А побач з маiм улюбёным «Зялёным скрыпачом» здараецца штосьцi трансцэндэнтнае — на рукаво маёй тэнiскi апускаецца i ўпэўнена залазiць у кiшэню кароўка-багоўка.
Кiм жа была ў сваiм мiнулым увасабленьнi ты? Па залях Мэтраполiтэн-музэю зь ягоным цалкам перанесеным праз акiян эгiпецкiм храмам мы падарожнiчаем ужо ўдваiх.
У бруднаватым i цесным нью-ёрскiм сабвэi я даю сваёй кiшанёвай спадарожнiцы беларускае iмя, а выбраўшыся на вольнае паветра, паказваю ёй лёгкiя самалёцiкi, што цягаюць па небе рэкляму з нанiзаных на тросiкi лiтараў. Можа, яна хоча палётаць разам зь iмi? Не, яна хоча разам са мной на вячэру да Юлi Андрусiшынай, мацi сьпевака Данчыка, якi цяпер ходзiць па праскiм бруку Старамескага пляцу або п’е каву на тэрасе зь вiдам на Карлаў мост, дзе мáе рэальныя шанцы сустрэцца з маёй зданьню.
Незаплянаваны прыпынак: насупраць мяне на пляскатым даху прысадзiстага дому стаiць помнiк Уладзiмеру Iльлiчу Ленiну. Балючы ўшчык нiякiх iстотных зьменаў у краявiдзе не выклiкае. Iльлiч па-ранейшаму стаiць, хоць i паказвае не на вiна-гарэлачную краму, як зазвычай бывае ў нас, а на падазроныя вiтрыны з голымi прыгажунямi. Спадар Шукялойць тлумачыць: з прычыны дзiкае настальгii помнiк прывезьлi i ўсьцягнулi на дах яшчэ савецкiя эмiгранты. У гэты момант мяне наведвае надзвычай выразнае разуменьне, што я — ня тая расьлiна, якая зможа прыняцца на гэтай зямлi, нават калi перавезьцi сюды ўсе беларускiя помнiкi правадыру i на кожны ўсьцягнуць па бусьлянцы. Пасадзiўшы багоўку на далонь, я паўтараю ёй усё гэта ўголас. Мая вандроўнiца сур’ёзна выслухоўвае і супакоена раскрывае крылцы.
30.06.У славянска-балтыйскi аддзел Нью-Ёрскае публiчнае бiблiятэкi, дзе працуе Зора Кiпель (сярод безьлiчы iншых клопатаў яна выдала ў сваiм ангельскiм перакладзе беларускую «Аповесьць пра Трышчана»), варта наведацца хаця б дзеля таго, каб спраўдзiць словы менскага калегi, якi сьцьвярджаў, што колькi гадоў таму кампутар выдаў яму тут даведку з дадзенымi жыцьцяпiсу, бiблiяграфiяй i паведамленьнем пра тое, што ў яго, калегi, «няма вершаў пра партыю». Тым, каго хвалююць такiя рэзюмэ заакiянскiх дасьледнікаў, магу з усёй пэўнасьцю сказаць: складалi вы вершы гэткага кшталту цi Бог лiтаваў — кампутар дасьць вам адно даведку пра наяўнасьць вашых кнiжак у бiблiятэках ЗША і нi слова болей. Таму супакойцеся й знайдзiце на турыстычнай мапе «The Museum of Modern Art».
Мастацкiм эпiграфам да ўсёй гiсторыi XX стагодзьдзя ўспрымаецца там датаваная 1913 годам карцiна нямецкага экспрэсiянiста Франца Марка «Карова»: велiчэзная чырвоная жывёлiна, у чэраве якой пасецца на поплаве пакуль яшчэ ружовы бычок, якi неўзабаве народзiцца й залье сьвет крывёю. Крывавая аўра твору настолькi моцная, што вы з палёгкаю ўдыхнеце сьвежасьцi, якой вее ад шагалаўскiх сумётаў з старым габрэем над зiмовым Вiцебскам. (Як выказаўся некалi адзiн савецкi мастацтвазнаўца: «евреи, да еще и летают — нам такое искусство не нужно».) На музэйным подпiсе будзе пазначана: «French, born Belarus», што наўрад спадабалася б паэту А. Вазьнясенскаму, якi, гаворачы пра Шагала, любiць згадаць «древний российский Витебск».
Створаны ў 1917-м «Вялiкi мэтафiзык» Жоржа дэ Кiрыко. Мастацкiя практыкаваньнi дадаiста Курта Швiтэрса прыводзяць на памяць прысьвечаны мастаку манумэнт у яго родным нямецкiм Гановэры, — колькi ўзгрувашчаных адзiн на аднаго кантэйнэраў з сабраным на гарадзкіх вулiцах сьмецьцем, прычым сабраным ня проста так, а ў пэўныя днi пэўных гадоў, што акуратна пазначаныя на кантэйнэрах удзячным скульптарам.
Каля палотнаў i аб’ёмных кампазыцыяў Далi хочацца паразважаць над вэрсiяй, паводле якой пасьля фiзычнае сьмерцi мастак трапляе ў сьвет вобразаў, створаных iм у зямным жыцьцi. Калi гэта сапраўды так, дык той сьвет абстракцыянiста Джэксана Полака (як i беларуса зь Дзьвiнску Марка Роткi) будзе суладны, але досыць правiнцыйны: нi вялiкiх мастурбатараў, нi Нарцызавых мэтамарфозаў, нi дасканалых жаночых формаў, няхай сабе й напоўненых канцылярскiмi шуфлядкамi. Напэўна, на тое, каб трапiць у сьвет сваiх вобразаў, заслугоўваюць i лiтаратары. Адаму Глёбусу, магчыма, будзе карысна блiжэй пазнаёмiцца з героямi ягонага «Дамавiкамэрону». А якiя сустрэчы могуць надарыцца ў Сьмiлавiчах, Лельчыцах i Вушачах у паэта Б. Спрынчана! Калявадаёмныя «хищники», чалавек у прастрэленым палiтоне, першы прэзыдэнт РБ...
Пацепваючыся ад народжанага раптам недзе за каўняром халадку, вы пераходзiце да здабыткаў сюр- i iншых рэалiстаў. Цiкава, якую ацэнку даў бы гэтым творам галоўны мастацтвазнаўца вашай краіны? Напрыклад, «Падарунку» Мана Рэя (чорны прас з хiбам прылiтаваных да плоскасьцi цьвiкоў)? Гэта ж элемэнтарна: наклаў у хамяковую клетку цукру-рафiнаду або начапiў на кiвач выразанае з фоткi чалавечае вока — i твор гатовы. I Рэнэ Магрыт — туды сама! Ну якi гэта «Партрэт»: «гусак» зь вiном ды талерка з амлетам, зь якога на вас зь цiхiм дакорам глядзiць чыёсьцi вока? Але — вось загадка! — усе гэтыя iдэйна шкоднiцкiя, антыэстэтычныя i несумненна антынародныя экзэрсісы — хоць ты засiлься — уражваюць i нараджаюць асацыяцыяў незьмерна болей за, скажам, высоканародныя творы народнага мастака М. Савiцкага.
Читать дальше