя выразы твараў дзецюкоў. «П’яныя, сволачы», — адзначыў Віктар ужо з ціхім задавальненнем, ад таго, што буйны план у гэтым месцы атрымаўся — твары рабаўнікоў добра відаць.
Нумар матацыкла толькі мільгануў у кадры, не разгледзець, але гэта не страшна — можна ўключыць пакадравую прагонку, прыпыніць у гэтым месцы.
Выглянуў — дзяўчыны ўжо не было. Сабраў тэлескоп, склаў усё, спусціўся хутка ўніз і пайшоў. Але не па той сцяжынцы, кругом, выйшаў на прыпынак автобуса. Едучы, праводзіў позіркам і той далёкі адсюль, з дарогі, дом, і тую страшную канаву з пачуццём упэўненасці, што ніколі сюды больш не прыйдзе.
Не было аніякага жадання садзіцца за кампю’тар і перакачваць ролік, апрацоўваць яго. Нешта стрымлівала. Калі шчыра, дык Віктар яшчэ і не вырашыў, што рабіць са знятым эпізодам. Гэта ж не пераапрананні на беражку. Было тут нешта надзвычай сур’ёзнае для яго самога. Нават думаць пакуль не хацелася над лёсам роліка. Бо адчуваў, што тое, як паступіць ён у дадзеным выпадку, можа не проста змяніць ягоны сайт, а ўзарваць літаральна горад. Калі пачуюць пра такі ролік, на сайт рынецца глядзець плойма народу! Тых падонкаў цяпер спакойна вылічыць і знойдзе міліцыя. Гэта можа змяніць не толькі жыццё самога Віктара, калі раптам (гэта амаль немагчыма, але ж...) падонкі стануць помсціць і знойдуць Віктара. Гэта ўсё важна. Але куды больш важна іншае. Віктар адчуваў, што гэты ролік можа змяніць яго самога. Як, якім чынам — незразумела. Таму і страшна.
Вечар Віктар правёў у кампаніі з Юрысам і астатнімі хлопцамі. Мэры не пабачыў. Вельмі хацелася патэлефанаваць ёй. Каб сустрэцца, пагаварыць. Аб нічым і аб усім. Можа, стала б куды лягчэй, бо цяжар уласнай таямніцы пачынаў гнесці. Вядома, ён бы не стаў расказваць Мэры аб усім. Але можна б было неяк ускосна абмаляваць эпізод... Мэры разумная дзяўчына, яна дапамагла б. У хлопцаў пра такое не спытаеш — Юрыс адразу пра ўсё здагадаецца... Эх, каб быў нехта нейтральны чужы, але разумны, чулы, талковы: папытацца ў яго, параіцца, і каб ён знік потым недзе, растварыўся, больш не ўмешваўся, не пытаўся, нікому-нікому іншаму не рас казаў. Кажуць, Бог ёсць... Хай бы з ім нейкая сувязь мелася: патэлефанаваў яму па мабільніку, расказаў усё чэсна, шчыра — а ён табе добрую параду, разумную, талковую. Шкада, няма такой сувязі з Богам...
Читать дальше