Спадар Шукялойць запрашае мяне ў стары iрляндзкi рэстаранчык «McSorley’s Old Ale House» на 7-й вулiцы. Мiлосьнiкi тутэйшага элю нядаўна адсьвяткавалi 125-годзьдзе ягонае хмельнае таямнiцы. Самой карчомцы два разы па семдзесят. На ўваходзе наведнiка сустракае паведамленьне, якое ў вольным перакладзе гучыць так: цябе яшчэ не было на сьвеце, а мы тут ужо добра сядзелi. Дамiнанты iнтэр’еру — разьмешчаная пасярод залi вялiзная печка кшталту буржуйкi ды аўтэнтычныя аб’явы аб пошуку забойцы Аўраама Лiнкальна (1865 год) з прызавым фондам $50 000.
За кепска пагабляваным сталом вы мусiце выпiць прынамсi два кухлi бясспрэчна цудоўнага элю. Найпапулярнейшая закусь — ружовая настружаная ялавiчына з адваранай бульбай, добра ўтушанай капустаю й кавалкам масла. Гарнiр прымушае ўспомнiць частыя цяпер у беларускiм асяродзьдзi параўнаньнi з Iрляндыяй. «Бульбяныя» аналёгii, што праўда, выглядаюць больш пераканаўча за палiтычныя. Гэта падкрэсьлiвае й партрэт першага прэзыдэнта незалежнай Iрляндыi, якi вiсiць тут з часу яго абраньня. Вы можаце ўявiць, што ў дзьве тысячы нейкiм годзе дзе-небудзь у менскiм цi давыд-гарадоцкiм шынку сьцяну будзе ўпрыгожваць партрэт першага прэзыдэнта Беларусi? Немагчыма ўявiць i тое, каб эмiграцыя ў вынiку страты незалежнасьцi набыла ў нас калi-небудзь такiя сумеры, як у Iрляндыi, насельнiцтва якой паводле перапiсу 1821 году складала 6 мiльёнаў 800 тысячаў, а ў 1970 — 2,9 мiльёна. Аднак ня трэба лiшне драматызаваць i нашае становiшча. Дасьведчаныя людзi сьцьвярджаюць, што па-iрляндзку ў Рэспублiцы Эйрэ гаворыць, у лепшым разе, у дзесяць разоў меней грамадзянаў, чым у сёньняшняй Беларусi па-беларуску. Калi гэта можа нас суцешыць, дык мы не самотныя...
Але да вядомай Багушэвiчавай формулы такую мэтафiзыку не зьвядзеш. Мо варта ўдакладнiць: шмат было такiх народаў, што найперш страцiлi дзяржаўнасьць сваю?.. Напрыклад, шатляндцы. Побач зь iхняй нашая моўная сытуацыя дык наогул выглядае блiскуча. Апрача таго, нiякi, нават папяровы, сувэрэнiтэт iм у блiжэйшыя дзьвесьце-трыста гадоў не пагражае. Карацей, бяз новага кухлю элю тут не разьбярэсься.
На бэльцы над намi прышпiленая добрая сотня значкаў зь дзяржаўнымi сьцяжкамi. Беларускага няма. Няўжо па дарозе ў прыбiральню яго зьняў якi-небудзь заблукалы сюды «вэртыкальшчык»? Афiцыянт-iрляндзец мае iншае тлумачэньне: беларускія значкi часта крадуць людзi з разьвiтым эстэтычным пачуцьцём. Значыцца, у героя нашае вэрсii поўнае алiбi.
Калi ўстанове 140 гадоў, тут мае гiсторыю нават прыбiральня. Рэч у тым, што да самага канца 70-х гадоў (нашага стагодзьдзя) «McSorley’s» разам зь яшчэ дзьвюма нью-ёрскiмi пiўніцамi быў адчынены выключна для мужчынаў. Фэмiнiсткi вялi зацятую барацьбу за свае правы, i нарэшце новы лiбэральны мэр гораду здолеў пратаранiць кругавую абарону: у «McSorley’s» урачыстым маршам увайшоў першы аддзел заўзятых аматарак добрага старога элю. Пасьля парачкi выпiтых пераможцамi кухляў згуртаваныя вакол гаспадара заўсёднiкi-мужчыны зларадна назiралi амаль панiчнае адступленьне трыюмфатарак на зыходныя пазыцыi: жаночай прыбiральнi ў рэстаране не існавала. Прычым яе ня проста не было: з парады адвакатаў гаспадар накiраваў у мэрыю складзеную ў вытанчаным стылi паперу, што, маўляў, дзеля поўнага забесьпячэньня роўных правоў прадстаўнiцы цудоўнай паловы чалавецтва могуць наведваць ня толькi агульную з мужчынамi рэстарацыю, але і яе агульную прыбiральню. Змаганьне ўвайшло ў новую фазу. Пра зьмест лёзунгаў здагадацца даволi лёгка.
Суайчыньнiц, якiм, магчыма, заманецца сюды трапiць, хачу папярэдзiць: не хвалюйцеся — сёньня дыскрымiнацыя паводле палавой прыкметы ў «McSorley’s» канчаткова пераможаная.
1.07.Разьвiтальны шпацыр па Мангэтане пачынаецца ад аздобленага мэмарыяльнай дошкаю сучаснага будынку №20 на Broad Street. Тут стаяў дом, дзе ў 1659 годзе эмiгрант зь Вялiкага Княства Лiтоўскага Аляксандар Куртыўс заснаваў першую каталiцкую школу Новага Амстэрдаму. Як высьветлiў Вiтаўт Кiпель, да прыезду ў калёнii доктар Куртыўс меў беларускае прозьвiшча Карчэўскi і настаўнiчаў у Полацку ды Вiльнi. У Нью-Амстэрдаме ён выкладаў так званую «рускую» мову сваёй радзiмы і чытаў курс лацiны.
Паблiзу знаходзiцца iншая славутасьць — старадаўнi рэстаран з Доўгай Заляй («The Long Room»), што была сьведкаю разьвiтальнага банкету Джорджа Вашынгтона й ягоных афiцэраў пасьля здабыцьця незалежнасьцi. Каля гэтых сталоў зь печаным iндыком i зялёнымi ды белымi графiнамi непазьбежна задумаесься: калi, дзе і зь якiмi дзейнымi асобамi адбудзецца такi банкет у нас? I зь якой нагоды: канчатковай заваёвы незалежнасьцi цi яе канчатковае здачы?
Читать дальше