— Я бачыла.
— Вось... Добра гэта?
— Паказалі, ды і ўсё, — паціснула плячыма маці, але адчувалася, што яна гатова прызнаць, што бацька ўсё ж слушна кажа. — Я не глядзела надта.
— А гэты выпадак тры разы на дзень паказвалі, — разгарачыўся бацька. — І гэта страшна! Страшна, што смерць чалавека, сапраўдную смерць — паказваюць як відовішча! Застаўся адзін крок: паказваць смяротную кару па тэлевізары, як у сярэднявеччы!
— Ды не крычы, я разумею...
— Ды я не крычу, — пацішэў бацька. — Што людзі хочуць бачыць, тое ім і паказваюць...
— Няўжо, людзям цікава бачыць чыюсьці смерць? — запытаўся зацікаўлена Віктар. — Чаму даўней прыходзілі глядзець смяротную кару на плошчу?
— Смерць заўсёды была адной з самых загадкавых таямніц для чалавека. Момант пераходу ад жыцця да смерці хваляваў і будзе хваляваць... Адна справа, калі памірае чалавек хворы, і зусім іншая, калі вось ён быў жывы і здаровы, а ўпала гільяціна — пакацілася галава...
— Уй, ты пачнеш зараз, — чмыхнула маці. — Дай спакойна папіць.
— Добра, не буду, — паабяцаў бацька, але дадаў для Віктара: — Думаю, што людзі ўсялякія жудасці таму прагнуць глядзець, што самі знаходзяцца па гэты бок, у бяспецы. Гэта і супакойвае, і дае адчуванне асабістай упэўненасці: вось, там такая бяда, а я ў фатэлі...
— Дык што дрэннага ў гэтым? — паціснуў плячыма Віктар.
— Блага тое, што ад сузірання знікае суперажыванне. Ты прывыкаеш да чужой бяды. Яна робіцца фактам, але фактам экранным, відовішчным. З другога боку, гэта кшталту наркотыка: калі ў цябе нешта дрэнна ў жыцці — паглядзі «Надзвычайныя здарэнні» — адразу лягчэй стане. Атрымліваецца замкнёнае кола...
— Ат, ты ўжо нагаварыў сем бочак, — скрывілася маці. — Вунь даўно даказана, што дзеці становяцца злачынцамі, калі такіх баявікоў наглядзяцца.
Бацька сумна ўсміхнуўся ў адказ:
— А іх матулі ў гэты час глядзелі «санта-барбары»...
— Ты хочаш мне настрой сапсаваць? — са злосцю спытала маці, адставіла кубак. — Ад таго, што я адну гадзіну ўдзень пагляджу тэлевізар, мой сын вырасце бандытам? Ты гэта хочаш сказаць?
— Гэта ты ўжо завярнула, — стаў бараніцца бацька. — Я толькі...
— Усё, ведаю я тваё «толькі», як пачнеш, дык не спыніць.
Маці пайшла з кухні, за ёй пасунуўся ў свой пакой і Віктар.
Відэаролікі атрымаліся!
Адзін — крыху эратычны, але ў нечым і цнатлівы, просты. А другі, дзе ста-
рыя, — дык проста смешны! Захацелася вось цяпер, адразу выкласці іх у сеціва — няхай бы хто хоць які камент пакінуў!
Але куды выкладаць? Сайта ж няма. Дамен трэба...
Што ж, сёння хопіць практыкі — час брацца за тэорыю. Тут ужо трэба пытацца...
Віктар зайшоў на той самы форум, пра які яму распавёў Лёшка. У раздзеле «Самае рознае» запасціў тэму: «Ёсць ідэя. Як рэалізаваць?» «Поўны прафан, прызнаюся шчыра. Сякія-такія веды ёсць, агульныя. Але маецца ідэя. Хачу зрабіць сайт і зарабіць крыху. Грошы надта трэба. Хто дапаможа? Аддзячу...»
Адказы пачалі з’яўляцца адразу ж.
«Што за ідэя? Як табе дапамагаць, калі невядома нічога?»
«Хлопец, не ўздумай паліць ідэю, калі яна сапраўдная».
«Чым аддзячыш? Калі ідэя добрая, магу дапамагчы, як возьмеш у долю».
Віктар задумаўся: што расказаць і каму... Потым адказаў у тэме:
«Ідэя... Ідэя не такая і новая. Скажам, зборнік цікавых відэаролікаў. Але сайт будзе для дарослых, так што тут складанасці».
«Адалт? Так і кажы, знайшоў ідэю. Складанасці ёсць. Дамен, хостынг асаблівыя трэба. Грошы...»
«Парнухі не будзе. Хіба крыху эротыкі. Грошай трохі ёсць. Дзе і як рэгістраваць дамен? Хостынг?»
Перагрузіў браузер і пабачыў, што ў асобцы чакаюць два паведамленні. У адным: «Гатовы дапамагчы. Ёсць ужо дамен зарэгістраваны, хостынг ёсць. Дамен праіндэксаваны. Дорага не вазьму».
А вось другое абрадавала вельмі: «Зямляк, я з твайго горада. Слухай уважліва: калі на самай справе збіраешся рабіць нешта падобнае, не свяціся. Наш Крымінальны кодэкс ніхто не адмяняў. Ты думаеш, тут толькі юзеры сядзяць, а нікога з органаў не бывае? Другое: ні з кім у долю не думай уступаць. Толькі сам, лепш пазыч (магу і я), але ў долю не бяры. Будуць пытанні — задавай! Алік».
Віктар перачытаў яшчэ і яшчэ раз. Радасць ад таго, што знайшоўся зямляк на такім форуме, які гатовы дапамагчы, паступова дапоўнілася асэнсаваннем неабходнасці мер перасцярогі, пра якія казаў Алік. Віктар глянуў профіль свайго земляка: зарэгістраваны два гады таму, высокая рэпутацыя, мноства пастоў. Віктар задумаўся. Найменш яму хацелася некаму адкрываць сваю ідэю. Аднак... Як самому разабрацца? Які і галоўнае — дзе — рэгістраваць дамен? Дзе браць надзейны хостынг? Не на Юкозе ж...
Читать дальше