Не цікава атрымалася — амаль агідна. З сумкі жанчына дастала купальнік.
Яе скура падалася выбеленай, нейкай несапраўднай.
Усё было непрыгожа. Вельмі. І рухі жанчыны... І цела яе, азызлае, вялікае.
Мужчына падышоў, клапатліва паправіў купальнік на спіне жанчыны. Потым прыабняў таўстуху, і яны пайшлі да вады.
Брыдота, пасміхаўся Віктар. Але няхай будзе. Не ўсе ж на мадэльных прыгажунь вылупліваюць вочы.
...Няўжо такую жанчыну можна кахаць? Некалі мо і яна была зграбнейшая...
Але недзе там, за гэтай уяўнай брыдотай цеплілася і іншае, вельмі блізкае да таго, калі маладыя муж і жонка клеілі шпалеры ў кватэры. І тую сцэну са шпалерамі, і гэтых мужа і жонку збліжала між сабой светлае пачуццё ўвагі і павагі адзін да аднаго...
Нечаканая думка прымусіла замерці: а яго маці хіба мадэль? Віктар адагнаў думку, але яна вярнулася, і ён зразумеў — не схавацца ад яе. Так, былі ў мінулым годзе на рэчцы разам, то і ў маці жывот не вельмі каб... Пісягі на ім... Маці толькі ўсміхнулася, калі прыкмеціла кароткі сарамлівы позірк Віктара:
— Што? Расцягнуў мой жывот, пакуль сядзеў там, а цяпер дзівішся? — засмяялася так шчасліва, быццам галоўнай мэтай жыцця было нарадзіць, а што жывот расцягнуўся, што пісягі на скуры — то як ордэнскія планкі.
І Віктару стала вельмі ўтульна. Тады ён упершыню паглядзеў на маці як на жанчыну, а на бацьку — як на мужчыну. І ўпершыню пабачыў праяўленне іх пачуццяў — праз кароткія дотыкі, погляды, праз іх дураслівасць у вадзе...
Калі б маці распранулася цалкам — хіба яна была б прыгожай?
Не, Віктар не ўяўляў маці аголенай, не мог... Іншае ўяўленне да халоднага ліпкага поту працяла свядомасць: вось так, як Віктар назірае за гэтай невядомай яму парай сталых людзей, нехта недзе назірае за яго маці...
Не, гэта немагчыма. Чаго ён так разнерваваўся? Маці ніколі не паедзе сюды — ён чуў, як яна казала пра гэта месца — «публічны бераг». Па-другое, яна ніколі не стане пераапранацца вось так. І па-трэцяе, у каго ў горадзе яшчэ ёсць тэлескоп? Хто яшчэ мог дадумацца да такой ідэі? Няма ў сеціве падобнага сайта. А адначасова двум у адным месцы не магла прыйсці такая ідэя... Дарэмна ён распсіхаваўся. Але хопіць на сёння! Два выдатныя відэаролікі. Толькі фон музычны падабраць. Ды адзін ролік побач з другім паставіць! Назваць, напрыклад, «Кантрасты». Цікава будзе...
Удаўся дзень! Першы раз — і адразу два такія сюжэты. За месяц можна пад сотню замалёвак зрабіць. І пра балкон не забывацца...
Тэлескоп Віктар, як і планаваў, пакінуў у Лёшкі. Той і пытацца не стаў нічога. Вось дзе надзейны чалавек.
6
Дзіўна, але ўсе хваляванні зніклі, калі сеў за камп’ютар. Зноў тыя самыя жывыя людзі на беразе сталі звычайнымі кадрамі, з якімі трэба працаваць: нейкія выразаць, каб не зацягваць, нешта і месцамі памяняць... Працаваў гадзіны дзве, запусціў праграму перазапісу фармату — яна доўга працуе, пайшоў на кухню.
Бацька глядзеў баявік — Сцівен Сігал у галоўнай ролі. Віктар любіў гэтага акцёра і яго фільмы. Гэткі твар непранікальны, мужны. А позірк... Ды і фільмы цікавыя. Прысеў і сам на канапу, хоць фільм гэты ўжо глядзеў.
— Ідзі ў маці папытайся, мо яна гарбату будзе, — сказаў бацька.
Маці ад гарбаты не адмовілася — яна глядзела свой чарговы серыял. Віктар зрабіўў, паклікаў. Якраз пад рэкламу маці прыйшла на кухню.
— От, вам толькі б баявікі глядзець! Забіваюць, рэжуць, душаць, — скрывіла яна вусны.
— У сённяшніх серыялах крыві не меней, — спакойна заўважыў бацька.
— Ну, ты не глядзіш, то не кажы. Тут во адзін за другім... Божачка мой...
— Тут жа гульня, — усміхнуўся бацька. — Лепш такі баявік паглядзець, чым адзін выпуск «Надзвычайных здарэнняў».
— Што ты раўняеш? Там — жыццё. І ў серыялах — жыццё.
— У тым і справа, — бацька рэзка сеў (ён паўляжаў на канапе), узяў кубак з гарбатай. — Вось гэты баявік ад пачатку — кіно. Тут усё па законах жанру: гінуць толькі дрэнныя ды другасныя. Галоўныя героі — добрыя і заўсёды ў апошні момант перамагаюць. Тут — шчаслівы канец. Галоўная думка: дабро перамагае зло...
— І ў серыялах так! — запярэчыла маці.
— Трошкі не так, — адказаў бацька. — Там забіваюць, гвалцяць, труцяць — і хочуць, каб мы верылі, што так бывае сапраўды. Што сапраўды ў жыцці не бывае без бандытаў, без падману, без здрадніцтва сяброў і каханых. І дабро далёка не заўсёды перамагае...
— Мне лепш так глядзець, чым бясконцую страляніну.
— Ну, няхай і лепш... Вунь сёння паўгадзіны таму паказвалі, як аўтобус насмерць збіў жанчыну.
Читать дальше