— Убачыш, калі з намі пойдзеш...
— Сабак не баюся... — пераступіў з нагі на нагу Алік . — У нас сабака быў — у будку не ўлазіў...
— Ідзеш з намі?.. — спытаў я Зіначку.
Зіначка падціснула губкі — кінула ж мяне — і ўсё ж кіўнула: “Іду...” На тое я і разлічваў, а то кідаць яна мяне будзе...
— Гляну, як Аліка ўладкуеце, — папярэдзіла Зіначка, каб я не падумаў чаго іншага.
Не да іншага мне, Зіначка, не да іншага... У мяне работы — лапатай не разгрэбці, канцэрт трэба майстраваць, вунь і дамова ўжо ёсць, я адзін, Росцік у бальніцы, Ігар Львовіч у магіле, падпалкоўнік Панок у камітэце дзяржбяспекі, Зоя ў Маскве, Лі-Лі невядома дзе, а ты думаеш, што я пра іншае думаю...
Я падумаў, што час губляю...
— Сама і ўладкуеш, — падаў я Зіначцы ключы з візітоўкай, пераправіўшы нумар сваёй кватэры на нумар кватэры Рутнянскіх. — Ведаеш, дзе гэта?
Зіначка, разгубіўшыся, залыпала ляльчынымі вачамі.
— А вы?..
— Мне на работу. Пабачымся вечарам, Алік.
Каля бальнічнай брамы спынілася таксі, якое заспяшаўся я пераняць — з машыны, нечым моцна заклапочаны, выскачыў палатны доктар Іосіф Данілавіч, павітаўся на бягу:
— Вам бы яшчэ раз аналізы здаць, Раман Канстанцінавіч... З днём нараджэння, Зіначка! Падарунак за мной...
Зіначка паружавела і пагразіла ўслед Іосіфу Данілавічу кулачком. Як мне падалося, трохі дэманстратыўна пагразіла...
Ці не з ёй праблема ў Іосіфа Данілавіча?.. З генам кахання...
— Едзеце? — спытаў таксіст, убачыўшы, што я затаптаўся каля машыны. Не рабіць жа мне выгляд, нібы не расчуў таго, што сказаў Іосіф Данілавіч...
Дзень перастаў быць проста днём, стаў днём нараджэння.
Некуды ехаць трэба было — мы селі ў таксі. Таксіст быў той жа, што вазіў мяне ўночы. Ён што — не спаў?..
— Дык у цябе свята, Зіначка?
— І мне не сказала... — адсунуўся ад Зіначкі Алік. — Я б не замінаў...
— Вы... — пачаў пазнаваць мяне таксіст.
— Не, я брат.
Таксіст не зразумеў.
— Чаму вы брат?..
— Бо за сябе заўсёды даражэй плаціць даводзіцца.
Засмяяўшыся, таксіст сказаў чамусьці:
— Гэта не Масква. Куды едзем?.. На могілкі?
— Вас пазнаюць усе... — знайшла нарэшце, што сказаць, Зіначка. Я не стаў пярэчыць, а таксісту было ўсё адно.
— У рэстаран, — вырашыў я, прыдумаўшы найпрасцейшае. — Выйшла так, што ў нас свята.
Зіначка запрацівілася:
— Не! У мяне дзень нараджэння ўвечары!
Таксіст зноў засмяяўся — ён, відаць, усе ж паспаў.
— Вечар нараджэння ў яе... Далёка табе яшчэ да вечаровай...
— Да вечара і загуляем, — паабяцаў я. — Да ночы.
— Я не люблю рэстараны!
— Тады куды?..
— Нікуды. Туды, куды Аліка — і нікуды. Мяне дома чакаюць.
За рашучасцю ў голасе Зіначкі рашучасці было не надта...
— Значыць, да цябе едзем. Недзе ж трэба адзначыць...
Зіначка насцярожана не паверыла.
— Вы ў госці да нас?..
— Калі запрашаеш...
Я сказаў гэта, каб падражніць Зіначку, а яна раптам рашуча распарадзілася:
— Вуліца Чыгуначная! Ой, як мамка ўзрадуецца!..
Ну, дзе дачка, там і мамка... Па жыцці ў мяне так.
— Ехаць? — спытаў таксіст. — Ноч праездзілі — цяпер дзень... Мяне Віктарам завуць.
І чаго ён, такі вясёлы, каля могілак стаяць баяўся?..
— Зіначка, у мяне работы — лапатай не разгрэбці...
— А лапата ў рэстаране?.. — крыўдліва спытала Зіначка. — Я запрашаю — вы ж самі напрасіліся...
Сапраўды, яна запрашае — і я сам напрасіўся.
— Едзем, Алік?
Я чакаў, што Алік, як звычайна, засаромеецца і адмовіцца... Алік засаромеўся, расшпіліў сумку і дастаў пакамечаны букецік рамонкаў.
— Каля хаты нарваў... Не ведаў, што ў цябе дзень нараджэння, але так нават лепш...
— Алік!.. — расцалавала яго Зіначка. — Як я рамонкі люблю!
Алік зніякавеў, хоць цалавацца яго вучылі і Зіначка, і Лі-Лі.
Гледзячы на Зіначку, можна было паверыць, што яна болей за ўсё на свеце любіць рамонкі... Калі я дарыў кветкі Марце, Марта казала: “Вазьмі вазу і пастаў дзе-небудзь...”
Каб я не думаў, што магу нешта крануць у ёй такой драбязой.
Рэдкая жанчына. Нават сярод немак.
— Паехалі, — сказаў я таксісту. — Праз магазін.
У вітрыне магазіна стаяла лялька з тортам на руках. Не манекен, лялька — ростам з Зіначку і падобная на яе. Грудкі тырчком, спінка роўна, попка кругла...
— Вы што, гэта афармленне! — ледзь бровы не зламала прадаўшчыца, нібы я не ляльку, а яе купіць надумаў. Давялося ісці да дырэктара — я ўжо не бачыў іншага падарунка.
— Ой... — толькі і змагла выдыхнуць Зіначка, калі я пасадзіў побач з ёй ляльку, а таксіст сказаў:
Читать дальше