18.06.Ваколiцы Вашынгтону нагадваюць краявiды, што плывуць за вакном цягнiка, калi пад’яжджаеш да Вiльнi з боку Новае Вялейкi: зялёныя асмужаныя горы, яры і нават гатычныя сьпiчакi.
Пасьля Нью-Ёрку горад выдае правiнцыйным — не раўнуючы, як пасьля Менску наш Слуцак. Беларускае пасольства на вулiцы Нью-Гэмпшыр, 1619. Кажуць, тры днi таму пасол Мартынаў загадаў спусьцiць бел-чырвона-белы сьцяг. Ня ведаю, хто загадаў яго падняць зноў, але я фатаграфуюся пад тым самым сьцягам, якi ў верасьнi 1991-га мы з Сокалавым-Воюшам ды iншымi нацыяналiстамi вешалi над Полацкiм гарсаветам i якi, будзьце пэўныя, мы раней цi пазьней павесiм iзноў.
Праз пару кварталаў вулiца перакрытая палiцыяй: дэманстрацыя сэксуальных меншасьцяў. Наперадзе гурма жыцьцярадасных гомасэксуалiстаў зь вясёлым гiканьнем цягне зладжанага з блакiтных i бэзавых паветраных шарыкаў даўжэзнага, ярдаў на пятнаццаць, цмока. Шчыльнымi шыхтамi праходзяць стройныя хлопцы ў жаночых сукенках. Газуюць у бок Белага дому актыўныя лесьбiянкi на зiхоткiх «Ямахах» i «Хондах». Прагарцавала тройка мазахiстак, запрэжаных у вазкi з сваiмi садысткамi. Туга падперазаўшыся навюткiм калючым дротам, засяроджана прадэманстравалi мужчыны-мазахiсты ў сталёвых аброжках з кольцамi для ланцугоў. На ўзьбярэжжы гэтай бясконцай ракi гетэрасэксуальны глядач трапляе ў абладу непрытульнага адчуваньня, што сэксуальная меншасьць — гэта не дэманстранты, а ён сам. Каб пазбыцца дыскамфорту, публiка пачынае адпускаць зьняважлiвыя рэплiкi наконт таго, што вашынгтонская працэсiя — дрымучая самадзейнасьць. Маўляў, сапраўднае сьвята «блакiтных» будзе сёньня ў Нью-Ёрку: там i алiмпiйскi чэмпiён у скачках у ваду Грэг Луганiс, i таварыства садамазахiстаў iмя Ўленшпiгеля, i нацыянальныя калёны гасьцей з усiх куткоў сьвету.
(Вечаровыя тэлепраграмы цалкам пацьвердзiлi прагнозы. Унiз па нью-ёрскай Пятай авэню ехалi ахвяраваныя пiваварным канцэрнам «Мiлер» плятформы з маляўнічымі жывымі кампазыцыямі, маршавалi блакiтныя аддзелы вайсковых вэтэранаў i палiцэйскiх чыноў, сiвенькая бабуля чыкiляла пад лёзунгам «Госпад блаславiў мяне двойчы: сын — гомасэксуалiст, дачка — лесьбiянка...» Расейскi нацыянальны кантынгент рухаўся перадапошнiм, ззаду заставалiся толькi палякi. Сьвята набыло такое разгарненьне, што газэта «Новое Русское Слово» пiсала: «Городские власти дали голубым потачку и позволили им маршировать мимо собора Св. Патрика, где от демонстрантов ожидали выходок типа прошлогодних и заготовили поэтому охапки пластиковых наручников и стопки желтых одеял для немеденного покрытия оголившихся. Когда мы подошли к собору, там было столько полиции, как будто приехал папа римский или Клинтон; если бы у Зимнего было столько ментов в октябре 1917-го, всем нам не пришлось бы мучиться на чужбине».)
Ня выключана, што вам, як i мне, калi-небудзь таксама ўмроiцца кiнуць вока на залю Вярхоўнага Савету РБ, дзе прымалi Канстытуцыю, зьбiвалi дэпутатаў ад апазыцыi ды нацiскалi кнопкi за аднаўленьне «праздника Великого Октября». Як той казаў, i хочацца, i рагочацца: на шляху ў цьвярдыню нашае дэмакратыi паўстане трайная заслона спрактыкаваных у яе абароне бамбiзаў. А вось у будынак амэрыканскага сэнату кожны — абы ахвота — зойдзе без усякiх прапустак, спэцдазволаў i татальных шмонаў. Нагледзеўшыся ў кулюарах на парадныя партрэты і бюсты тамтэйшых прэзыдэнтаў, вы прысядзеце на бальконе залi паседжаньняў i паразважаеце, хто і калi станецца героем i аўтарам першага такога партрэту ў Рэспублiцы Беларусi.
Нягледзячы на тое, што ў гады студэнцтва мне давялося ўдзельнiчаць у крутой разборцы з мурынамi, я так i не зрабiўся перакананым расiстам. Таму маё сьведчаньне будзе больш каштоўнае, чым у якога-небудзь ку-клукс-кланаўца: калi вы раптам заўважыце, што вакол брудна, што ходнiкi густа запляваныя, а з будынкаў абсыпаецца тынк, што жанчын не прапускаюць наперад, а на другiм пляне кагосьцi прыцiскаюць да сьцяны — ведайце, што трапiлi ў чорныя кварталы. Там белыя не жывуць i бяз скрайняй патрэбы стараюцца не зьяўляцца.
Вяртаючыся з Вашынгтону, зварочваем з аўтастрады ў Балтымор, дзе на паркiнгу каля затокi машына з мурынамi, iгнаруючы доўгую чаргу, сходу заяжджае на вольнае месца, i тэма дачыненьняў чорных i белых атрымлiвае працяг. У прыватнасьцi, я даведваюся пра iснаваньне ў Балтыморы раёну пад назовам Little Italy (Маленькая Iталiя), якi тутэйшыя мурыны абыходзяць за мiлю, бо апрача звычайнай палiцыi сваю службу бясьпекi мае там i Коза Ностра. У якасьцi доказу яе эфэктыўнасьцi мне прапануюць чульлiвую гiсторыю пра трох залётных чарнаскурых, якiя праз трагiчную недасьведчанасьць нядаўна абрабавалi ў Маленькай Iталii ўтульны рэстаранчык, а за адным разам — каб не прападала дабро — згвалцiлi гаспадарову дачку. Нiхто з пацярпелых i ня думаў зьвяртацца ў палiцыю. Але праз колькi дзён на хвалях затокi цiхамiрна пагойдвалiся тры добра прасмаленыя бочкi. Хто плыў у бок акiяну ў меру пасолены i паперчаны (перапрашаю за гастранамiчную дэталь), вы ўжо здагадалiся.
Читать дальше