Пад роўны гуд кандыцыянэру спадарыня Ганна частуе печанымi яблыкамi і сьвежым вiнаградам, i ў яе ўваччу паўстае Вiцебск тых часоў, калi ваяўнiчыя бязбожнiкi паказвалi ў музэi мошчы Сьвятой Эўфрасiньнi, Вiцебск, дзе, пачуўшы машыну, на iхняй вулiцы нiхто ня спаў, бо ўначы па горадзе езьдзiлi адно варанкi, Вiцебск, дзе яна працавала да замужжа тэлеграфiсткай, i, калi аднойчы ў тэлефоне нехта прамовiў «гут, гут», яе таго ж вечара дапытваў сьледчы, якi на адвiтаньне сказаў: «Приходите к нам почаще». У тым Вiцебску Юрка Вiцьбiч жыў спачатку зь першаю жонкаю, якая была нiбыта страшэнна раўнiвая i праз рэўнасьць нават хавала мужавы рукапiсы, а яшчэ, мабыць, ня ўмела тушыць бульбу, бо якраз па гэты кулiнарны рэцэпт пiсьменьнiк аднаго разу па-суседзку зайшоў да дачкi супрацоўнiка Вiцебскага архiву Кандрацьева, а потым насупор жончанай рэўнасьцi напiсаў ёй лiст з запрашэньнем прагуляцца, а потым ажанiўся зь ёю й напiсаў у газэту «Вiцебскi рабочы» памфлет пра Гiтлера, у вынiку чаго, калi прыйшлi немцы, Вiцьбiчу з жонкай давялося як найхутчэй зьяжджаць у Менск, хоць потым Юрка i наведваўся ў горад iх маладога шчасьця — каб вярнуць у Полацак мошчы найпадобнейшай Эўфрасiньнi...
Рэшткi некалi вялiкай бiблiятэкi зьмяшчаюцца на трох палiчках. И. Бунин. Жизнь Арсеньева; Неизданный Гумилев; Н. Лосский. Достоевский и его христианское миропонимание; Марк Алданов. Живи, как хочешь; Рыгор Крушына, Вiнцук Адважны, Масей Сяднёў; K. Akula. Tomorrow is Yesterday.
Кладу на стол толькi што факсымiльна перавыдадзеную «Мастацкай лiтаратурай» найлепшую, на маю думку, Вiцьбiчаву кнiгу «Плыве з-пад Сьвятое Гары Нёман». Колер вокладкi акурат такi, як жоўтая гаспадынiна сукенка з дробнымi ружачкамi. Рукi ў фiялетавых жылках пачынаюць дробна трымцець. Што пiшуць апошнiм часам пра яе мужа ў «нашых» газэтах, я не расказваю.
26.06.Прачынаюся ў кватэры спадара Лёвы Высоцкага. Лёву далёка за 80. Вы скажаце, у нас асобныя iндывiды таксама дажываюць. Магчыма. Ня ведаю толькi, што яны робяць, калi нагорнецца сумота. Мой гаспадар у такiм разе сядае ў машыну і гонiць за сто міляў у найблiжэйшае казiно ў Атлянтык-Сiці.
Сёньня ў вакно да спадара Лёвы зноў заляцеў вецер вандраваньняў, а таму мне засьвяцiла паездка на беларускi курорт «Менск». «Нейкiя дзьве-тры гадзiны, затое якая дарога: горы, а ўнiзе — рака», — спакушае аматар рулеткi.
Рака завецца знаёма — Дэлавэр. Высокiя горы пачынаюцца не адразу. Пакуль тое, справа і зьлева застаюцца: штаб-кватэра славутай фiрмы «Джонсан i Джонсан»; перакуплены ў сьвятых айцоў кляштар, дзе цяпер спыняецца з гарэмам кароль Марока; былая рэзыдэнцыя мiсiс Анасіс-Кенэдзi і лес, дзе мiльянэры палююць на гаротных лiсiцаў.
Нарэшце на даляглядзе зьяўляюцца горы. Пры дарозе, на беразе возера, стаiць дом iндзейскага правадыра, якога завуць Гром. Каб нiхто з бледнатварых братоў, крый Божа, не памылiўся, аб гэтым нагадвае жоўты шчыт памерам з бульдозэр.
Беларускi курорт падобны да нашых саўмiнаўскiх пансiянатаў. Ёсьць усяго парачка неiстотных адрозьненьняў — тутэйшым паспалiтым людзям пакуль што не прыйшло ў голаў заасфальтаваць лясныя сьцежкi ды зладзiць побач з бабрынымi хаткамi пляж.
27.06.У доме ў мастачкi Галiны Русак найперш уражвае калекцыя iндзейскае керамiкi. Творы спадарынi Галiны я ўжо бачыў i ў Менску, i ў Полацку. Цяпер мне зразумела, адкуль у яе абразах гэтыя нязвычныя эўрапейскаму воку дэкаратыўныя матывы. Маючы ахвоту, iх нескладана знайсьцi i ў яе вобразе Сьвятой Эўфрасiньнi. Урэшце, калi ўзгадаць, што юная Прадслава ведала пра купальлi, русальлi ды каляды зусiм ня з кнiжак i, адрозна ад некаторых расейскiх сьвятых, нiколi не займалася перасьледам паганцаў, нiякай ерасьсю тут i ня пахне.
З кубкам кавы пераглядаю загалоўкi ранiшнiх газэтаў: «Расейскiя генэралы апраўдваюць дзеяньнi спэцназу ў Будзёнаўску»; «Iосiфу Кабзону адмовiлiся даць вiзу ў ЗША» (за цёплыя сувязi з мафiяй); «Стэнаграму сакрэтнай сустрэчы дэмакратаў знайшлi ў вiннай краме»; «Паўтара мiльёна расейцаў — наркаманы»... Гаспадар рэстарацыi Дына Танiэль злавiў карпа вагою 95 фунтаў, а загадчык катэдры афраамэрыканскiх дасьледаваньняў Нью-Ёрскага гарадзкога ўнiвэрсытэту Леанард Джэфрыс пазбаўлены пасады за размовы пра тое, што iталiйцы ды габрэi iмкнуцца зьнiшчыць мурынаў як расу, дзеля чаго некалi фiнансавалi гандаль рабамi, а цяпер кантралююць Галiвуд. Вiдаць, шмат чаго кантралявала i ўсьмешлiвая габрэйка Рыма Данiлаўна Чаркаская (адразу на пяцi здымках), з нагоды заўчаснае сьмерцi якой разам з «Новым Русским Словом» смуткуюць, заняўшы цэлую газэтную паласу, жыхары Нью-Ёрку, Кiева, Таронта, Бярдзянску, Тэль-Авiва i Бабруйску.
Читать дальше