— Розніца ёсць. Хаця тут ты маеш рацыю...
— Пра што гэта вы? — спытала маці, зазірнуўшы ў пакой.
— Ды пра рознае, — адказаў бацька. — Вунь, глядзі, якую сын сабе кнігу зрабіў.
— Дзе зрабіў? — недаверліва спытала маці. — Якую кнігу?
— Электронную, сайт, — адказаў за бацьку Віктар. — У інтэрнэце можна кожнаму пачытаць.
— Во як, хіба і кніжкі ў інтэрнэце ёсць?
— Ёсць і кніжкі. І куды больш, чым у бібліятэцы.
— І чытаюць?
— Чытаюць... Каму хочацца...
— А я думала, што тут толькі брыдота адна ды чаты вашыя...
— І брыдоты хапае, — уздыхнуў бацька. — Прама з нашага горада.
— А, чула, — ці не радасна ўсміхнулася маці. — Суседка нашай работніцы сваю дачку пабачыла, як тая курыць і віно п’е.
— І гэта добра? — прыжмурыўся бацька.
— Вядома, добра! — упэўнена, з выклікам адказала маці. — Ты от зараз пачнеш выкладваць свае тэорыі, а тут практыка: маці давярала дачушцы, а тая вось што вырабляла.
— Па-твойму, усю дрэнь трэба цягнуць на ўсеагульны паказ?
— Трэба! Бо гэта — жыццё. І не варта яго ружовым маляваць. Хай пабачаць сябе, якія ёсць на самай справе. Казалі на працы, там гэтулькі п’яных скандалаў ды боек — аж жудасна робіцца. От жыццё якое...
— І што зменіцца? Што можа змяніцца, калі ўсё гэта паказваць? — занерваваўся бацька.
— А ты прапануеш усё хаваць, казаць, што ўсё ў нас добра, дзеці выхаваныя, мужыкі цвярозыя, адпачываем мы ўсе культурна? Годзе, праходзілі ўжо, камунізм будавалі...
— Я ні ў якім разе не прапаноўваю выдаваць чорнае за белае. Але няўжо вы верыце, што калі п’яніцу сказаць, што ён п’яніца, той перастане піць? Няўжо страх быць злоўленай стрымае дзяўчыну ад курыва і віна, калі яна хоча гэтага і лічыць магчымым, абы толькі бацькі не бачылі? Ты як думаеш, сын? — бацька павярнуўся да Віктара, і ў вачах яго хлопец пабачыў чаканне, не — нават просьбу.
— Не ведаю, — шчыра прызнаўся Віктар. — А чаго хаваць тое, што ёсць? Можа, некаму сорамна стане...
— А можа, у такім разе рабіць шкляныя сцены ў дамах? Камеры назірання за кожным метрам плошчы горада? Спецыяльныя бранзалеты з перадатчыкамі на рукі ці шыю кожнаму?
— Што ты накінуўся на хлопца? — устрала маці. — Рэчы трэба называць сваімі імёнамі і паказваць, як ёсць.
— І што? Што зменіцца ад гэтага? — выгукнуў бацька з адчаем.
— А што, па-твойму, рабіць? — пайшла ў наступ маці. Чаго ты на нас напаў?
— Што рабіць, што рабіць? — бацька азірнуўся па баках, быццам у пошуках нечага. — Ат, доўга гаварыць, і так зразумееце. Значыць, у жыцці нашым ёсць чорнае, ёсць і белае...
— Чорнага больш, — уставіла маці.
— Няхай так, — лёгка згадзіўся бацька. — Дык вось, наша жыццё — шэры ліст. Згодзен, сын? Ты згодна? — павярнуўся бацька да маці.
— Згодзен, — адказаў Віктар.
Маці толькі кіўнула.
— Дык вось, — працягваў бацька. — На нашым шэрым лісце з’явілася чорная пляма, яшчэ адна. Нейкая мярзота. Мы ведаем пра гэты факт. Але вось гэтую мярзоту паказваюць па тэлевізары, вось яна на першых старонках газет і часопісаў, вось яна ў інтэрнэце на тысячах сайтаў. Мы расплюшчылі вочы некаму? Не, сябры мае: мы памножылі гэтую мярзоту шматкроць. І на нашым шэрым полі яна разраслася ва ўсе бакі. Наша жыццё зрабілася не шэрым ужо, а цёмна-шэрым. Што асвятліць шэрую фарбу? — хутка спытаў Віктара.
— Светлая фарба, — разгублена адказаў хлопец. — Што яшчэ?
— Правільна! — уздыхнуў з палёгкай бацька, быццам Віктар падказаў яму выратавальны адказ. — Нельга сцерці чорнае, памнажаючы яго. Трэба рабіць белыя плямы на шэрым! Ствараць нешта светлае, добрае.
— Каб жа было так проста, — хмыкнула маці.
— Вядома, не проста! Вядома, не за раз! — зноў пагадзіўся бацька. — Але ж шлях вось такі — выкрываць, шукаць, нішчыць — шлях рэвалюцыйны, значыць — з кроўю, дыктатурай, з контррэвалюцыямі. А ствараць белае, цягнуць людзей да свету, а не тыкаць іх у свой жа бруд — шлях эвалюцыйны. Гэта значыць — шлях паступовы і незваротны. Культура развівалася такім накірункам, культура і мастацтва выводзілі людзей з іх звярынага аблічча.
— Надта ты ўжо высока ўзяў...
— Нічога не высока, — пераканана адказаў бацька. — Вось сайт, што з’явіўся ў горадзе, — гэта множанне чорнага. А сайт сына з яго вершамі — маленькая кропля светлага. Ты, сын, гэта разумееш?
— Разумею, — усміхнуўся Віктар. — Значыць, буду цягнуць эвалюцыйны воз, з гонарам за сябе.
— Ты не смейся, — крыху пакрыўдзіўся бацька. — Кожны чалавек мяняе свет і сусвет. У залежнасці ад таго, колькі даў яму Бог таленту. Табе далі больш — з цябе больш і спытаецца...
Читать дальше