Праграма спампавалася. Віктар сеў разбірацца — нічога складанага як быццам. Загрузіў свой першы фільм, які ўмоўна назваў «Шпалеры». Некуды падзелася і прыкрасць, і пачуццё віны: колькі там часу прайшло, а для Віктара гэтыя мужчына і жанчына сталі проста кадрамі фільма. Ён праглядваў раз, другі, ужо назіраючы за ім, нібыта з боку прафесіянала: ці змогуць гэтыя кадры некага зацікавіць? Надта ж тут усё цнатліва... Хоць і па-сапраўднаму. Эх, пацалунак бы яшчэ сюды... Няхай бы ён гэты халацік расшпіліў...
Закрыў твар жанчыны ў патрэбных кадрах размытай плямкай. Прагледзеў і расчараваўся — зусім іншае ўражанне. Чорт... Не трэба гэтай плямкі. А што тут такога? Не крадуць жа яны, не сексам займаюцца... Проста клеяць шпалеры. Падумаеш, загалілася попка, дык жа трусікі на ёй...
Ат, пару кадраў абрэзаць ад пачатку, каб дынамікі больш было. О, музыку падабраць, бо пры поўнай цішыні неяк не глядзіцца...
Яшчэ гадзіны з паўтары Віктар прасядзеў, падбіраючы музычны кавалак пад сюжэт. Калі падабраў і збіраўся паставіць, маці прычыніла дзверы:
— Спаць кладзіся. Я стамілася сёння, хачу адпачыць, выключай святло.
Віктар ахвотна згадзіўся — яшчэ помнілася крыўда маці на кухні.
— Усё, кладуся, мам...
5
Доўга не мог заснуць. Думаў пра заўтрашні дзень: як вярнуцца з таго лесу з сумкай і тэлескопам так, каб бацькі нічога не заўважылі? Самы ж час для назіранняў менавіта 18.00—19.00 гадзін вечара... Мабыць, трэба зноў да Лёшкі тэлефанаваць — пакіне ў яго сумку. Лёшка чалавек надзейны, хоць і цялепкаваты.
А больш Віктару і разлічваць няма на каго. На Юрыса, з якім сядзяць разам за партай ужо некалькі гадоў? Не, у таго сваё жыццё. У кватэру не пусціць проста так, запатрабуе пра ўсё расказаць. Не такі ён чалавек. Столькі разам прасядзелі, а не блізкія сябры. Быццам і ёсць ім аб чым пагаварыць, быццам і думкі супадаюць у многім, але пасля школы не было, каб разам куды падаліся. У Юрыса заўсёды свае справы. Вось здымкі з тэлескопа яго цікавілі. І на камету ён прыходзіў глядзець штодзень, аж пакуль яна не знікла. Дарэчы, камета іх зблізіла да той мяжы, якая дазволіла сесці за парту ў наступным годзе...
А Лёшка — просты і зразумелы. Цікава, вось ёсць для эпіграмы ўсё неабходнае: і характар яго рахманы, і захапленне праграмаваннем, а не атрымліваецца пакуль эпіграма. Хочацца, каб была яна не проста дасціпная, а цёплая, каб характар Лёшкаў паказаць, яго надзейнасць...
Ат, напішуцца яшчэ эпіграмы. Вось будзе дзяжурыць на той вышцы — панапісвае вершаў...
...Прачнуўся позна. Паеў, што прыгатавала маці, сабраў у сумку ўсё начынне: тэлескоп, штатыў, фотаапарат, запасную карту памяці, яшчэ адзін камплект акумулятараў, колькі катлет і хлеба ў мяшэчку, бутэльку з вадой. Патэлефанаваў маці, што будзе ў сяброў, мо пойдуць на вадасховішча ля горада, каб не перажывалі, калі яго дома не застане. Зрэшты, няхай тэлефануе, як будзе хвалявацца...
От жа, з аднаго боку, мабільнік — рэч добрая, проста выдатная. Цяжка ўявіць, як раней абыходзіліся без яго. З другога боку — здраднік сапраўдны. У любы момант цябе адшукаюць. А як не адказваеш ці адключышся, так адразу і думаюць, што нечым непатрэбным займаешся...
Дабраўся спачатку да таго самага берага рэчкі, дзе класам адзначылі заканчэнне навучальнага года, потым напрамкі, праз лес, пайшоў да вышкі. Доўга ішоў наўзгад, бо з-за дрэў яе не было відаць. Імкнуўся арыентавацца выбраным накірункам, каб не мінуць. Ішоў і ішоў, ужо здалося, што вышка засталася недзе за спінай ці ў баку, але яна нечакана вытыркнулася наперадзе: зробленая з тоўстых бярвенняў трохпавярховая піраміда з абсечаным верхам, з прамежкавымі паверхамі.
Падышоў да яе асновы, агледзеў. Вышка была старая, але не трухлявая. Нідзе паблізу не бачылася ні сцежкі, ні прыкамечанай травы, значыць, сюды даўно ніхто не прыходзіў. І не дзіўна — месяц дажджлівы. Ці, можа, леснікі скарыстоўваюць іншую.
Віктар пабачыў, дзе пачынаецца лесвіца, і расчаравана вылаяўся — бліжэйшая да зямлі тоўстая перакладзіна, ад якой лесвіца шыбавала ўверх на другую перакладзіну, пачыналася метры за тры ад зямлі.
А можа, непатрэбна яму гэтая вышка? Навошта той сайт, тыя долары ды тая кніга? Пасядзіць яшчэ крыху над сваім «самвыдатам», папросіць Мэры — хай на дапамогу бацьку пакліча, той жа ў рэдакцыі працуе. А там спецыяльныя праграмы ёсць для падрыхтоўкі выданняў... Ці сам патрэбную праграму паставіць, за месяцы тры, не спяшаючыся, навучыцца, надрукуе тры дзясяткі асобнікаў!
Читать дальше