22.06.Афiцыйная сустрэча з «палачанамi». Прысутнiчае дваццаць пяць чалавек плюс пара вавёрак плюс камарэча. Чытаю сваё напiсанае ў 1990-м эсэ «Незалежнасьць — гэта...», якому, вiдаць, з кожным годам наканавана рабiцца ўсё актуальнейшым. Колiшнiх гадаванцаў клiўлэндзкай беларускай школы Вiктара i Джо пiва цiкавiць вiдавочна больш за нашу палiтыку. Нягледзячы на даволi прыстойную беларускую мову, iхняя радзiма — Амэрыка.
Яшчэ адзiн званок у Менск. З нагоды заявак на правядзеньне грунвальдзкiх урачыстасьцяў абласныя прэзыдэнцкiя вэртыкальшчыкi лiхаманкава высьвятляюць, цi не расейцаў разьбiлi пад Грунвальдам нашыя продкi. Пасьля гэткае навiны неапэтытныя калiзii позьняга фiльму жахаў успрымаюцца зь нейкiм асаблiвым настроем i ператвараюцца, так бы мовiць, у алюзii: група рэанiмаваных сатанiнскаю сiлай таварышаў, перапрашаю, — мерцьвякоў захоплiвае гарадзкi крэматорый i заместа спаленьня трупаў запускае iх пасьля адпаведнае апрацоўкi назад да жывых.
23.06.Усе сны былi апанаваныя мерцьвякамi ў розных знаёмых аблiччах. Перакульваючы недаравальна лёгкiя надмагiльныя помнiкi, яны прутка выскоквалi з трунаў, атрасалi з дыхтоўных гарнiтураў зямлю і пачыналi выступаць з дакладамi, сустракацца з працоўнымi, уздымаць сьцягi, езьдзiць зь мiгалкамi, лавiць для сваiх досьледаў прыгожых дзяўчатак i загадваць немерцьвякам пiсаць заявы з указаньнем таго, хто на якой мове хоча гаварыць...
Адмыць сьвядомасьць ад тагасьветнага мярзоцьця, напэўна, здолее толькi Нiягарскi вадаспад, куды вязе мяне на сваiм «траку» прэзыдэнт «Полацку» Янка (ён жа — Джон) Ханенка. Як на амэрыканскiя сумеры, дык падарожжа з разраду недалёкiх — нейкiя 600 мiляў цi трохi болей, бо заедзем яшчэ ў Рочэстэр на полудзень да Натальлi Арсеньневай.
У адзiн цудоўны дзень 1974 году марак савецкага гандлёвага флёту Iван Ханенка ў кампанii двух таварышаў зайшоў у пракляты капiталiстычны супэрмаркет i ў хуткiм часе выйшаў адтуль адзiн, каб заявiць палiцыi, што вырашыў застацца ў Амэрыцы. У нью-ёрскiм аэрапорце яго сустрэне прадстаўнiк Талстоўскага цэнтру князь Галiцын, якi па дарозе ў сваю сядзiбу, да Талстых i Радзянкаў, пачастуе Янку абедам у шыкоўным рэстаране i чамусьці ня выявiць захапленьня, калi на пытаньне пра нацыянальнасьць марак упэўнена адкажа: беларус. (Прыйдзе дзень, калi сярод iншае карэспандэнцыi Ханенка атрымае рахунак за той абед.)
«Цела тут, а душа там, у Беларусi», — пасьля доўгае пярэрвы гаворыць наогул далёкi ад сэнтымэнтальнасьцi Янка.
Мы ўжо круцiмся па вулiцах Рочэстэру, дзе з сынам Уладзiмерам, унучкаю й двума сабакамi жыве легенда нашай паэзii.
Стол сабраны ў садзе пад чарэшняй.
Спадарыня Натальля лiчыць, што паэтаў у беларускай лiтаратуры сёньня меней, чым дваццаць гадоў таму. Прамовiўшы колькi словаў, яна замаўкае, засяроджваецца на нечым сваiм, i тады здаецца, што ў 92 гады чалавек i павiнен углядацца ў iншыя сфэры, а не шчыраваць з гасьцямi. Аднак зьнячэўку гаспадыня падымае сваю шклянку з содавай (але і з глытком вiскi) i кажа саркастычны тост з палiтычнай падкладкаю.
Высьвятляецца, што аўтарка гімну «Магутны Божа» ўглядалася ў маладосьць, у тыя днi, калі ўпершыню пачула беларускую мову. Сям’я вярталася ў 1920-м зь бежанства й затрымалася ў вёсачцы пад Дрысай. Гаспадароў звалi Юркам i Аўдоцьцяй. Уначы Наташа прачнулася ад таго, што за шафай Юрку пацягнула на любошчы, аднак гаспадыня не згаджалася, бо ў хаце былі чужыя людзі: «Ня лезь, а то юшку спушчу!» Асаблiва расхвалявала дзяўчыну сваёй таямнiчасьцю гэтая «юшка».
«Раку пад Дзьвiнскам перахозiлi па лёдзе».
«У Вiленскай беларускай гiмназii адчула: гэта — маё!..»
У 40-м годзе яна iшла з Максімам Танкам, Міхасём Машарам i Айзiкам Кучарам па Менску. Танк загаварыў, i напалоханы Кучар кiнуўся да яго: «Цiшэй, цiшэй! У нас у Менску так гучна гаварыць па-беларуску не прынята!»
Фатаграфуемся на памяць каля кветнiку з валошкамi й белымi лiлеямi (iх вельмi любiла і Ларыса Генiюш).
Арсеньнева доўга глядзiць нам усьлед.
Нам, цi, можа, Беларусi?..
А ў штаце Нью-Ёрк, як i ў беларускiх вёсках пад Полацкам, Дзьвiнскам i Вiльняй, цьвiла бульба. Усьцяж дарогi гандлявалi сухаватымi нясмачнымi трускаўкамi, а з узбочыны сумнымi жаночымi вачыма глядзелi на нас тры сарны.
Па-над кiпеньню вадаспаду пахла шыпшынавай квеценьню. Каля парэнчаў беспардонна цiскаў белую жанчыну чалавек, у якога белымi былi адно штаны. Жанчыне гэта яўна падабалася. Унiзе стаяў параходзiк, якi неўзабаве, няўзнак завярнуўшы на канадыйскую акваторыю, павязе нас пад самую выгбу нiягарскай вясёлкi, дзе ў срэбным воблаку вадзянога пылу мне нарэшце ўдасца канчаткова загнаць зграю начных мерцьвякоў у вiварый i зачынiць iх там на замок разам з усiмi iхнімi чорнымi членавозамi i рэзыдэнцыямi, у навакольлi якiх жывым людзям раяць не падыходзiць бязь пiльнае патрэбы да вокнаў i не рабiць на iх тле нiякiх рэзкiх рухаў.
Читать дальше