— А пасля дагаварыць тое, што ў лазні Крабіч дагаварыць не даў... Што дэпутацкія выбары — прыкідка да прэзідэнтскіх, пад якія ўжо ўвесь шоу-бізнес нам аддадуць... І пакінуць яго за намі, пакуль пры ўладзе будуць, а пры ўладзе яны, Шыгуцкі кажа, назаўсёды. — Росцік, які некалі і лабухам быў, і дырэктарам, і канферанс’е, крутнуў кулак на кулаку і сказаў голасам Шыгуцкага: “І ніхто не рыпнецца!..”
Прыблізна гэтага я і чакаў...
— Усё?..
— Амаль што... Драбяза яшчэ... Адыходзячы, абнялі і сказалі: “Не трэба Раману Канстанцінавічу ў аглоблі біць”.
Росцік разумеў, што гэта не драбяза, таму і пракінуў пад самы канец: “Адыходзячы, абнялі і сказалі...”
— Хто сказаў?..
— Шыгуцкі. Красевіч упэўнены, што ў аглоблі біць ты і не збіраешся...
Тут я не стрываў, каб не ўпікнуць:
— І ўсё ж табе даручылі паўплываць?..
Росцік зірнуў на мяне з той габрэйская тугой, з якой самы тужлівы беларус не зірне... Хіба толькі хітрыць будзе, паказваючы, нібы яму гэтак жа тужліва, як габрэю...
— Да мяне прыйшлі і мне адкрыта сказалі пра маю выгаду... А я стары і хворы жыд, каму я на хрэн патрэбны?.. І я ляжаў і думаў: жыццё — чарга. Кожны ў ім, хто не першы, стаіць за некім. Выйшла так, што я за табой... Чым ты бліжэй да першых, тым я да іх бліжэй. Цябе падцягваюць да ўлады — мне гэта выгадна, Ромчык... Давай паспрабуем выкруціць з гэтага ўсё, што можна...
Росцік глядзеў, як сусветны сум — мне шкада яго стала.
— Калі ты ў аглоблі біць не будзеш...
— Не буду, — усміхнуўся Росцік. — Дык што?..
— Не хачу я з імі нічога выкручваць.
— А з кім хочаш? Са змагарамі? З вар’ятамі накшталт Крабіча?..
— Ні з кім.
— З некім прыйдзецца, — сказаў Росцік тое самае, што Крабіч казаў, і выходзіла, што нічым касмапаліт габрэй не разумнейшы за нацыяналіста беларуса.
Тлумачыць Росціку, што мяне не столькі да ўлады падцягваюць, колькі ў стукачы і правакатары цягнуць, было позна. Недагаворанае, як не аднойчы я заўважаў, наогул рэдка калі дагаворваецца. Ва ўсялякім разе так, як яно сказалася б адразу...
— На... — дастаў Росцік з-пад падушкі папку з паперамі. — Пячатку паставіш і аддасі Красевічу.
— Што гэта?..
— Дамова з фірмай, праз якую плаціць нам будуць. — Росцік усміхнуўся. — За культурныя паслугі...
— Не самі, значыць...
— Знайшоў дурных... У іх гэта проста: пазванілі — і плаці. Ці назаўтра праверка па ўсёй праграме — і турма. А ў турме сумна, ніякіх культурных паслуг...
— Скуль ты ведаеш?
— Адчуваю. Жыд, калі чаго не ведае, дык адчувае...
Мне здалося, што Росцік усё круціцца вакол недагаворанага. Я паспрабаваў вярнуць яму папку.
— Выйдзеш і сам гэтым зоймешся.
— Не бі ў аглоблі, Раман Канстанцінавіч, — з недагавораным у вачах сказаў Росцік. — Шыгуцкі настойвае, каб быў твой подпіс...
— Каб ледзь што, дык праверка — і турма?
Росцік, кіўнуўшы, спытаў з тугой габрэйскай:
— А ты як думаў?.. — І ўздыхнуў на развітанне. — Так што глядзі ва ўсе бакі...
Тады я паглядзеў на яго — і пакінуў яму папку.
На калідоры зірнуў я ў адзін бок, у другі — пуста... Зіначка кінула мяне, так я хутка зусім адзін застануся.
Не, не кінула мяне Зіначка — стаяла ў двары бальніцы з Алікам. Наскоквала на яго, нешта даводзіла... Алік — не ў бальнічным, з сумкай на плячы — не хацеў яе слухаць і адварочваўся.
— Хоць вы яму скажыце!.. — нават выгляду не зрабіла, што здзівілася, а значыць, не падпільноўвала мяне, Зіначка. — Яго выпісалі, яму падацца няма куды, хай бы ў нас пажыў, дык упіраецца!
Я б на месцы Аліка не ўпіраўся — такая Зіначка харошанькая... Лялька, якую хочацца ўзяць і за пазухай насіць.
Алік жыў з бацькам, маці два гады як памерла... Бацька запіў і, пакуль Алік ляжаў у бальніцы, прадаў хату і прапаў з грашыма. Алік схадзіў у міліцыю, там сказалі: “Прап’е грошы і аб’явіцца...”
— Я заяву напісаў, дык не ўзялі, — няўцямна паглядзеў на мяне Алік. — Як гэта так?.. Няхай нават п’яніца, але ж чалавек...
Больш у Аліка ніводнай роднай душы ва ўсім свеце... Не ведаючы, што рабіць, ён вярнуўся ў бальніцу, дзе яму растлумачылі, што тут не жывуць, а лечацца. Адна Зіначка яго пашкадавала...
Алік з-за яе і вярнуўся. Не такі ён дурненькі, каб не ведаць, што ў бальніцах не жывуць.
— А чаму ты ў Зіначкі пажыць не хочаш?
— Яна з маці ў палутарцы... Куды я туды пайду?
Мне было не да Аліка, зусім не да яго, ды не пакідаць жа хлапчука на вуліцы, маючы ключы ад двухпакаёвай кватэры, у якой жыве адзін сабака.
— Пайшлі са мной... Сабак не баішся?
— Куды вы яго?.. У сабачнік? — наскочыла Зіначка, нібы я выкрадаў у яе Аліка. Вось жа характару колькі ў такой малечы...
Читать дальше