А ідэі няма.
Віктар зайшоў на знаёмы форум: можа, там народзіцца хоць якая думка, калі пачытае, як робяць іншыя...
А што такое ідэя? Ды яшчэ ідэя ў сеціве? Зразумела, сайт — месца з нечым цікавым, карысным, забаўляльным, прываблівым, патрэбным... Віктар чытаў раздзел «Для навічкоў» і ніколькі ўжо не здзіўляўся таму, што так цяжка прыдумаць нешта новае — вунь колькі жадаючых вынайсці веласіпед!Тое, пра што раней казаў Лёшка, пацвярджалася: для добрага праекта трэба вялікія грошы. Не сотні, а тысячы долараў.
Хлопец раззлаваўся: сам на сябе, што не можа нічога прыдумаць, і на тых, хто прыдумаў раней за яго сайт прыколаў розных, цікавых фотаздымкаў, відэаролікаў. Злосць падштурхнула заняцца апрацоўкай фотаздымкаў, хоць цяпер Віктар не разумеў — навошта гэта рабіць? Хіба што паказаць самой Мэры. Выкласці сюды свае вершы, расказаць усім у класе ў верасні: чытайце! І што? Ну, прачытаюць... А хто больш сюды пойдзе? Каб хоць які рэкламны банер прыносіў капейку, трэба не менш як 300—400 наведвальнікаў...
4
Работа ў фоташопе пакрысе супакоіла. Мяняў фон на здымках: была маленькая Мэры ў садку разам з усімі, а стала сярод калон нейкага замка — падобных малюнкаў і здымкаў у Віктара хапала.
Некалькі фотаздымкаў вырашыў зрабіць на фоне зорнага неба, што некалі сам здымаў праз тэлескоп. Зрабіў першы — цікава атрымалася. А галоўнае — тут і яго праца ёсць, неяк сімвалічна атрымліваецца.
Адзін здымак хваляваў асабліва: у мінулым годзе ўдалося схапіць на возеры: Мэры здымае праз галаву лёгкую сукенку, застаючыся ў купальніку. Тут і фон іншы не падбярэш, а было б цікава здзівіць Мэры...
Выйшаў на балкон — падыхаць свежым паветрам, развеяцца. Можа, якая думка ў галаву прыйдзе. Стаяў, углядваючыся ў горад, на які пакрысе апускалася ноч — запальваліся ўжо агні ў вокнах, ліхтары на вуліцах, змаўкалі галасы дзятвы. У блізкім ад дома Віктара акне кухні рухалася постаць, здаецца, жаночая.
«Кухні яны не занавешваюць, — хмыкнуў у думках Віктар. — Хай бы спальні не занавешвалі».
І раптоўна ўявілася: той самы здымак Мэры, дзе яна скідае сукенку, трэба паставіць у такім вось акне, дзе гарыць святло! Пакінуць ад Мэры толькі яе сілуэт, нібыта святло падае на яе са спіны.
Пакуль добра сцямнела, зрабіў сабе каву, падрыхтаваў фотаапарат. Прымерыўся — нічога, павелічэння хапае, хоць без штатыва наўрад ці атрымаецца зняць, каб не змазаўся здымак. Штатыў узяў ад тэлескопа. Хутка зрабіў некалькі здымкаў, перакінуў на камп’ютар. Паўгадзіны працы — так выдатна атрымалася! Быццам і праўда ён зняў Мэры з вуліцы, калі яна распранаецца, стоячы перад акном... Чорт, аж усхваляваў мантаж, так і сыходзіла са здымка пачуццёвасць.
Бацькі прыйшлі — недзе былі разам у гасцях.
— Галодны зноў? — спытала маці.
— А што, пара есці? — аджартаваўся Віктар.
— Я так і ведала, — данеслася з кухні, дзе маці праводзіла рэвізію халадзільніка. — Бяры і сам разагравай, я хачу кіно паглядзець.
— Добра, добра, — Віктар пайшоў на кухню.
Бацька на кухні глядзеў навіны — тут таксама стаяў невялікі тэлевізар.
Віктар уставіў у мікрахвалевую печ макароны з катлетамі, разагрэў, прысеў есці.
— Слухай, а чаму жанчыны такія ахвочыя да серыялаў, га? — спытаўся ён у бацькі, калі навіны перабіліся рэкламай. — Як бы вы з маці жылі, калі б адзін тэлевізар быў? Пабіліся б, мабыць...
Бацька хмыкнуў але адказаў сур’ёзна:
— Некаторыя б’юцца. І канфлікты ўзнікаюць вялікія.
— Але чаму? — перастаў есці Віктар. — Бясконцыя інтрыгі, цягучка, прымітыў...
— Тут даволі проста, — тлумачыў бацька. — Па-першае, той самы прымітыў. Сур’ёзны фільм патрабуе дзейнасці мозга, думак, разважанняў, унутранай працы на духоўным узроўні. Сапраўднае мастацтва ўздзейнічае на чалавека, праз убачанае чалавек усведамляе сам сябе, свой унутраны свет, чорныя і светлыя бакі. А хто хоча пабачыць самога сябе ў нявыгадным святле?
— Не ведаю... — адказаў Віктар. — А што яшчэ?
— Далей — зноў той жа прымітыў. З першай серыі ўсё зразумела: тут бандыт, тут герой. Тут ілгун, а тут святы. Усё вядома, застаецца толькі чакаць, як там далей абставіны складуцца, што новага злодзеі прыдумаюць і як добрыя выкруцяцца. Пры гэтым усе ведаюць, што канец будзе шчаслівы. Такім чынам, рэжысёры прапаноўваюць гледачам гульню: угадаюць яны наступны ход, наступны паварот сюжэта ці не.
— Так, — згадзіўся Віктар. — Толькі і размоў у маці з сяброўкамі пасля чарговай серыі — а што далей будзе...
Читать дальше